Не хочу мерить свою любовь к детям конкурсами и концертами

“Ірына Анатольеўна! Мы шчаслівыя, што стаім пад Вашымі дзвярыма. Дзякуючы Вам мы нарэшце сустрэліся. Нават дождж плача ад таго, што Вас няма дома, і толькі таму. А можа, яшчэ і ад таго, што камарыкі ў пад’ездзе. Смачненькае нам давядзецца падзяліць на дваіх. Мы яшчэ абавязкова сустрэнемся. Наша песенька яшчэ не спета. Іра. Веста. 4.07. 03”. І подпісы. І маленькі сціплы букецік, намаляваны шарыкавай ручкай на кавалачку ліста са сшытка ў клетачку…

75Вось, уласна кажучы, і ўсё. Гэтым сціплым вучнёўскім прызнаннем у любові, нібы шматкроп’ем, заканчваецца нечакана чырвоны тоўсты агульны сшытак з сінімі карункамі на вокладцы, які папрасіў я пагартаць у Ірыны Рамашкі, настаўніцы і музычнага кіраўніка з гімназіі. Не ведаю, магчыма, там, у фондах гімназіі, сабраны і захоўваюцца ўсе дыпломы, граматы, прызы, якія заслужылі яе таленавітыя сцэнічныя дзеці. І ўзнагарод, відаць, шмат. Усё ж дваццаць гадоў на сцэне, гэта вам не хухры-мухры. Ды яны мяне, прызнацца, цікавяць меней. Што такое граматы, дыпломы? Папера, хоць і глянцавая. Тым болей, вось і сама Ірына Анатольеўна піша: ”Не хачу мераць сваю любоў да дзяцей конкурсамі і канцэртамі. Ёсць штосьці больш дарагое. Хачу толькі сказаць, што наша даўняе сяброўства трымаецца на ўзаемаразуменні і ўзаемадапамозе. Сябры пазнаюцца ў бедах і радасцях. Гэта пра нас”.
Сціплы агульны сшытак, спісаны гусценька ад рукі настаўніцай, і маленькая нататка ад яе выпускнікоў мне расказалі пра клуб аўтарскай песні “Пастараль” болей, чым бы якія суперскія мультымедыйныя прэзентацыі. Бо не ўсё золата, што блішчыць. І было б вельмі добра, каб сапраўды не конкурсамі і канцэртамі, не граматамі і дыпломамі, не баламі і адзнакамі вымяралася творчая праца настаўніка. Ёсць у жыцці нешта большае — настаўнік лепіць дзіцячыя душы, ён вучыць дзяцей жыццю. А гэта нялёгкая чарнавая канкрэтная работа, якая не паддаецца матэматычным выкладкам і ацэнкам. Так што галоўнае — не перашкаджаць яму…
Ірына Анатольеўна не памятае ніводнай даты, што тычыцца яе “Пастаралі”. Кажа, што ёй здаецца, нібыта ўсё было ўчора. Вось ужо сапраўды «счастливые часов не наблюдают». Ды і пра падзеі распавядае так, як бы я пра ўсё сам даўно ведаю — ні паслядоўнасці, ні храналогіі — адны эмоцыі і пачуцці. Добра яе разумею, бо калі б сам расказваў пра нешта надзвычай дарагое сэрцу — усё выглядала б менавіта так.
Якая тут логіка, калі “Пастараль” — гэта не проста школьны калектыў (клуб аматараў аўтарскай песні), а найперш вялікі згустак эмоцый і пачуццяў, дзе настаўнік і дзеці — у адным творчым клубку. І разблытаць гэты клубок па нітачках ды раскласці ўсе нітачкі па палічках амаль немагчыма.
А сабраліся яны ўпершыню разам другога сакавіка 1997 года. Гэты факт з дзённіка. Выходзіць, ім ужо дваццаць. Як гэта было? Цяпер ужо дакладна не скажаш. Бачым толькі, як святкавалі пяцігоддзе ў дзве тысячы другім — дружным, цёплым гуртом, ля сямейнага агменьчыку, бо шмат прыйшло і бацькоў на сустрэчу. Дзеці падрыхтавалі бацькам, акрамя музычнага сюрпрызу, святочны торт. А тыя таксама прыйшлі не з пустымі рукамі. Атрымаўся багаты стол. Ірына Анатольеўна працытавала Станіслава Лема: “Сёння я жыву ў заўтрашнім дні ўчарашняга…” Так і прайшоў іх першы юбілей — у спалучэнні сённяшняга і ўчарашняга. Успаміналі, хваляваліся, марылі.
Так і прабег — ад учора, праз сёння, у заўтра — іх творчы цягнік. Дык як жа ўсё пачыналася?..
…Ірына нарадзілася ў Лепелі. Бацька верталётчыкам у Заслонаве служыў. Дзяўчынцы не было і году, калі сям’я з’ехала ў Сібір. А потым быў Саратаў, дзе пайшла ў школу. Малая любіла вышываць танюсенькімі шаўковымі ніткамі. Бабуля вышывала крыжыкам, а Іра пасля гладдзю навучылася. У Ташкенце закончыла інстытут культуры, рэжысёрскі факультэт. Ездзілі ў будатрады, на бавоўну. Менавіта там і навучылася дзяўчына на гітары іграць. Яшчэ ў дзяцінстве, у музычнай школе, асвоіла і фартэпіяна. А бацька вельмі добра на гітары іграў, ведаў шмат песень Высоцкага. Спяваў і на італьянскай, і на рускай. З маці любілі дуэтам спяваць, на два галасы, Іра ад іх навучылася. Пасля працавала ў гарадскім Палацы культуры.
74
На Лепельшчыне апынулася напрыканцы дваццатага стагоддзя. Крыху папрацавала музычным кіраўніком у першым дзіцячым садзіку, затым уладкавалася ў СШ №2.
А нарадзіліся яны ў “Краіне Дэльфініі”. Першым творчым хрышчэннем для клуба аўтарскай песні “Пастараль” стаў менавіта спектакль з такою назваю, які прайшоў у маі дзевяноста восьмага.
“Асновай задумкі спектакля стала найвыдатнейшая кніга Юрыя Візбара “Я сэрца пакінуў у сініх гарах”, — напіша ў дзённіку Ірына Рамашка. Удзельнічалі дзеці з пятага па адзінаццаты клас. Сярод іх і выпускнікі школы Андрэй Рогаў, Алеся Памалейка, Таня Сінёва, Ірына Цішкевіч, якія ўжо вучыліся ў ВНУ. “Мы спяваем вершы”, — кажуць пра сябе дзеці. Спявалі вершы Булата Акуджавы, Уладзіміра Высоцкага, Юлія Кіма… Спявалі і сваё.
З гэтага ўсё пачыналася… Першапраходцамі “Пастаралі” былі Алена Марозава, Дзмітрый Ганчарэнка, Веста Бельская, Ірына Ляйко, Вольга Жарнасек, Вольга Аксяновіч, Аляксей Качмар, Таццяна Жураўлёва, Андрэй Шаура, пазней — Раман Носік, Леанід Плігаўка, Насця Кузняцова, Сяргей Карабань і іншыя. Асабліва прыемна было сустрэць у дзённіку Ірыны Рамашкі яшчэ адно імя. Аказалася, адным з яе паплечнікаў і “правай рукой” у першыя гады дзейнасці клуба быў мой добры знаёмы і сябар Аляксандр Аўтух. Мы пазнаёміліся і пасябравалі з Сашам, калі ён ужо хадзіў у тэатральную студыю “Трыяда” ў Цэнтр дзіцячай творчасці да Вольгі Маханенка. Вельмі цікавы чалавек, просты і добры душою, зычлівы і адказны, творчы, весялун і прагматык, рамантык і гумарыст. Я і не ведаў, што да “Трыяды” ён ужо прайшоў школу калектывізму ў “Пастаралі”. А вось як піша пра яго Ірына Анатольеўна: “Валодае добрым пачуццём рытму, добра іграе на гітары. Без яго мы ўжо не ўяўляем свайго клуба. Перад канцэртам толькі ён можа нас супакоіць і развесяліць… Ён заўсёды выратуе, прыйдзе на дапамогу, будзе побач у цяжкую хвіліну і проста побач памаўчыць. Гэта наша душа”.
А потым была штодзённая карпатлівая праца і доўгія гады сцэнічнага жыцця — надзвычай плённыя гады. Гледачоў прываблівала шчырасць і адданасць песні на раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах. Напрыклад, у 2005-м былі запрошаны ва Украіну на 11-ы Міжнародны фестываль патрыятычнай песні “Перавал”, які праходзіў у г. Арджанікідзе Днепрапятроўскай вобласці. Колькі разоў удзельнічалі і ў Міжнародным фестывалі “Афганістан баліць у маёй душы” ў Віцебску. Яны адзін за адным “пакаралі” фестывалі “Маладыя галасы”, “Пярэсты свет”, “Срэбная струна”, адкрывалі для сябе “Астравы” ў дзевяноста дзявятым і дзве тысячы другім. Разам з іншымі дапамагалі ўстанаўліваць пяць помнікаў загінулым героям мінулай вайны на месцах няўлічаных пахаванняў у Бешанковіцкім раёне.
Як на крылах, ляцелі пастаралеўцы ў госці да сваіх сяброў з гэткага ж самага клуба аўтарскай песні “Арфей” у Віцебск…
22-2
Немагчыма нават пералічыць усе падзеі іх бурлівага творчага жыцця, узгаданыя ў чырвоным сшытку з сінімі карункамі. Толькі пералічыць. Аднак гэта ж усё трэба было пабачыць, перажыць, перастварыць! Амаль інтымная споведзь захопленых і паяднаных агульнаю справаю людзей. Тут бы хапіла матэрыялу для цэлага цыкла асобных нататак пра гэты творчы калектыў.
Як не сказаць колькі слоў і пра Вікторыю Рамашку. Матчына надзея, гордасць. Дзяўчынка вырасла ў “Пастаралі”, спазнала тут горыч расчараванняў і трыумф поспехаў. Збылася матчына мара — зараз яны ўжо даўно і стала разам выступаюць на сцэне. Віка спявае яшчэ з дзіцячага садзіка, цудоўна іграе на фартэпіяна, чытае вершы, валодае сцэнічным майстэрствам. У поспехах дачкі бачыць Ірына Рамашка свой творчы працяг. Значыць, недарэмна прайшлі-праляцелі гэтыя дваццаць гадоў.
Быў час, калі, здавалася, яны спыніліся… Нездарма ж і дзённік Ірыны Анатольеўны літаральна абрываецца ледзьве не на паўслове, і далей пужаюць пустатою незапоўненыя, белыя старонкі чырвонага сшытка. Можна было падумаць, што нешта здарылася. Неахвотна тлумачыць прычыны і сама настаўніца. Усё ж прагаварылася. Аднаго з вучняў яе, пастаралеўцаў, раптоўна не стала. Пасля гэтага яны доўга не маглі заспяваць. Ахвотна веру.

І толькі гады два-тры таму пакрысе сталі зноў адраджацца. Цяперашняя “Пастараль” у гімназіі — паняцце значна шырэйшае, чым проста клуб аматараў гітары і песні. Гэта шырокая сфера работы музычнага кіраўніка: тут і песні, і танцы, і конкурсы, і іншыя масавыя школьныя мерапрыемствы. І гэта ўжо тэма асобнай гаворкі. Аднак па-ранейшаму са сцэны ў гімназіі гучыць і гучыць гітара. І ў тым гучанні — рэха вялікай-вялікай любові і павагі паміж настаўнікам і вучнямі, паміж артыстамі і гледачамі. “Любіць — каб пісаць і спяваць? Ці спяваць і пісаць, каб любіць? Вось вечны дыялог таго, хто спявае і хто слухае. “Спявайце разам з намі”, — заклікаюць удзельнікі клуба. “Спявайце пра любоў… Пра любоў да маці, зямлі, прыроды, да жыцця”, — напісана на першых старонках чырвонага сшытка з сінімі карункамі. І гэтыя радкі гучаць зараз як урок-запавет пакаленням наступным.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Ірына Рамашка; “пастаралеўцы” — у розныя гады.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>