В свое время сюда приглашали специалистов из Полоцкого университета

— А што робіш, Аня, калі не займаешся матэматыкай?
Спытаўся не проста так, дзеля “праздного любопытства”. Усё ж цікава, чым жывуць нашы лепшыя школьныя “алімпійцы”, спусціўшыся з “алімпійскіх вышыняў”.
— Чытаеш што-небудзь?
— Чытала, пакуль не зламалася кніга…
Аказалася, што ў іх усё тыя ж праблемы, як і ў любога іх сучасніка, інтэлектуальнага, вядома. Гэта мы маглі зачытаць кніжку да дзірак, замасліць пальцамі старонкі, парваць урэшце пераплёт пад час чытацкіх жарсцяў. Іх жа кніжкі ламаюцца, як і любая бытавая электронная тэхніка. О, электронны час, о віртуальныя норавы!
— Добра, зламалася кніга. Што робіш далей, чым рукі займаеш?
— Рабіць можна шмат чаго, быў бы час. Рабіла на Новы год падарункі родным. Сшыла бабулі чахлы на крэслы, маці падарыла футарал для акуляраў, а тата атрымаў цацку — ката.
— Вось гэта здорава! І рукі твае майстравыя.
— Ну не так жа, як маці ці бабуля, тыя майстрыхі. Зрэшты, маці лічыць, што займацца рамёствамі ў наш час непрактычна.
— І таму летам цябе адправілі ў школьную будаўнічую брыгаду фарбаваць ножкі сталоў?
— І то хлеб! А фарбаваць, між іншым, цікава. І грошай крыху зарабілі.
— Яно так, але якое гэта мае дачыненне да навукі, куды ты імкнешся?
— А я не ў навуку імкнуся. Хопіць нам аднаго брата, той паступіў у БДУ і будзе фізікам. А я пайду на факультэт прыкладной матэматыкі, на спецыяльнасць “актуарная матэматыка”. Гэта праца не навуковая, а практычная — у банкаўскай сферы, у карпаратыўных фірмах і г.д.
Ну, вось мы нікуды і не дзеліся, прыйшлі да размовы пра галоўны занятак Ані, пра царыцу навук — матэматыку.
36Справа ў тым, што адзінаццацікласніца з гімназіі Ганна Ганчар вось ужо чатыры гады запар удзельнічае ў абласных алімпіядах па матэматыцы і двойчы займае прызавыя месцы. Што такое абласная алімпіяда па матэматыцы, лепей раскажа яе настаўніца Святлана Січэнка. Святлана Яўгенаўна, між іншым, выпускніца гэтай жа школы, у якой зараз і працуе, і вучаніца легендарнай Аляксандры Фёдараўны Занько. Падрыхтавала не адзін дзясятак алімпіяднікаў, сярод якіх былі і ўдзельнікі рэспубліканскага этапу. Святлана Січэнка мае велізарны досвед выкладання “царыцы навук”, пяць гадоў прымала ўступныя экзамены ў Полацкім універсітэце і г.д.
Алімпіяды па матэматыцы — гэта матэрыял цалкам па-за школьнай праграмай. Гэта значна вышэйшы ўзровень. Больш таго, Святлана Яўгенаўна кажа, што там большасцю задачы аўтарскія. А гэта значыць, што рашэнне павінна быць такое, якім уяўляе яго сам аўтар. Прызнацца, для мяне гэта таксама было нечаканасцю. Як пісьменнік, я ведаю, што такое аўтарскі тэкст і аўтарскія знакі прыпынку, якія не паддаюцца ніякай граматычнай логіцы. Як жа можа быць алагічнай такая дакладная навука, як матэматыка! Такім чынам, часта рашэнне задач не мае агульнай сістэмы. Так што матэрыял для падрыхтоўкі быццам і ёсць, а вось сістэмы бракуе.
Між тым у Віцебску існуе спецыяльная матэматычная школа Волкава. Гэты чалавек спецыялізуецца на падрыхтоўцы алімпіяднікаў, рыхтуе іх сістэмна, як кажуць, і ўдзень, і ўначы. Таму прабіцца ў лідары вучню з правінцыі надзвычай складана. Тым больш важкімі падаюцца поспехі нашых алімпіяднікаў. Можа, па колькасці набраных балаў матэматыкі выглядаюць і не так бліскуча, як, напрыклад, удзельнікі алімпіяд па іншых прадметах, ды якая за гэтым стаіць тытанічная праца! У гімназіі грунтоўна падыходзяць да падрыхтоўкі вучняў на ўзроўні, вышэйшым за школьную праграму. У свой час сюды запрашалі спецыялістаў з Полацкага ўніверсітэта. Яны чыталі лекцыі, праводзілі практычныя заняткі. Праўда, зараз фінансавыя магчымасці навучальнай установы сталі больш сціслымі.
Рыхтаваліся настаўніца і вучаніца да алімпіяды і на факультатывах, і на стымулюючых занятках, і проста дадаткова. Не даводзілася адпачываць і на канікулах.
— А з рэпетытарамі працуеш? — пытаюся ў Ані.
— Не, стараюся абыходзіцца і спадзяюся на свае сілы.
— Ты прэтэндуеш на залаты медаль?
— Так. І гэта таксама шмат да чаго абавязвае, так што часу вольнага проста не застаецца.
— Нават для спорту?
— Не, на валейбол усё ж хаджу. А дзюдо, якім займалася восем гадоў, пакінула.
— Ты займалася дзюдо? Аднак жа, напэўна, спорт не для дзяўчат. І як ты выглядала на фоне хлопцаў-асаў?
— Нічога страшнага. Спраўлялася.
Яна спраўляецца паўсюль і ўсюды паспявае, дарма што скардзіцца на недахоп часу. Сёлета ўдзельнічала адразу ў трох алімпіядах. Акрамя матэматычнай, дзе ў вобласці сярод дваццаці чатырох удзельнікаў увайшла ў дзясятку прызёраў, яшчэ ў раённых — па фізіцы і астраноміі. Аня з’яўляецца пераможцай і на першым этапе міжнароднай алімпіяды “Формула адзінства. Трэцяе тысячагоддзе”. І на алімпіядзе па алгебры памяці прафесара Канстанціна Апанчанкі таксама заняла першае месца.
Бляск прызоў і перамог, аднак, не можа зацьміць чалавечага фактару, бо ўсе мы людзі.
— Хвалявалася ў Віцебску?
— Не без гэтага, вядома. Пяці гадзін для рашэння чатырох задач мне, вядома ж, не хапала, бо як мінімум паўтары гадзіны ідзе толькі на афармленне рашэння. Але было цікава. І праграма культурная цікавай была. Навучэнцы каледжа, у якім жылі, стаўлялі для нас канцэрт. Мы былі ў тэатры, кіно.
— У цябе шмат сяброў?
— Няшмат, але гэта мэтаскіраваныя людзі. Лера Сауціна вучыцца ў лінгвістычным каледжы, Юля Сільвановіч — у паралельным класе, таксама займаецца на павышаным узроўні.
— Як думаеш, паступіш?
— Пастараюся.
І настаўніца яе таксама ўпэўнена: Аня павінна паступіць. На пробных тэстах набрала болей як дзевяноста балаў і здольная набраць усе сто.
Вось так і трэба жыць — на ўсе сто…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: настаўніца матэматыкі з гімназіі Святлана Січэнка са сваёй вучаніцай Ганнай Ганчар.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>