Встретишься с таким человеком — словно приоткроешь окно в собственное детство

Здавалася б, не такое ўжо і далёкае мінулае. А для нас гэта ўжо рамантычная легенда. І ёсць яшчэ людзі, якія ўвасабляюць тую легенду. Як добра, што яны побач з намі. Сустрэнешся з такім чалавекам — нібы прыадкрыеш акно ва ўласнае дзяцінства. Ды што там дзяцінства — зможаш зазірнуць у той свет, у якім цябе яшчэ не было — у юнацтва сваіх бацькоў. Як гэта шчымліва і як хораша!

u-8

Прыйшоў да Любові Сямёнаўны, а дачка ёй і кажа:
— Гэта Ніны Барысаўны брат.
Сястра мая стрыечная ў іх у Поўсвіжы страхаўшчыцай працуе.
— Ах брат! Дык вы Полін сын, і Федзеў! — усклікнула бабулька. — Вас, па-мойму, Валодзем завуць.
Няўжо, думаю, так адразу па бацьках мяне пазнала?
Не, не пазнала. Не магла яна пазнаць, бо, аказваецца, гады два ўжо, як нічога не бачыць. Затое яна бачыць мінулае, з ім і размаўляе.
— Я Полю як зараз уяўляю. Яна, як і я, на пенсію дачасна пайшла, па выслузе гадоў, на сорак працэнтаў. А з бацькам вашым амаль разам педвучылішча заканчвалі.
Вось такія “званочкі з мінулага”. Бацькоў даўно ўжо няма, і тым болей прыемна размаўляць з іх сучаснікам, равеснікам.
Любоў Сямёнаўна нетутэйшая. Родам яна з Белгародскай вобласці. У Расіі прайшло дзяцінства, там жа сустрэлася з вайною. Фронт неяк перакаціўся праз яе роднае сяло Арцельнае і пайшоў сабе грукаць далей, на Курска-Арлоўскую дугу. А ў іх усталявалася зацішша. Нават у школу Люба ў вайну хадзіла, заканчвала ў сорак пятым. І пасля паехала да брата ў Арзамас. Той вучыўся ў ВПШ, а калі школу закрылі, апынуўся ў Вільнюсе. А Люба зноў паехала, на гэты раз да сястры, у наша Паддуб’е. Дуся працавала ў мясцовым магазіне, а Люба ўладкавалася ў школе піянерважатай.
Гэта быў рамантычны час — час слаўных піянерскіх спраў, гучных горнаў і барабанаў, чырвоных гальштукаў і ружовых надзей. Саджалі ля школы маладыя дрэўцы. А выкопвалі іх у лесе. Настаўнік біялогіі Канстанцін Ганчар запражэ каня — і паехалі ў лес, за Паддуб’е. У школе была вялікая сцэна, на якой ладзілі спектаклі. І гэтак жылося весела, што не перадаць. А можа, проста зараз маладосць прыгадваецца выключна ў блакітных і ружовых танах? Памятаеце: “Фонтаны били голубые и розы красные цвели…”
Дзевяць гадоў піянерскай работы. Піянеры на той пасляваенны час былі большасцю пераросткамі, амаль што яе равеснікамі. З імі даводзілася размаўляць, як з дарослымі. Зрэшты, Люба заўсёды любіла дзяцей, і яны ёй таксама плацілі ўзаемнасцю.
А затым паступіла ў Лепельскае педвучылішча. І добра, бо калі ліквідавалі стаўку піянерважатай, ёй прапанавалі працу настаўніцы ў пачатковых класах. Дваццаць пяць гадоў вучыла дзяцей, зрабіла некалькі выпускаў і кожны з іх памятае. Памяць у яе ўчэпістая. Прыгадвае многіх сваіх выпускнікоў, якія найбольш паспяхова рэалізавалі сябе ў жыцці. Вось Разумейкі (Люда працуе бухгалтарам, а Саша — ваенны ўрач), Таня Ганчар настаўнічала ў СШ №4, Коля Жарнасек стаў дырэктарам саўгаса, Вася Шкіранда — прадпрымальнік, а Шкіранда Ніна — фельчар на “хуткай дапамозе”. Яны даўно ўжо дарослыя, нават пажылыя людзі, а для яе ўсё Васі і Колі.
У самой жа лёс складваўся таксама паспяхова. Сустрэла Івана Шкіранду, пажаніліся. Муж працаваў спачатку ў сельгасбанку, затым ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, пасля эканамістам у саўгасе. Нарадзілі чацвёра дзяцей. “Мир тесен”, з малодшай яе дачкою Жаннай мы вучыліся ў паралельных класах у СШ №3, пасля яна працавала рэвізорам у Віцебскім сельгасхарчы, зараз у адпачынку па выслузе гадоў. Старэйшая дачка Тамара жыве ў Мінску, настаўніца, Міхаіл працуе токарам на малочнакансервавым камбінаце. Здарылася непапраўнае, бабуля страціла спачатку аднаго з сыноў, а пасля і зяця. І калі б не дачка з сям’ёю, з якой жывуць разам у бацькоўскай хаце, не ведае, як бы перажыла тыя страты. Ну ды жыцця не запраграмуеш.
Узрост ды хваробы звузілі жыццёвую прастору бабулі Любові Сямёнаўны, якой неўзабаве споўніцца дзевяноста, да памераў уласнае хаты і дворыка. І ўжо нават у роднай школе забылася, калі была. Ногі не дойдуць. Аднак не забылася пра тых людзей, у асяродку якіх, у дружным педагагічным калектыве, прайшлі лепшыя гады яе жыцця — калег па пачатковай школе Варвару Каралёву і Крысціну Тухта, гісторыка і завуча Івана Ігнатовіча, Валянціну Размысловіч, Дар’ю Сільвановіч, Канстанціна Ганчара, якія выкладалі адпаведна рускую, беларускую мовы і біялогію. І, вядома ж, тагачаснага дырэктара Міхаіла Кавалеўскага, пры якім уласна і будавалася школа.
— Быў у той час загадчыкам РАНА Аляксей Барысаў, — прыгадвае Любоў Сямёнаўна. — Спадабаўся яму Поўсвіж, і ён сказаў, што пабудуюць нам школу. Тады ў адначассі будаваліся школы ў Поўсвіжы і ў Чэрцах.
Як бачым, Поўсвіж стаў сапраўды “нашым” для расіянкі з Белгародчыны, і беларускую мову яна асвоіла без праблем, калі яшчэ працавала піянерважатай, а затым чвэрць стагоддзя вучыла дзяцей па-беларуску, хоць і дагэтуль прамаўляе з мяккім расійскім акцэнтам. Беларусь стала для яе другой Радзімай, а мінулае яна бачыць сваімі невідушчымі вачыма больш яскрава, чым мы сённяшні дзень.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Любоў Сямёнаўна Шкіранда (Кокатава) (у клятчастай кашулі) са сваім першым школьным выпускам.
Фота з сямейнага архіва Шкірандаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>