Мне посчастливилось учиться в Боровской средней школе Лепельского района

1930-я гады — час бурнага росту прамысловай магутнасці Савецкага Саюза, індустрыялізацыі краіны. Разам з гэтым расла, павялічвалася ў колькасці Чырвоная армія, насычалася баявой тэхнікай. Беларуская вайсковая акруга ва ўсе часы лічылася адной з самых магутных і эфектыўных. І ў прыватнасці на Лепельшчыне былі раскватараваны некалькі вайсковых часцей. Вайсковыя фарміраванні стаялі ў самім райцэнтры, а таксама ў вёсцы Бароўка і на 116-м кіламетры чыгункі Орша — Лепель (будучы ваенны гарадок Заслонава).
Для сем’яў чырвоных камандзіраў і палітработнікаў патрабавалася жыллё, насельніцтва ваенных гарадкоў трэба было забяспечыць медыцынскім абслугоўваннем, а дзецям вайскоўцаў — хадзіць у школу, атрымліваць веды. У 1930-я гады распачалося будаўніцтва першых шматкватэрных дамоў у Бароўцы і на 116-м кіламетры, медыцынскую дапамогу аказвалі ў медыцынскіх і санітарных падраздзяленнях вайсковых часцей. У 1937-м выходзіць загад аб адкрыцці сярэдняй школы ў ваенным гарадку Бароўка. Такім чынам, сёлета ўстанова адукацыі адзначае 80-гадовы юбілей.
img_1465 На вялікі жаль, захаваліся ўрыўкавыя звесткі пра гісторыю навучальнай установы даваеннага і ваеннага перыядаў. Адразу пасля вызвалення, восенню 1944 года, школа ў Бароўцы адчыніла свае класы, за парты селі дзеці, якія выжылі ў віхуры акупацыі і партызанскіх блакад, якія прапусцілі па тры гады навучання і потым “даганялі школьныя праграмы”. Урокі праводзіліся ва ўцалелых памяшканнях былой салдацкай казармы. А ўжо ў 1948 годзе быў узведзены будынак. Высокія цагляныя сцены, доўгі калідор з класамі абапал, спартыўная зала. У гады дзяцінства зала здавалася вялікай, усяму класу хапала прасторы, каб бегаць па ёй кругамі, гуляць у валейбол ці міні-футбол. А зараз чуў расповед аднаго жыхара Бароўкі, які казаў, што нядаўна прыйшоў у залу і здзівіўся, якая ж яна маленькая!
На шчасце, гісторыя захавала імёны і прозвішчы ўсіх дырэктараў Бароўскай сярэдняй школы: Міхаіла Уладзіміравіча Васілеўскага, Пятра Фёдаравіча Савіка, Веранікі Ільінічны Лавенкі, Ганны Канстанцінаўны Берасневай, Клаўдзіі Фёдараўны Кулаковай, Людмілы Кузьмінічны Папялюк, Віктара Уладзіміравіча Азаронка. Зараз вялікім школьным калектывам кіруе Дзіяна Анатольеўна Мысіна, якая і сама калісьці была выпускніцай гэтай школы.
1987 год для Бароўскай сярэдняй школы стаў знакавым, знамянальным — яна атрымала новы трохпавярховы будынак. Тады дырэктарам працавала заслужаная настаўніца БССР Клаўдзія Фёдараўна Кулакова. Яна шмат гадоў пазней распавядала, колькі сіл, энергіі, нерваў каштавала ёй “выбіць” (менавіта так!) новы будынак.
Справа ў тым, што ў той час Бароўка, як ваенны гарадок, падпарадкоўвалася Міністэрству абароны СССР. Што і казаць, калі праект школы і прывязка яго да мясцовасці за непрацяглы час мяняліся тройчы! Клаўдзія Фёдараўна некалькі разоў бывала на прыёме ў начальніка Галоўнага палітычнага ўпраўлення Міністэрства і ў рэшце рэшт дабілася рашэння аб пачатку будаўніцтва і выдзяленні для гэтага сродкаў.
Цяжка цяпер уявіць, якія эмоцыі перажывалі школьнікі, іх бацькі, калі пасля летніх канікулаў 1987 года для іх гасцінна адчыніла дзверы новая школа. У ёй усім хапала месца, не трэба было вучыцца ў дзве змены. Тут акрамя прасторных класаў і спартыўнай залы былі камфортная сталовая, актавая зала з шырокай сцэнай, багатая бібліятэка.
img_1397 Мне пашчасціла вучыцца ў Бароўскай сярэдняй школе. Як і многія вясковыя падлеткі, пасля заканчэння Старалядненскай няпоўнай сярэдняй школы дзясяты і адзінаццаты класы заканчваў у Бароўцы. З тых часоў запомніліся ўрокі хіміі і фізікі, кабінет інфарматыкі з першымі камп’ютарамі “Карвет”. Запамінальна праходзілі ўрокі гісторыі, мовы і літаратуры.
Новым для мяне, вяскоўца, на той час быў такі прадмет, як пачатковая вайсковая падрыхтоўка, вёў яго франтавік, маёр танкавых войскаў у адстаўцы Федар Васільевіч Цімянкоў. Ён успамінаў:
— Прыйшоў я ў школу на пасаду ваенрука ў сярэдзіне 1970-х. З усіх дапаможнікаў на пачатковай вайсковай падрыхтоўцы былі толькі два дзясяткі процівагазаў ГП-5, на шлейках. З-за гэтых шлеек іх дзяўчаты дужа не любілі, яны ім у валасах заблытваліся. Першае, што зрабіў, спаліў тыя процівагазы ў двары школы. А потым у вайсковых часцях раздабыў і прынёс масу дапаможнікаў і абсталявання. Для хлопцаў — вучэбныя аўтаматы і дробнакаліберныя вінтоўкі, макеты мін, снарадаў, табліцы са схемамі, плакаты па баявой тэхніцы савецкай і краін НАТО.
Для дзяўчат таксама прынёс шмат дапаможнікаў па медыцынскай падрыхтоўцы. Цяпер Бароўская — самая забяспечаная школа ў гэтым плане. Адным з першых у новай школе быў зроблены цір, тут можна страляць з дробнакалібернай вінтоўкі. А каб пастраляць з аўтаматаў, мы хадзілі ў вайсковую часць…
Выхаванцы Бароўскай школы, калі іх спытаюць пра дзяцінства, школьныя гады, абавязкова аддадуцца ўспамінам. У кожнага яны праходзілі па-рознаму, аднак з вышыні пражытага ўсе ацэньваюць іх як самыя лепшыя, самыя светлыя, самыя радасныя і аптымістычныя. Менавіта школьная пара з’яўляецца часам неверагодных адкрыццяў, калі хлопчыкі і дзяўчынкі адчыняюць для сябе неабсяжны свет навукі. Са школы пачыналася сяброўства, якое потым праносіцца праз усё жыццё. Немагчыма забыць першую настаўніцу, якая прывяла ў клас, пасадзіла за парту. І абавязкова ў кожнага чалавека ёсць чалавек, які даваў самыя галоўныя ўрокі, які стаў настаўнікам па жыцці.
Такімі настаўніцамі ў жыцці для старшыні Бароўскага сельвыканкама Валерыя Кляшторнага сталі настаўніца матэматыкі Валянціна Канстанцінаўна Татаева і настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Васільеўна Крылова. Валерый расказвае:
— Мой бацька — афіцэр, у свой час заканчваў Бароўскую школу. Я паступіў у яе ў 1990 годзе, калі сям’я вярнулася з Германіі, дзе бацька служыў. Я вучыўся з трэцяга класа да выпускнога. Класным кіраўніком у пачатковых класах у маім 3 “В” была Валянціна Міхайлаўна Сямёнава, а ў сярэднім звяне — Валянціна Канстанцінаўна Татаева. Настаўніца геаграфіі Фаіна Міхайлаўна Іўчык, памятаю, была вельмі строгай і патрабавальнай, да яе прадмета рыхтаваліся нават двоечнікі. Яна вучыла майго бацьку, старэйшую сястру і мяне.
У школе панавала вясёлая, творчая атмасфера, пастаянна арганізоўваліся нейкія мерапрыемствы, конкурсы, канцэрты. Настаўніца спеваў і музыкі Ніна Іванаўна Бяздзенежных арганізавала хор, з якім мы ўдзельнічалі ў розных конкурсах на абласным і рэспубліканскім узроўнях. У Бароўскай школе заўсёды на высокім узроўні было выкладанне замежных моў. Я з дапамогай педагогаў Людмілы Фёдараўны Пестрыкавай і Лідзіі Васільеўны Чарныш настолькі добра вывучыў англійскую мову, што ў далейшым ні ў музычным вучылішчы, ні ва ўніверсітэце не меў з ёю праблем, заўсёды быў адным з лепшых.

img_1374 Незаўважна Бароўская школа ўвайшла ў ХХІ стагоддзе з яго інфарматызацыяй, пранікненнем новых тэхналогій ва ўсе бакі жыцця. Адставаць нельга было. Успамінае Віктар Азаронак, які працаваў дырэктарам школы на працягу 15 гадоў:
— Дырэктарам мяне прызначылі зімой 2001-2002 гадоў. На той час школа мне падалася няўтульнай, нядобраўпарадкаванай. Я зразумеў, што для мяне тут ёсць праца і што іменна мне трэба рабіць. Вобразна кажучы, кожны дзень забіваць хаця б адзін цвік у сцяну. Памяняць лямпачкі, паклеіць шпалеры, памяняць вокны. Прычым стараўся любую распачатую справу давесці да канца — калі каня запрог, то трэба даараць.
Зразумела, на ўсё гэта патрэбны сродкі. Школа пачала вучыцца зарабляць самастойна. Калі пайшлі першыя грошы і былі вырашаны надзённыя праблемы, звярнулі ўвагу на інфарматызацыю, у нашу школу першай у раёне быў куплены ноўтбук. І гэта, уявіце, у той час, калі ў кабінетах інфарматыкі стаялі яшчэ савецкія “Карветы”. А цяпер бароўскія школьнікі з поспехам удзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах па інфарматыцы.
Далей сягнулі ў спорце. Калі бацькі ўбачылі, што праца прыносіць вынікі, то і яны пайшлі насустрач, папячыцельскія саветы падтрымлівалі амаль усе школьныя ініцыятывы.
img_1366 На канцэрт з нагоды юбілею сабралася шмат гасцей, сяброў, былых выпускнікоў, увесь настаўніцкі калектыў, ветэраны. Гасцей было так шмат, што ўсе жадаючыя не ўмясціліся б у школьнай актавай зале. На выручку, як гэта часта бывае, прыйшоў Бароўскі цэнтр культуры і вольнага часу, які мае глядзельную залу больш як на 200 месцаў.
Увогуле, цеснае супрацоўніцтва з суседзямі — адна з адметных рыс. Напрыклад, выхаванцы і многія настаўнікі займаюцца ў гуртках і секцыях цэнтра культуры і вольнага часу, а потым падрыхтаваныя нумары паказваюцца ў тым ліку і ў актавай зале школы, радуючы вучняў і педагогаў.
У фае гасцей сустракаў духавы аркестр Бароўскай школы мастацтваў. Акорды маршаў, кампазіцый разносіліся па залах. А на сценах фае былі расклеены фатаграфіі з жыцця навучальнай установы. На фотаздымках 1960-х — 1970-х гадоў дзяўчынкі ў белых фартухах і хлопчыкі ў школьных касцюмах стаяць роўнымі шэрагамі. Затое на сучасных фотаздымках — палёт фантазіі як у вопратцы, так і ў пастановачных і сюжэтных кампазіцыях.
Загучалі акорды музыкі са сцэны. Вершы ў выкананні першакласнікаў надалі ўсёй вечарыне бадзёры, энергічны настрой.
Затым на сцэну былі запрошаны настаўнікі-ветэраны.
— На працягу 80 гадоў наша школа лічыцца адной з лепшых, бо не толькі веды дае, а яшчэ і выхоўвае школьнікаў, прывівае ім культуру, працавітасць. І шчасце наша, што жывуць сярод нас тыя, хто не казаў пра дабро, а тварыў яго, хто запальваў маячок так, каб караблі не маглі збіцца са шляху. Дзякуючы такім людзям, якія стваралі школьныя традыцыі і падтрымліваюць іх дагэтуль, нарадзілася і жыве наша школьная сям’я. У мітусні спраў і ў дні святаў мы часта ўспамінаем вас, нашы дарагія настаўнікі-ветэраны. Нам вельмі прыемна, што вы сёння з намі, — такімі словамі вядучыя прывіталі настаўнікаў, якія падымаліся на сцэну.
Ад імя настаўнікаў старэйшага пакалення Ніна Іванаўна Бяздзенежных выканала прыгожую песню.
img_1545 Ну і якое ж свята без гасцей і падарункаў? Першым са сцэны павіншаваў прысутных у зале намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. Ад райвыканкама школе быў уручаны новы тэлевізар, многія работнікі школы адзначаны граматамі і прэміямі. Самы арыгінальны, самы нечаканы падарунак атрымалі настаўнікі фізкультуры Генадзь Тухта і Сяргей Новікаў. Ад імя старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава ім былі перададзены дзве новенькія імпартныя пнеўматычныя вінтоўкі! Юныя спартсмены з Бароўкі выступаюць амаль ва ўсіх спаборніцтвах, паказваючы вельмі высокія вынікі. Футбол, лёгкая атлетыка, баскетбол — здаецца, усе віды спорту падуладныя нашым хлопчыкам і дзяўчынкам. Аднак для паспяховых заняткаў і, у далейшым, выступленняў патрэбна моцная матэрыяльная база. Для футбола і баскетбола — адпаведныя мячы, для лёгкай атлетыкі — свае снарады. Нядаўна выхаванцы атрымалі права ў складзе зборнай каманды раёна выступаць на абласных спаборніцтвах па біятлоне. Упэўнены, што падораныя вінтоўкі будуць дарэчы як у трэніроўках, так і ў выступленнях.
Віктар Азаронак:
— Малады лепельскі мастак Аляксей Ляшчоў па заказе райвыканкама напісаў цыкл работ “Жыць, каб памятаць”. Зараз яны захоўваюцца ў гімназіі. З нядаўняга часу Аляксей прыступіў да новага цыклу “Дзеці вайны”. Мастак намаляваў дзевяць эскізаў. Абодва гэтыя цыклы ў будучым зоймуць месца ў раённым краязнаўчым музеі пасля яго рэканструкцыі. Зараз жа мы перадаём дзевяць эскізаў у Бароўскую школу на захоўванне.
Граматы, падзякі і прэміі работнікам школы, ветэранам уручылі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Міхно, загадчыца метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Скорба, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Краснік.
Ад імя дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Мартынава прывітальны адрас зачытаў яго памочнік Сяргей Цалуйка. Акрамя гэтага, ён выканаў яшчэ адну прыемную місію — уручыў дырэктару школы Дзіяне Анатольеўне Мысінай медаль “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Такім чынам дзяржавай адзначаны яе ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, арганізацыю догляду воінскіх пахаванняў і магіл ахвяраў вайны.
У навучальнай установы традыцыйна вельмі трывалыя сувязі з вайсковымі часцямі, размешчанымі ў ваенным гарадку. Салдаты і афіцэры — частыя госці ў класах, хлопчыкі і дзяўчынкі любяць паходы і экскурсіі ў вайсковую часць, дзе можна на свае вочы пабачыць магутную баявую тэхніку. Аднак на час юбілейных урачыстасцяў прыпала пара чарговых вайсковых вучэнняў, часці выконвалі вучэбныя задачы на палігонах, таму асабіста павіншаваць педагогаў, дзяцей ім не ўдалося.
Затое на свята прыбыў начальнік Лепельскага ваеннага санаторыя Міхаіл Лях, ён прынёс у падарунак мікрахвалевую печку. Дзіяна Анатольеўна падзякавала:
— У школе ёсць кабінет абслуговай працы, дзе дзяўчынкі, сярод іншага, вучацца гатаваць. Дагэтуль кабінет быў амаль цалкам абсталяваны, там для прыгатавання была электрапліта. А зараз ёсць і мікрахвалевая печка — кабінет укамплектаваны. Прыміце падзяку ад нашых дзяўчынак.
Па суседстве ў адным населеным пункце працуюць дзве дзіцячыя ўстановы — Бароўская сярэдняя школа і дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”. І натуральна, што паміж імі наладзіліся самыя цесныя сяброўскія ўзаемаадносіны.
— Толькі ў вас кожны год праходзіць адна выпускная лінейка, а ў нас такое мерапрыемства арганізуецца кожны месяц, па заездах. Я рада нашаму суседству, нашаму сяброўству. Прыміце, калі ласка, і ад нас гэты сціплы падарунак — тэлевізар. Няхай ён дапамагае дзецям пазнаваць свет, — прамовіла дырэктар ДРАЦ “Жамчужына” Вера Закрэўская.
 Безумоўна, жаданымі гасцямі на ўрачыстым вечары сталі выпускнікі розных гадоў. Дарэчы, многія выбралі працай педагогіку. 17 цяперашніх настаўнікаў школы калісьці былі яе выпускнікамі. Гэтак жа сядзелі за партамі ў класах, цягнулі рукі на ўроках, гарэзілі…
На сцэну падымаліся юбілейныя выпускі. З выпускаў 1960-х і 1970-х гадоў не прыехалі. Затое выпускі 1982 і 1987 года былі прадстаўлены. Аляксей Аляксееў скончыў Бароўскую школу ў 1987 годзе з залатым медалём. Павіншаваў родную навучальную ўстанову ад імя сваіх аднакласнікаў і сказаў:
— У сучасных рэаліях без інтэрнэта нікуды. Пад час нашага апошняга наведвання нам сказалі, што ў школе не ўсюды добра працуе Wi-Fi. Для цяперашніх школьнікаў мы падрыхтавалі выдатны, як нам падаецца, падарунак — узмацняльнік Wi-Fi. Цяпер з любога месца ў школе і нават у двары можна выйсці ў глабальнае сеціва.
Выпускнік 2012 года Арцемій Аляксееў:
— Ад нашага выпуску дарым прынтар. Калі будуць настаўнікі друкаваць паперы, дакументы, а робіцца гэта ў школе пастаянна, то будуць успамінаць добрым словам і нас.
Дарэчы, Арцемій, як і яго бацька Аляксей, скончыў Бароўскую школу з залатым медалём.
img_1371 Адгучалі акорды свята, падарункі расстаўлены па сваіх месцах і ўжо функцыянуюць, прыносяць карысць. У блакнотах занатаваны новыя адрасы і тэлефоны старых сяброў, іх каардынаты ў сацыяльных сетках. Школа зноў увайшла ў свой працоўны рытм, а значыць зноў кожны дзень раніцай сюды будуць прыходзіць настаўнікі, класы напаўняюцца звонкімі дзіцячымі галасамі — адвечнае жыццё працягваецца.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Віктар Азаронак прадстаўляе графічныя эскізы Аляксея Ляшчова; на сцэне ветэраны Бароўскай школы; спяваюць сённяшнія школьнікі; у фае выступае духавы аркестр; настаўнікі фізкультуры Генадзь Тухта і Сяргей Новікаў з пнеўматычнымі вінтоўкамі — падарункамі ад старшыні райвыканкама; у глядзельнай зале.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>