Как бы там ни было, Игорь вернулся из Афганистана, где прослужил два года, живым и здоровым

 

img_0250

Сапраўды, калі б можна было жыццё намаляваць, а лёс вылепіць. Якімі б яны атрымаліся ў выкананні майстра Ігара Трыбо? А я ведаю, яны атрымаліся б такімі, якімі ён іх пражыў і пабачыў. Напрыклад, дзяцінства ў яго было б колеру вёскі. Колеру зеляніны лугавой і шаравата-жоўтага сена, якога навазіўся яшчэ падлеткам і ў калгасе, і дома. Сям’я была вялікая, пяць дзяцей, шостая дзяўчынка памерла васьмігадовай. Вялікая была сям’я, а бацька ў лясніцтве ды маці на пошце, пасля — у сталовай, у калгасе. Нідзе вялікіх грошай не зараблялі, туга кашалька не набівалі. А трэба было жыць і дзяцей гадаваць. І таму трымалі па тым савецкім часе вялікую гаспадарку, было што і дзве каровы перагукваліся ў хляве, каня нават лесніку мець дазвалялася, само сабою свінні, птаства.
Усім верхаводзіла маці, жанчына валявая і суровая. Нават Ігар яе слухаўся, не тое, што бацьку — чалавека мяккага, памяркоўнага, добрага. Дзяцінства мела таксама колер карычневых баравічкоў і шызых ягад-чарніц. Чаго-чаго, а гэтага дабра ў Валосавічах хапала.
А якім бы выйшла юнацтва з-пад пэндзля майстра? Не паверыце — ярка чырвоным, можна сказаць, пунсовым. Менавіта так выглядаюць горы, калі глядзіш на іх з шырокага плато пад Кундузам, дзе ахоўвалі афганскі аэрадром. Ужо з канца красавіка і да кастрычніка ў Афганістане практычна не бывае дажджоў, і ўсё спакваля становіцца спачатку жоўтым, затым шэрым ад пякельнага сонца. А вось увесну горы пакрываюцца макамі. Кветкі расцвітаюць і — такога хараства можна пабачыць хіба што ў казцы.
Праўда, Афганістан у восемдзесят шостым-восемдзесят сёмым гадах, калі служыў там стралком радавы Ігар Трыбо, быў зусім не казкаю, а хутчэй суцэльным пеклам. Аднак сапраўднае пекла, на шчасце, абмінула хлопца. Спачатку ўвогуле служыў пры штабе ў Кабуле, баявыя карты малявалі. Затым, праўда, крыху праштрафіліся, і іх раскідалі па часцях. Трапіў у ахову аэрадрома пад Кундузам. А паколькі аэрадром быў надзвычай важны і ахоўваўся некалькімі лініямі аховы, а хлопец служыў ва ўнутраным кальцы, то непасрэдна з “духамі” не сутыкаліся. Зрэшты, ніякая абарона не перашкодзіла заляцець да іх у вартавое памяшканне снараду і трапіць у сценку. Аддзелаліся лёгкім сполахам. А вось у вартавым распалажэнні пад Пулі-Хумры, казалі, гэткім шляхам хлопцы загінулі. Лішні доказ таго, што куля — дурніца, а снарад і тым болей, а лёс сляпы і на вайне як на вайне.
Як бы там ні было, Ігар вярнуўся з Афганістана, дзе праслужыў два гады, жывым і здаровым. Страху толькі нацярпелася бедная яго матуля. Сын не надта любіў пісаць пісьмы, лісты дадому прыходзілі рэдка і, вядома ж, у лістах усё было добра. Папера ўсё стрымае. І калі б матулі ведалі хоць часцінку тае праўды, якую перажылі іх сыны ў Афганістане, яны ссівелі б яшчэ раней. Не заўважылі, маці “афганцаў” рана паўміралі. Няма ўжо даўно бацькоў і ў Ігара. Яму ж і самому зараз ужо за пяцьдзясят.
25-krasavika-021А ў той час было толькі дваццаць два, калі амаль юны і поўны энергіі вярнуўся жывым з вайны. Куды пайсці? Дагэтуль ужо атрымаў прафесію меліяратара ў Лепельскім тэхнікуме і нават крыху паспеў папрацаваць на Браслаўшчыне. Цяпер жа стаяў на раздарожжы. Паткнуўся быў зноў на Браслаўшчыну, аднак у меліяратарах не затрымаўся, вярнуўся ў родны саўгас. Як сам кажа, сеялкі-веялкі з бацькам крыху парабілі. Крутнуўся тут і знячэўку паступіў на мастацка-графічны факультэт у Віцебскі педінстытут.
Вось ён нарэшце сябе і знайшоў! А што там эксперыментаваць з нейкай меліярацыяй, калі ён жа мастак па жыцці і скульптар.
Хто быў на гасціным двары ў Фядзьковіча, ніяк не мог прайсці міма цэлага скульптурнага ансамбля з розных фігурак, фігур, фігурышчаў, з розных кампазіцый, казачных фрагментаў і г.д. І проста немагчыма ўявіць, што ўсё гэтае мастацкае багацце прыдумаў і выканаў… адзін чалавек. Адна галава і дзве рукі — вось і ўся арыфметыка творчасці. Сціплы настаўнік працоўнага навучання з гімназіі творыць на Лепельшчыне сапраўдныя мастацкія цуды. Нездарма ж яго Павел Фядзьковіч жартам называе “лепельскім Цэрэтэлі”. Жарты жартамі, а ўжо гадоў дзесяць доўжыцца плённае дзелавое супрацоўніцтва прадпрымальніка і творцы. Ігар Трыбо аформіў і ўнутраны інтэр’ер “Гасцінага двара”. Там кампазіцыі з дрэва. І той вогненны дыназаўр, што ўпрыгожвае двор ля гаргаза, — таксама яго рук справа.
Калі б свой лёс ён рабіў з металічных каркасаў і ляпіў з раствору, падобнага да пластыліну (цэмент плюс даламіт), то ў выкананні скульптара атрымаўся б надзвычай суровы лёс. Бо ў жыцці былі як узлёты, так і падзенні, белая паласа змянялася чорнаю. Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Парадокс лёсу! Калі, страціўшы працу, сустрэў прадпрымальніка Паўла Фядзьковіча, гэта і стала фактычна пачаткам яго творчага ўзлёту. А затым ён усё ж зноўку вернецца ў гімназію, дзе прайшлі амаль два дзесяцігоддзі яго працоўнага жыцця.
25-krasavika-013Ён вернецца ўжо сталым майстрам, чые скульптуры ведае ўвесь раён. Іронія лёсу! Менавіта на гасціным двары ён зладзіць новае вяселле і займее нарэшце моцную сям’ю. Наканаванне лёсу! Смерць, так і не дачакаўшыся сваёй ахвяры ў далёкіх гарах Афганістана, ледзьве не падпільнавала ў чыстым полі ля Вялікага Поўсвіжа. У той час Ігар Васільевіч працаваў у мясцовай школе. Паехалі з дзецьмі на бульбу. Як раптам бачыць, адзін з вучняў ганяецца за сябрукамі з нейкай булавешкай. Падбег бліжэй і спалатнеў. То быў снарад. Выхапіў і панёс на край поля, далей ад людзей, далей ад бяды. Не ведаў, а можа наадварот крочыць насустрач смерці. Аднак пра гэта не было часу думаць. І смерць адступіла, не кранула, напэўна, і сама спужалася… Толькі калі прыехалі мінёры і забралі запознены “дарунак вайны”, на душы палягчэла.
Ён не патрэбны пакуль ТАМ, бо ён патрэбны яшчэ ТУТ, дзе сям’я, любімая жонка, падчарка, для якой замяніў бацьку, дзе вучні, з якімі вунь зноў робіць шпакоўні ў школьнай майстэрні — рыхтуюцца да вясны. Ён ТУТ, дзе і яго творчасць. Калі б не выпрабоўваў яго суровы лёс, мясцовы Цэрэтэлі з афганскай загартоўкаю не адбыўся б як асоба, а Лепельшчына страціла б таленавітага майстра.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: скульптар і мастак Ігар Трыбо і яго работы.
Фота аўтара.

Один комментарий для “Как бы там ни было, Игорь вернулся из Афганистана, где прослужил два года, живым и здоровым

  • 20.02.2017 в 8:20 пп
    Permalink

    Так добра чытаць пра сваяго брацца! Даугалецця табе братушка!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -1-1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>