Константин Гордеев — один из тех, кому довелось “понюхать пороха” в Афганистане

Канстанцін Гардзееў — адзін з тых, каму давялося “панюхаць пораху” ў Афганістане. На працягу двух гадоў, з 1986 па 1988, займаў пасаду начальніка медыцынскага пункта стралковага батальёна, які нёс службу на горных заставах паміж Гератам і Шындандам. Пра той перыяд ветэран успамінае неахвотна — вайна сама па сабе пакідае непрыемны адбітак на тых, хто там пабываў, каб яшчэ пра тое ўспамінаць. Лічыць, як і ўсе, хто трапіў “за рэчку”, што займаўся руціннай армейскай працай. А медаль “За адвагу”, кавалерам якой з’яўляецца, і ёсць падзяка за тую працу.

gardzee%d1%9e-kanstancin-sprava-afganistan-1986-88-g-kopiya Падчас нашай размовы, каб не варушыць у памяці непрыемныя ўспаміны, Канстанцін Іванавіч стараецца пераключыць увагу на іншы факт са сваёй ваеннай біяграфіі.
Подыхам цёплага, насычанага вільгаццю паветра ў жніўні 1978 года сустракаў далёкі В’етнам Канстанціна Гардзеева і яго таварышаў на трапе самалёта. Пад выглядам цывільных грамадзянскіх спецыялістаў сельскай гаспадаркі больш за сотню савецкіх ваеннаслужачых ступілі на зямлю гэтай азіяцкай краіны. Перад гэтым было некалькі месяцаў спецправеркі ў Саюзе і на працягу месяца — зладжванне падраздзяленняў і падрыхтоўка тэхнікі ў Мінску.
Да гэтага Канстанцін ужо некалькі гадоў служыў начальнікам аптэкі ў танкавым палку ў Бароўцы. Па разнарадцы мусілі накіраваць у спецкамандзіроўку медыцынскага спецыяліста. Чаму выбар паў менавіта на прапаршчыка Гардзеева? Паўплывала, відаць, тая акалічнасць, што ён быў камуністам.
Куды павінны былі накіравацца ваенспяцы, пераважна сувязісты, заставалася сакрэтам. Па колькасці і назве зробленых прышчэпак ад розных спецыфічных хвароб Канстанцін Іванавіч толькі здагадваўся, што адправяць яго кудысьці ў Азію. Не ведалі нічога нават і тады, калі два семдзесят шостыя “Ілы” набіралі разгон па ўзлётнай паласе ў Мачулішчах на ўсход. Толькі незадоўга да прызямлення ў Ханоі ваенным спецыялістам аб’явілі, што яны знаходзяцца ў паветранай прасторы В’етнама.
gardzee%d1%9e-kanstancin-u-centry-vetnam-1978-g-kopiya Чатырнаццаць месяцаў Канстанцін Гардзееў служыў на вузле сувязі ў в’етнамскай сталіцы. У адрозненне ад іншых ваенных, меў вольны выхад у горад, свабодна перамяшчаўся на санітарнай машыне па ўсім В’етнаме. У той час абстаноўка ў краіне была больш-менш спакойнай. Мінула некалькі гадоў, як скончылася грамадзянская вайна, полымя якой віравала з 1959 года. Нягледзячы на гэта, савецкая ваенная прысутнасць у краіне захоўвалася, але афіцыйна нідзе не афішыравалася.
Канстанцін Іванавіч згадвае, што сакрэтнасць была ва ўсім. Ваенную форму насіць забаранялася, толькі цывільнае адзенне — пераважна шорты і кашулі. Сем’і таксама не ведалі, дзе знаходзяцца іх родныя. Адзіным сродкам зносін былі пісьмы, якія адпраўлялі з Саюза на маскоўскі адрас палявой пошты. Усе лісты праглядваліся ваеннай цэнзурай, каб хоць якім чынам не прасачылася нічога лішняга. Ваенспяцы шукалі любую магчымасць, каб паведаміць на радзіму месца свайго знаходжання: у пісьмы клалі в’етнамскія грошы, нашыўкі. Аднак цэнзура была пільнай — нічога да адрасатаў не даходзіла.
Тым часам Канстанцін Гардзееў лічыўся ў штаце сваёй часці. Ніводнага слова пра тое, што быў у В’етнаме, не сказана ў асабістай справе. Спецкамандзіроўка — адзіны скупы запіс, які захаваўся ва ўліковай картцы члена КПСС. У сямейным архіве Гардзеева хоць і не шмат, але ёсць некалькі сведчанняў службы ва В’етнаме. Па-першае, Ганаровая грамата, падпісаная Старшынёй Савета Міністраў Фам Ван Донгам, і медаль Сяброўства, а таксама некалькі чорна-белых фотаздымкаў.
На развітанне Канстанцін Іванавіч з настальгіяй адзначае, што ніколькі не шкадуе пра гады, аддадзеныя службе ў войску. Тое быў хоць і складаны, але цікавы перыяд жыцця, кажа ветэран.
Валерый ТУХТА.
На здымках: Афганістан. Канстанцін Гардзееў справа; В’етнам. г. Ханой. 1978 г. Канстанцін Гардзееў у цэнтры.
Фота з сямейнага архіва Канстанціна Гардзеева.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>