В далеком 1972 года лепельчанин получил водительское удостоверение

45 гадоў за рулём — менавіта такі вадзіцельскі стаж мае работнік прадпрыемства меліярацыйных сістэм Міхаіл Пазняк. У далёкім 1972 годзе ён атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Увогуле, Міхаіл Міхайлавіч — патомны вадзіцель. Яго бацька Міхаіл Іларыёнавіч кіраваў машынай у пажарнай часці, выязджаў на выклікі, падвозіў ваду, сам неаднаразова дапамагаў змагацца супраць вогненай стыхіі. І калі сыну надышоў час вызначацца з прафесійным выбарам, у яго ніякіх ваганняў не было — толькі на машыну. Пасля школы хлопца ад райваенкамата накіравалі ў аўташколу.

— Памятаю, дырэктарам аўташколы быў Пётр Кірылавіч Карась, — успамінае суразмоўца. — Казалі, што ён адстаўны вайсковец, палкоўнік! На той час прафесія вадзіцеля была вельмі запатрабаваная ў моладзі. Народнай гаспадарцы не хапала рабочых прафесій. Ды і ў армію паступала шмат тэхнікі, таму наборы ў аўташколу былі вялікія. Правілы дарожнага руху мне выкладаў Леанід Андрэевіч Акуневіч, а вадзіцелем-інструктарам быў Уладзімір Вашчук. Леанід Андрэевіч, памятаю, быў цярплівым выкладчыкам, стараўся даходліва растлумачыць нам азы вадзіцельскай прафесіі, каб мы ад “А” да “Я” ведалі любыя дарожныя сітуацыі і маглі заўсёды паступіць правільна. Уладзімір вучыў мяне ездзіць на адзінай у той час у аўташколе аўтамашыне ЗІЛ-130.
Пасля выпуску Міхаіл Пазняк з паўгода папрацаваў у аўтабазе раённага спажывецкага таварыства, а потым прызвалі ў войска.
Пасля службы вырашыў пайсці па слядах свайго бацькі — стаў вадзіцелем пажарнай машыны. Пажарная часць тады размяшчалася на вуліцы Данукалава, непадалёк ад скрыжавання яе з вуліцай Будзённага, на тэрыторыі сучаснай аўтастаянкі за крамай “Майстар”. А з другога боку прымыкалі дамы, у якіх жылі некалькі служачых, у тым ліку і дом Пазнякоў.
Ішоў час, Міхаіл ажаніўся. Вырашыў будавацца, каб жыць самастойна. Маладой сям’і выдзелілі ўчастак на вуліцы Янкі Купалы, і ў 1986 годзе яны справілі наваселле. Прасторны дом, любімая работа, дружная сям’я — вось складнікі шчаслівага жыцця.
Тады ж, у 1980-я, Міхаіл Пазняк вярнуўся ў аўташколу, але ўжо ў ролі інструктара. Вось як ён пра гэта распавядае:
— У той час аўташкола набірала да 10 груп на навучанне ваджэнню. Палова курсантаў вучыліся па лініі ваенкамата, за іх плаціла дзяржава. Яшчэ палова былі так званыя гаспадарчаразліковыя, гэта значыць, плацілі за сябе самі або вучыліся ад прадпрыемстваў, арганізацый. Інструктараў не хапала, і аўташкола прапаноўвала спрактыкаваным вадзіцелям падпрацоўку. У пажарнай часці ў вадзіцеляў графік быў адносна гнуткі, тры дні праз тры. Вось на гэтыя тры выхадныя дні я і наймаўся ў аўташколу, грошы ж патрэбныя былі, я будаваўся.
img_1553

Вось так, патроху, зажывалася маладая сям’я.
1990-я гады далі круты паварот усёй краіне і нашым героям. Справа ў тым, што ў 1991-92 гадах адбылася рэформа пажарнай службы, яе ваенізацыя. Па шэрагу крытэрыяў Міхаіл Пазняк ужо не мог працягваць там службу і вымушаны быў звольніцца. Аднак доўга без працы не сядзеў, яго запрасілі ў раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Вядома ж — вадзіцелем.
— Там ужо працаваў на легкавой. У інспекцыі былі ў асноўным жанчыны. Вось так і ездзіў па ўсёй Лепельшчыне амаль 20 гадоў. Дзе які калгас, якія ў іх палі, ведаў ужо дакладна.
Гады за тры да пенсіі Міхаіл Міхайлавіч зноў застаўся без працы. Аднак разважаў: “Пайду хаця б у меліярацыю. Машыны там ёсць, пажывём — пабачым, як-небудзь будзе. Тым больш што там добрыя сябры-знаёмыя працуюць, той жа Міша Кавалеўскі, што-небудзь параяць”. Вось так знайшоў сваё цяперашняе месца працы. Спачатку далі яму ГАЗ-53, які да гэтага некалькі гадоў стаяў без рамонту. За тры дні Міхаіл Пазняк навёў яго і выехаў у першы рэйс. І вось так да пенсіі вазіў рабочых па аб’ектах.
Неўзабаве надышла пара выходзіць на заслужаны адпачынак. Міхаіл Міхайлавіч прыходзіць у аддзел кадраў. Там у яго з інспектарам адбываецца наступны дыялог:
— Вось прыйшоў час і мне на пенсію ісці. Заяву на звальненне пісаць?
— Прапаную іншы варыянт. Напішыце заяву на водпуск за ўласны кошт. Адпачніце колькі часу, а там відаць будзе. Магчыма, зноў папросім вас дапамагчы.
Як у ваду глядзелі. Праз тры месяцы Міхаілу Пазняку патэлефанавалі…
Зараз мужчына працуе вадзіцелем ГАЗелі, зноў развозіць людзей па аб’ектах.
— А не надта нудна: прывёз рабочых і сядзі, чакай канца змены?
— Няма часу сумаваць. Звычайна рабочы дзень праходзіць прыблізна так. Спачатку прывожу работнікаў на аб’ект. Потым майстру альбо прарабу трэба везці дакументы то ў дзяржбуднагляд, то ў інспекцыю. Павёз. Потым, як заўсёды, раптоўна, тэлефануюць, што на аб’екце паломка, напрыклад, ланцуг парваўся ў бензапіле. Пакуль майстар працуе з паперамі ў інспекцыі, я еду на базу, бяру патрэбную запчастку. Там мяне яшчэ дагружаюць, каб спадарожна на суседні аб’ект што-небудзь падвёз. Адвязу. Затым назад за прарабам. Адным словам, машына за дзень астыць не паспявае.
— А дзе зараз вашы рабочыя працуюць?
— Пракладваюць камунікацыі на новых вуліцах, за аўтазапраўкай. Нашы хлопцы там водаправод кладуць.
— Куды найдалей ад Лепеля даводзілася заязджаць?
— У прынцыпе, я заўсёды працаваў у такіх арганізацыях, якія сканцэнтраваныя былі выключна ў нашым раёне. Калі яшчэ быў пажарным, аднойчы ездзіў у Прылукі, ва Украіну, за новай машынай. А вось у меліярацыі геаграфія рэйсаў крыху пашырылася, паездзіў амаль па ўсёй Віцебскай вобласці. Бываў і ў знакамітай Александрыі (Магілёўская вобласць).

 — Раскажыце пра вашых дзяцей. Які працоўны шлях выбралі?
— У нас з Марыяй Васільеўнай сын Артур. Ён, дарэчы, таксама працуе вадзіцелем — на фуры маршруты па Еўропе, Расіі. Вось цяпер паехаў у рэйс, павёз нейкі груз на Іркуцк. Цяжкавата яму, тыднямі сям’ю не бачыць, аднак гэтая праца дае неблагі заробак, а ў сям’і мэта назбіраць грошай і набыць сабе жыллё. Нявестка Юля з унукам Цімурам зараз жывуць у нас. Мы кажам: “Жывіце далей, дом прасторны, месца ўсім досыць”. Аднак яны прынялі рашэнне, мы іх падтрымліваем.
Нечакана ў суразмоўцы зазвінеў мабільнік.
— Так… Ага, добра, праз дзесяць хвілін буду. Выбачайце, праца. Як-небудзь іншым разам сустрэнемся, пагаворым яшчэ…
З гэтымі словамі і развіталіся.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Міхаіл Пазняк у сваёй ГАЗелі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>