В реформированном колледже появилась новая должность

У рэфармаваным каледжы паявілася новая пасада:  намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце прызначана Наталля Баранава.

— Наталля Пятроўна, што ўваходзіць у вашы абавязкі?
— Займаюся арганізацыяй вытворчага навучання: заключаем дамовы з арганізацыямі, праводзім адпаведную работу з аддзеламі кадраў, дбаем пра забеспячэнне навучэнцаў неабходнымі матэрыяламі, тэхнікай і г.д.
— Якімі былі вашы першыя крокі на новай пасадзе?
— Спачатку трэба было прааналізаваць сітуацыю, паглыбіцца ў сутнасць спраў. Ужо за першыя тыдні я прыйшла да высновы, што ў выніку рэарганізацыі вельмі ўдала спалучыліся накірункі дзейнасці дзвюх навучальных устаноў. Скажам, у ліцэі (а зараз гэта ўзровень падрыхтоўкі першай ступені — прафесійна-тэхнічная адукацыя) рыхтуюць муляраў. А на другім узроўні (сярэдняя спецыяльная адукацыя) асвойваюць прафесіі тэхніка-будаўніка і тэхніка-гідрамеліяратара. І зараз, у выніку рэарганізацыі, гэтыя спецыялісты, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, асвояць яшчэ і дзве рабочыя прафесіі — муляра і тынкоўшчыка. Хіба ж гэта кепска? Гэтаксама і з іншымі спецыяльнасцямі. У каледжы рыхтавалі механікаў, у ліцэі — вадзіцеляў, трактарыстаў. У выніку спалучэння нашы спецыялісты будуць універсальна адукаваныя. Ёсць і яшчэ адзін плюс — узаемазамяняльнасць кадраў. Вось нядаўна адсутнічаў выкладчык каледжа, і яму лёгка знайшлі замену з выкладчыцкага складу ліцэя.
— Ваш кабінет зараз на новым месцы — у будынку колішняга ліцэя. І займаецеся пераважна з былымі ліцэістамі. Што можаце сказаць пра іх?
— Ведаеце, мне падабаюцца гэтыя дзеці. Ветлівыя, заўсёды павітаюцца. Дастаткова адкрытыя, лёгка ідуць на кантакт.
— Якія надзённыя задачы?
— Задачы практычныя. Штодня бываю ў вытворчых майстэрнях, дзе на месцы вырашаем надзённыя праблемы. Займаемся арганізацыяй шостага, суботняга дня. Напрыклад, у мінулую суботу на базе майстэрняў быў арганізаваны майстар-клас па праграме вытворчага навучання. Навучэнцы нашага каледжа прынялі ўдзел у стартавай гонцы на трактарах “Парыж — Мосар” на Пастаўшчыне. Паставілі задачу пашырыць кола арганізацый-заказчыкаў нашых спецыялістаў.
— Якім чынам вы будзеце гэта рабіць?
— З выкарыстаннем сайта нашай установы, электроннай пошты і, вядома, “ужывую”, шляхам асабістых сустрэч. Будзем расказваць пра спецыялістаў, якіх рыхтуем, і нашы профільныя спецыяльнасці. Па выніках пераддыпломнай практыкі правядзём канферэнцыю, на якую запросім прадстаўнікоў арганізацый, сродкі масавай інфармацыі. Навучэнцы, будучыя спецыялісты, змогуць убачыць свайго заказчыка і наўпрост задаць яму пытанні, якія іх хвалююць.
— А задачы на перспектыву?
— Ужо ў гэтым годзе будзем набіраць групу са скарочаным тэрмінам навучання па спецыяльнасці “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” з навучэнцаў базы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія маюць спецыяльнасці муляра, тынкоўшчыка, маляра і інш. Тэрмін навучання — год і дзесяць месяцаў. Заключым дамовы з Глыбоцкім, Новалукомльскім ліцэямі, каб іх выпускнікі змаглі прадоўжыць навучанне ў нас на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
— Вы апынуліся на новай пасадзе?
— Я б так не сказала. Працавала намеснікам дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце, кантралявала і прафесійную сферу навучання, якою зараз займаюся ўжо ўшчыльную. Па характары я скрупулёзны чалавек, імкнуся асабіста ўнікнуць ва ўсе нюансы даручанай справы. Тым больш што пасада патрабуе выключнай адказнасці. Мы павінны зрабіць так, каб пра нашу навучальную ўстанову ведалі як мага больш людзей і як мага лепей ацэньвалі якасць яе працы. А для гэтага мы павінны павышаць якасць падрыхтоўкі і выпускаць высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>