Со спутницей Полиной шагаем узкой извилистой улочкой по Горозянкам

garazyanki-21-01-17-m-shapavala%d1%9e-kalya-svayoj-xaty

Цёмны зімовы ранак. Са спадарожніцай Палінай крочым вузкай звілістай вулачкай па Гаразянках. Час ад часу перапытваю ў дзяўчынкі, дзе і хто жыве. На жаль, многія сядзібы ўжо назаўсёды пакінулі гаспадары. Сіратліва пазіраюць на нас цёмнымі праёмамі вокнаў хаціны. На сваім шляху не сустрэлі ніводнай душы. Але вось ветрык даносіць да нас пах дыму — хтосьці зранку запаліў у печы. Дзе-нідзе ў вокнах з’яўляецца святло. Вёска пакрысе прачынаецца. Пакуль дайшлі да жвіроўкі, што раздзяляе Гаразянкі на дзве часткі і бяжыць са Слабады да Далікаў, амаль поўнасцю развіднелася.
Перасеклі бальшак і кіруемся ў бок пагорка, на якім кампактна размясцілася з дзясятак хат. Гэта і ёсць Гаразянкі, а тая частка вёскі за бальшаком, якую толькі што мінулі, некалі была асобным паселішчам — Падбрусамі. Калі і як дзве вёскі зліліся ў адну, ніхто ўжо не памятае. Але і цяпер па даўняй звычцы кожная з частак паселішча захоўвае сваю самабытную назву. Яшчэ адну частку вёскі паміж Гаразянкамі і Падбрусамі мясцовыя жыхары называюць Пасёлкам.
Якім чынам і калі ўзніклі Гаразянкі і суседнія Падбрусы, ужо ніхто з мясцовых жыхароў не ведае і не скажа, як ніхто не патлумачыць і той факт, якім чынам колішнія Рагазянкі сталі цяперашнімі Гаразянкамі. У пісьмовых крыніцах Рагазянкі згадваюцца яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Пад такой жа назвай вёска пазначана і на картах. Можна толькі меркаваць, што пісар, выводзячы ў афіцыйных паперах назву паселішча, наспех “не дакруціў” літары “р”, і нехта прачытаў яе як “г”. Такім чынам памылка замацавалася ў афіцыйным справаводстве. А першыя пісьмовыя сведчанні пра гэтыя вёскі адносяцца да 1842 года. На той час у Рагазянках (Гаразянках) было два двары і налічвалася 28 чалавек, у Падбрусах столькі ж чалавек жыло ў трох дварах. Паступова колькасць гаспадарак і насельніцтва ў вёсках значна павялічылася. Напрыклад, у 1951 годзе ў Гаразянках было 29 двароў, жыло 94 чалавекі. У Падбрусах — 20 двароў і 49 жыхароў.
Пэўны час тут была пачатковая школа, у якую хадзілі таксама дзеці і з суседніх Далікаў. Больш за дваццаць гадоў мінула, як прагучаў у школе апошні званок. Дзяцей значна паменела — і яе зачынілі. Да апошняга настаўнічалі муж і жонка Мікалай Пліско і Валянціна Геўт, якія жылі ў Гаразянках. Не для аднаго пакалення вяскоўцаў былі яны першымі настаўнікамі. А драўляны будынак школы ацалеў да цяперашняга часу, яго прыстасавалі пад жыллё.

garazyanki-21-01-17-vulica-3

Самая старэйшая жыхарка Гаразянак — Ніна Клундук. У 1961 годзе выйшла замуж з суседняй Свяды за мясцовага хлопца Аляксея. Разам з мужам працавалі ў калгасе “Пражэктар” на розных работах. Зараз жанчына жыве адна: муж памёр, а дзеці абзавяліся ўласнымі сем’ямі, павыляталі з бацькоўскага гнязда, балазе недалёка. Вось і падчас нашай размовы праведаць маці і перадаць прадуктаў завітаў на хвілінку, бо спяшаўся на працу, сын Іван, які жыве ў Лепелі.
На вуліцы заспелі Міхаіла Шапавала. Мужчына корпаўся па гаспадарцы. Разгаварыліся, дзеля зручнасці напрасіліся ў хату, дзе Міхаіл працягнуў свой аповед. Ужо некалькі гадоў мужчына на пенсіі. Да гэтага дваццаць гадоў адпрацаваў у сельгаспрадпрыемстве “Пражэктар”. У Гаразянкі, радзіму маці, сям’я Шапавалавых перасялілася з Рудні, адкуль быў родам бацька. З вайны галава сям’і Пётр Піліпавіч вярнуўся інвалідам. У 1937 годзе яго прызвалі ў Чырвоную армію. Пасля тэрміновай службы застаўся служыць. Вайна заспела ў званні старшыны. Восенню 1943-га атрымаў цяжкое раненне ў нагу і быў камісаваны. Вярнуўся на радзіму толькі пасля вызвалення Беларусі. Працаваў у Свядскай хаце-чытальні, рахункаводам у сельсавеце, штодня дабіраючыся з Рудні пешшу, нягледзячы на знявечаную нагу. Сям’я ў Пятра і Вольгі Шапавалавых была вялікая — шасцёра дзяцей. Зараз у бацькоўскай хаце Міхаіл жыве з малодшым братам Мікалаем, які таксама працуе ў “Пражэктары”. Нягледзячы на тое, што абое старыя бабылі, сядзібу сваю трымаюць у належным выглядзе. Прыемна радуе вока хата з афарбаванымі ў светлыя колеры кветкамі на франтоне.
Падчас размовы Міхаіл скардзіцца на тое, хто мог прыдумаць сяліцца ў Гаразянках: да бліжэйшага вадаёма, ракі Эса — сем кіламетраў. А так жыць можна. Лес, дары якога з’яўляюцца добрым даважкам да стала, пачынаецца адразу за хатамі. Да бліжэйшага журавінавага балота Клецішча таксама рукой падаць.
Увесну наваколлі напаўняюцца гукамі працуючай тэхнікі. За кіламетр ад вёскі аднаўляецца распрацоўка радовішча жвірова-пясчанай сумесі, запасаў якой хопіць яшчэ на шмат часу.

garazyanki-21-01-17-palina-gajko-kalya-svaj-xaty

Самая вялікая сям’я ў Гаразянках — Аляксандра і Марыі Гайко. Яшчэ ў маладосці з роднай вёскі з’ехаў на далёкую Чукотку Аляксандр. Там нарадзілася старэйшая дачка Алена. Жыццёвыя абставіны вымусілі вярнуцца да бацькоўскага парога. Ужо тут нарадзіліся Яўген і Паліна. Цяпер сямікласнікі, вучацца ў Слабадзе, куды штодня адвозіць іх школьны аўтобус. Самы маленькі жыхар вёскі — Міша, які жыве з бабуляй і наведвае дзіцячы садзік.
Усяго ў гэтай частцы вёскі шэсць хат, дзе жыве адзінаццаць чалавек. На некалькі “жывых хат” больш у Падбрусах і на Пасёлку. Хапае яшчэ і жыхароў працаздольнага ўзросту, якія пераважна працуюць на ферме ў Даліках.
Валерый ТУХТА.
На здымках: Міхаіл Шапавалаў каля сваёй сядзібы; вуліца ў Гаразянках; Паліна Гайко.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>