В небольшом уютном их дворике летом не сорняк разрастается, а цветы на клумбах шикуют

Хата стаіць на скрыжаванні дзвюх вуліц у Лепелі. Вятрамі яе прадзімае зімою, пылюгаю ўлетку абкурвае. Жывеш як на вырве. Домік невялічкі, гэткі ж невялічкі і агародзік вакол. Я і не ведаў, што тут жыве сям’я з чатырох чалавек, а калі даведаўся — здзівіўся. Трэба ж так кампактна туліцца даволі вялікай сямейцы! Зрэшты, у цеснаце, ды не ў крыўдзе.

Гаспадары ў хаце — Руслан і Вольга Кузьміч. Руслану нават яшчэ і трыццаці няма, Вольга не нашмат старэйшая. Зрэшты, гаспадары, ды не зусім. Хату гэтую маладыя людзі, аказваецца, здымаюць, сталага свайго жылля не маюць.
Гадоў пяць, як пераехалі сюды з Грыгаравіч. Там у Руслана бацькаўшчына, там карані яго. І зараз бацькі жывуць. А Вольга ўвогуле нетутэйшая. Дзяўчына з Чавусаў адвучылася ў Смальянах на агранома, па размеркаванні працаваць прыслалі ў Грыгаравічы. І колькі яна там напрацавала! Неўзабаве гаспадарка заняпала, і Грыгаравічы, як кажуць, “заваліліся”. Трэба было з’язджаць. Напыталі ў Лепелі хату. Руслан на вальшчыка лесу вучыўся, спрабаваў у Расію на заробкі ездзіць, першы раз пашанцавала, другі — пустым вярнуўся. Удалося ўладкавацца вадзіцелем у сацыяльны прытулак. Праца добрая, ды і побач, адно што не надта грашовая. Вольга пайшла санітарачкай у бальніцу — таксама недалёка. Аднак і заробак небагаты.
Дзіўлюся, як жыве на той сціплы заробак вадзіцеля і санітарачкі маладая сям’я. Дзве дачкі ў іх. Паліна ўжо ў трэці клас ходзіць, у у школе мастацтваў вучыцца іграць на домры, а Ксюшы толькі чатыры годзікі. Кажуць, не важна, колькі ты зарабляеш, важна, як траціш. Не паверыце, у іх дастаткова дарагі сучасны тэлевізар, халадзільнік і г.д. Усё не горш за іншых.
— Найперш камп’ютар купілі, — расказвае гаспадар, — бацькі дапамаглі набыць кухонны гарнітур. А зараз вось “загарэліся” ўсе на вялікі двух’ярусны ложак. Дарагаваты, праўда, аж шэсцьсот рублёў, але нічога, адужаем. Можна і ў растэрміноўку ўзяць на паўгода.
— Адкуль жа грошы на мэблю?
— Штосьці ў растэрміноўку бяром, на штосьці крэдыт афармляем, так і выкручваемся. Шэсць месяцаў дзяржаўную дапамогу невялікую атрымлівалі.
— А якія планы наконт жылля?
— Стаім у чарзе на будаўніцтва кватэры. На чаргу станавіліся льготную, як маладая сям’я. Пакуль што даюць тым, хто ў дзве тысячы дзявятым станавіўся. Мы ж — значна пазней.
— А калі свой дом набыць?
— І пра гэта таксама думаем. Нават і хацелася б лепей свой дом, дзе можна і агарод мець.
Агарод у іх ёсць і зараз. Невялікі, праўда, але хапае, каб гародніны не купляць. Свая цыбуля, агуркі, буракі, морква. На некалькіх сотках нават бульбу летась саджалі. Заўсёды ўлетку наквасяць, насоляць, назакатваюць. Глядзіш, ужо і не трэба на базар па гародніну ісці. Усё сваё, хіба што па мяса ды па малако ў краму сходзіш. Насадзілі клубніц, а сёлета яшчэ болей плануюць. Вось табе і варэнне, і кампоты, і морсы. У Вольгі з Русланам яшчэ павучыцца варта, як у нашых няпростых эканамічных варунках жыць і гаспадарыць. Далёка не кожны можа пахваліцца вялікай зарплатай. А ўменнем капейкай карыстацца ці тым жа працалюбствам — толькі дбайны гаспадар. Сям’я Кузьмічоў не жыве ў бядоце, няўхільна падымаецца па жыццёвай лесвіцы. І гэта, шчыра кажучы, робіць ёй гонар.
Больш таго, маюць машыну, і не абы-якую — “аўдзюху”. Абодва маюць вадзіцельскія правы. У гаспадара рукі залатыя, гайкі круціць — яго стыхія. Тэхніку, як лялечку, перабярэ, пачысціць — усё ў яго на мазі. З дзяцінства да тэхнікі хінецца. Быў у яго і “мінчык”, была і “капейка”. Сябрам, знаёмым з ахвотаю дапамагае з тэхнікай справіцца.

img_9213

У невялікім утульным іх дворыку летам не пустазелле буяе, а кветкі на клумбах раскашуюць. А гэта таксама паказчык добрага густу.
І яшчэ адна акалічнасць радуе. Са свайго сціплага сямейнага бюджэту маладыя людзі знаходзяць магчымасць падпісацца на раённую газету. Людзі простыя, сціплыя, працавітыя, заўсёды знаходзяць, што пачытаць у “раёнцы”.
Такіх, як Вольга і Руслан, маладых людзей большасць. Менавіта такія і складаюць аснову жыцця, соль зямлі нашай.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: сям’я Кузьміч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>