Мальчикам и девочкам десяти лет не нужно объяснять, что такое банк

guo-ssh-1-1

Прызнацца шчыра, я была прыемна здзіўлена, наколькі дакладна малодшыя школьнікі нашага раёна ведаюць асаблівасці работы банка. Хлопчыкам і дзяўчынкам дзесяці год не трэба тлумачыць, што такое банк, для чаго існуюць пластыкавыя карткі. Яны ведаюць аб разнастайных відах аплаты, называюць розныя віды валют і г.д. У гэтым я пераканалася ў чарговы раз, пабываўшы на адной з сустрэч намесніка кіраўніка разлікова-касавага цэнтра №19 у г. Лепелі філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” — Віцебскае абласное ўпраўленне Вольгі Гушча з вучнямі пятых класаў сярэдняй школы №3 г. Лепеля.
— Ці ведаеце вы, дзеці, што такое банк? — пытаецца Вольга Мікалаеўна ў вучняў.
Дзесяцігадовая Дана ўстае і ўпэўнена адказвае:
— Банк — гэта спецыяльная ўстанова, якая працуе з грашыма. Тут прымаюцца ад людзей на захаванне грошы — гэта называецца ўкладам. Чалавек як бы ўкладвае свае грошы на нейкі час. Потым банк вяртае гэтыя грошы, яшчэ і зверху нешта даплачвае — гэта працэнт прыбытку.
— А што такое крэдыт? — гучыць наступнае пытанне Вольга Мікалаеўна.
— Калі чалавек хоча купіць нешта значнае — кватэру ці машыну, тады банк аплачвае гэтую пакупку, а потым з цягам часу кліент абавязаны часткамі вярнуць гэтыя грошы ў банк, заплаціўшы пры гэтым зверху пэўнае ўзнагароджанне.
— А што яшчэ можна зрабіць у банку?
— Тут прымаюцца плацяжы за кватэру, святло, тэлефон, тэлебачанне, інтэрнэт, — шчабечуць дзеткі, перабіваючы адзін аднаго.
— Банкі займаюцца абменам валют — мяняюць беларускія рублі на долары, долары — на еўра, еўра — зноў на нашы рублі — і так з усімі валютамі, — кажа пяцікласніца Маша.
— А яшчэ банкі займаюцца пераводам грошай паміж людзьмі і фірмамі. Хоча, напрыклад, адпаведная фірма набыць новую мэблю. У такім выпадку ўстанова можа захаваць грошы ў банку і пры патрэбе пераводзіць неабходную частку іншай фірме. Так і людзі могуць пераводзіць грошы адзін аднаму — у іншы горад і іншую краіну.
— Малайцы, дзеці! Вы вельмі добра ведаеце работу банка. А каб замацавалі свае веды, кожнаму з вас на памяць “Белаграпрамбанк” дорыць цікавыя яркія кніжкі “Твае першыя фінансы”.
Дзеткі ахвотна атрымліваюць падарункі і з цікавасцю разглядаюць яркія ілюстраваныя старонкі.
— Падобныя сустрэчы работнікі банка праводзяць з дзецьмі рэгулярна, — адзначае Вольга Гушча. — Мы ў даходлівай форме расказваем дзецям аб асаблівасцях работы банка, яго разнастайных відах паслуг. Аднак бачна, што і яны самі ведаюць вельмі шмат. Са многімі мы часта сустракаемся, паколькі іх бацькі ў свой час аформілі ў нашым банку ўклад “Расці вялікі!”. Дзеткі з задавальненнем атрымліваюць падарункі да дня нараджэння, рыхтуем падарункі для малых і з нагоды дзяржаўных святаў.
Вольга Гушча правяла сустрэчы з вучнямі сярэдніх школ №1, №3, гімназіі імя І. Ерашова, а таксама вучнямі Бароўскай і Заслонаўскай сярэдніх школ. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі брашуры “Твае першыя фінансы”, а таксама паглядзелі цікавы фільм аб прыгодах вясёлага персанажа Агрыка, які падарожнічаў па банку. Усім вучням пятых класаў нашага раёна было ўручана 339 брашур. Акцыя “Твае першыя фінансы” праводзілася па ўсёй краіне з 16 снежня 2016-га па 20 студзеня 2017 года.
Зараз гэта вучні пятых класаў, а праз некаторы час яны, магчыма, стануць выдатнымі эканамістамі, і веды, атрыманыя зараз, толькі дапамогуць у авалоданні будучай прафесіяй.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: вучні сярэдняй школы №1 сталі ўдзельнікамі запамінальнай сустрэчы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>