Нет разгона автомобилю Андрейки, кроме как по бабушкиной кухне

img_8942

Пра адно “рэтра” мы ўжо ведаем з папулярнай песенькі, якую ў часіны майго маленства і юнацтва дзе толькі ні круцілі. Памятаеце, “дзесьці за горадам вельмі нядорага тата купіў аўтамабіль”. А вось другі рэтраспектыўны транспартны сродак стаіць “на прыколе” ў кладоўцы аднаго з катэджаў у Лепелі. Ажывае толькі тады, калі становіцца патрэбным свайму гаспадару — пяцігадоваму Андрэйку. Праўда, улетку, прыхапіўшы аўто, яны з дзядулем накіроўваюцца пагуляць у гарадскі парк. Вось тут ужо ў машыны “бенефіс”. І пабачаць яе, і ацэняць, і нават сэлфі зробяць.
А пакуль зіма. Няма Андрэйкаваму аўтамабілю разгону, апрача як па бабулінай кухні. А на кухні далёка не разгонішся. Вось і маркоціцца рэтра-тэхніка ў кладоўцы, чакаючы свайго зорнага часу.
Зрабіў машынку Васіль Худаешка. Вельмі ж захацелася Васілю Лявонавічу, аўтаэлектрыку з ДРБУ-202, парадаваць унука чымсьці незвычайным. Можа, таму, што сам у дзяцінстве не меў шчасця парадавацца падобнай тэхніцы. Прыехала сям’я з Валагодчыны, калі хлопчыку было дванаццаць гадоў. Бацькі спыніліся ў невялікай вёсачцы Ліпкі, што за Валосавічамі.
Дзяцінства Васі прайшло ў інтэрнатах — у Варапаеве, у Лепелі. Суровае было ў яго дзяцінства. Казённыя цацкі з крамы. І ніхто, вядома, не мог укласці ў іх душы, напоўніць хатняю цеплынёю і любоўю. Ужо там спрабаваў хлапчук прыкласці да справы свае майстравітыя рукі, задзейнічаць няўтомную дзіцячую фантазію. Займаўся авіямадэляваннем. Але ж гэта не дома. Пра сур’ёзныя вынаходніцтвы тады не магло быць і гаворкі.
А пасля былі Ульскае прафтэхвучылішча, Гарадоцкі тэхнікум. Адпрацоўваў размеркаванне механікам у Сушы. А затым армія — у Эстоніі ракетчыкам служыў, быў вадзіцелем-інструктарам і начальнікам КТП. Толькі пасля войска, толькі калі дадому ўжо вярнуўся, зрабіў свае першыя аэрасані. Захапіўся радыётэхнікай — прыёмнікі, магнітафоны розныя ладзіў, светламузыку.

* * *

Здарылася бяда — трапіў у аварыю, пагоршылася здароўе. Аднак Бог не забраў у яго няўрымслівага розуму і творчай іскрынкі, пакінуў залатыя рукі — што яшчэ трэба! Доўгія гады яго нястомная энергія і выдумка былі запатрабаванымі ў ДБУ-34, дзе працаваў акумулятаршчыкам-электрыкам, а пасля і ў ДРБУ-202, куды перайшоў пераводам. Тут Васіль Лявонавіч і дагэтуль працуе, хаця ўжо гады тры як на пенсіі. Ды хто яго адпусціць на адпачынак — ён жа тут як палачка-выручалачка! Робіць снегаўборачную машыну, каб была свая, сканструяваў кран-вазок. А яго стэнд для выпрабавання генератараў служыць ужо дваццаць гадоў.
Не сядзіцца і дома без справы. Мотаблок з прычэпам самаробны сканструяваў, у гаражы ўсё абсталяванне — яго рук справа, трэнажор зрабіў. Для Васіля быў бы кавалак жалеза — прымяненне яму ён заўсёды знойдзе.
І вось захацелася раптам падарыць унуку штосьці незвычайнае, экстравагантнае, чаго ні ў адной краме не купіш. Зразумела, розных кітайскіх электронных дзіцячых цацак поўна, былі б грошы, ды і электрамабілі знойдуцца. А вось такі рэтра-аўтамабіль няхай паспрабуюць зрабіць кітайцы — фантазіі не хопіць. Палез у інтэрнэт, знайшоў у музеі фотаздымак даўнейшага аўтамабіля і наўпрост па ім пачаў рабіць рэальную тэхніку. Зрабіў замеры кола і зыходзячы з іх рабіў астатнія дэталі. Спачатку стварыў драўляны макет, а затым са шкляной тканіны і эпаксіднай смалы выклейваў корпус. Цудоўны электрарухавік атрымаўся з ацяпляльніка легкавога аўтамабіля. Акумулятар падышоў з матацыкла. Машынка сама ездзіць. Зарадкі хапае Андрэйку на гадзіну язды. Радасці хлопчыку! І гордасці таксама! Асабліва калі ў парку выстройваецца цэлая чарга з ахвотнікаў зрабіць фотасесію, калі ён катаецца на ўласным аўто — дзядулевым падарунку.
А тым часам у Васіля Лявонавіча ўжо новыя планы. Гады не тыя, агародзік ля дому ўжо цяжкавата ўручную апрацоўваць. Трэба брацца канструяваць мотаблок. І сабе будзе падмога, і Андрэйку, калі падрасце, спатрэбіцца.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Васіль Худаешка і яго рэтра-электрамабіль.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>