Дружим “Вконтакте”, может, года два. Дружим и по жизни

m-a%d1%9etushka Ну што я яшчэ не ведаю пра Машу і чаго яна не ведае пра мяне! Сябруем “УКантакце” гады, можа, два. Сябруем і па жыцці. І хто сказаў, што паміж дарослым і падлеткам не можа быць нічога іншага, акрамя як узаемаадносін настаўніка і вучня? Прычым дарослы абавязкова павінен вучыць, а падлетак — вучыцца. А калі раптам наадварот?.. У жыцці столькі даводзіцца вучыцца ў падлеткаў! Усяму — і добраму, і на іх памылках.
А ў Машы, у Марыі Аўтушка, дык і павучыцца не грэх. Асабліва абвостранаму пачуццю справядлівасці. Вось яна шукае гэтую справядлівасць і ўсё. Паўсюль шукае, ва ўсім. І часам не знаходзіць, і часам расчароўваецца. І тады моцна перажывае… Такая вось добрая душа. Адзінаццаты клас, выпускны. Сёлета ўвосень ужо “стукне” васямнаццаць гадоў. Здавалася б, час сталець. Дык яна ўжо і пасталела: і думкі, і развагі дарослыя. Вось толькі па-ранейшаму дзіцячым, катэгарычным застаецца падзел свету на “цёмнае” і “светлае” — на праўду і хлусню. Баюся, што і прафесію яна сабе выбера менавіта па часці абароны праўды ад хлусні. Пакуль жа пра свой выбар — нікому. Нават мне, даросламу сябру, хаця б на вушка шапнула.
— Няхай мой выбар будзе для ўсіх сюрпрызам…
Ах, гэтыя сюрпрызы!
З яе магла б атрымацца спявачка. Цудоўны голас, даволі багаты сцэнічны вопыт, хоць і на раённым узроўні. У свой час без яе вакалу не абыходзіўся ні адзін раённы конкурс “Сонечны круг”. І захапляліся яе голасам у чацвёртай школе. І вельмі любілі там Машаньку. І яна вельмі любіла сваю родную школу і настаўнікаў. Я памятаю той час, калі Маша мусіла перайсці ў новую школу. Вось для каго быў сапраўдны шок…
Да ўсяго прывыкаеш. У СШ №1 прыйшла ўжо амаль дарослая. Праўда, у новым гняздзе чароўная птушачка пакуль што песень не спявала. Хаця і тут неўзабаве яе заўважылі, прынамсі — настаўніца спеваў. І паклікалі на сцэну. І пачала хадзіць на конкурсы. Напрыклад, на конкурс “ды-джэяў”. Было вельмі весела. І на алімпіядзе была па рускай мове.
Ужо адзінаццаты клас, трэба сур’ёзна займацца вучобай — ці да песень тут! Дый разумее Маша, што стаць эстраднай зоркай нікому не вядомай спявачцы з невялікага раённага гарадка — амаль нерэальна. Трэба выбіраць штосьці больш рэальнае і жыццёвае. А “Непаседы”, а “Капітошка” — усё гэта няхай застаецца светлаю згадкаю шчаслівага дзіцячага творчага пошуку. Не здраджвае пакуль толькі… каледжу. Так атрымалася, што пазнаёмілася з Таццянай Гольдзінай, тагачасным культарганізатарам, і стала сваёй на каледжаўскай сцэне. І там знайшла новых сяброў, менавіта сяброў па духу.
У дружбы не бывае ні перашкод, ні межаў. Таму што дружба — менавіта духоўная повязь людзей. А душа, на шчасце, не падпарадкоўваецца ўзросту. Таму я смела кажу, што мы з Машай адзін у аднаго вучымся, а яе жыццёвае крэда дапамагае маім творчым пошукам. Магчыма, тут можна казаць шмат чаго, але не буду. Шукайце нас “УКантакце”, і там вы шмат чаго зразумееце.
Марыя — рамантык. Я бачу ў яе юным рамантызме свой колішні юначы максімалізм — і гэта таксама нас аб’ядноўвае. А ўжо наколькі цікавы і разумны яна суразмоўца! У спалучэнні з крыштальнай чысцінёй душы гэта робіць ёй вялікі гонар. Вось жа нейкаму хлопцу пашанцуе! Але толькі ў тым выпадку, калі Марыя сама спыніць на ім выбар. Катэгарычная! Трымайце, хлопцы, вуха востра.
Зрэшты, сяброўку маю нельга назваць “прынцэсай на гарошыне”. Гэта цалкам рэальная і сучасная маладая асоба, вясёлая, з запалам, яна становіцца душой любой кампаніі і нішто чалавечае ёй не чужое. Спачатку, праўда, ад такіх кампаній трымалася ўбаку. Маці брала для яе пуцёўку ў санаторый, а Маша не хацела, ёй было там сумна. А пасля ўжо і сама прасілася. Зразумела, яна мае пачуццё ўласнай годнасці, ды гэта так і трэба, але на “зорную хваробу”, як некаторыя, не хварэе. Больш таго, не любіць “зорнасці” і ў іншых.
Маша-Марыйка! Так хочацца, каб табе ў жыцці пашанцавала. Каб зрабіла ты правільны выбар і нарэце знайшла тое, што шукаеш і аб чым марыш — справядлівасці. Не можа быць, каб не знайшла! Ты добры, чулы, спагадлівы чалавек і ў жыцці заслугоўваеш лепшага.
Чаго я яшчэ не ведаю пра Марыю Аўтушку? Чаго яна не ведае пра мяне? Пры кожнай сустрэчы спрачаемся, дыскутуем, чагосьці заўсёды шукаем. Ісціны? Ісціна — і ёсць вечны пошук.

Уладзімір МІХНО
На здымку: Марыя Аўтушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>