Нерухомасць знаходзіць гаспадароў

На працягу 2011 года ў раёне прададзена 16 аб’ектаў нерухомасці камунальнай уласнасці. Усе яны да таго пуставалі, не прыносілі ніякага даходу.
З іншага боку, некаторым прадпрымальнікам, фірмам патрэбны былі плошчы для наладжвання вытворчасці, рознічнага продажу спажывецкіх тавараў, аказання паслуг. Словам, інтарэсы дзяржавы, раёна і бізнэсу зліліся ў адно рэчышча.
Трохпавярховік па вуліцы Партызанскай, 19, паводле дакументаў, пуставаў з 2009 года.

На самой справе — значна больш. Калі выставілі на продаж, адразу ім не асабліва зацікавіліся, занадта вялікі, таму было прынята рашэнне прадаваць па частках, па паверхах. Першы і трэці набыло гандлёвае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Лепельтэхнабуд”, другі паверх — індывідуальны прадпрымальнік Марыя Сёмачкіна. Паверхі з’яўляюцца ізаляванымі памяшканнямі.
Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Ладэ” за 200 мільёнаў рублёў набыло асобнае памяшканне пад склад на тэрыторыі былога ваеннага шпіталя.
Прыватны бізнэс цікавяць аб’екты не толькі ў межах горада. Пэўны інтарэс праяўляюць і да нерухомасці ў вёсках. Так, прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Мініопт” з Калодзішчаў Мінскага раёна купіла на працягу года два лоты. Спачатку быў набыты будынак былога сельскага клуба ў Барсуках. Пасля ж мінчане кінулі свой пагляд на іншы бок раёна — Сушу. Там адзіным лотам набылі комплекс з сямі будынкаў былой школы, які ўключае ў сябе пабудовы ўласна школы-сада, а таксама майстэрню, спартзалу, бібліятэку, сталовую, кацельню, помпавую.
Акрамя прадстаўнікоў бізнэсу нерухомасць набываюць і грамадзяне. Гаражы па вуліцы Чырвонаармейскай, 4 і будынак былога фельчарска-акушэрскага пункта ў Ворані набылі фізічныя асобы.
— Найчасцей прадпрымальнікі набытыя памяшканні выкарыстоўваюць для рознічнага гандлю, прасцей кажучы, адчыняюць крамы, — каментуе галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Дудо. — Бывае, што выкарыстоўваюць іх для аказання паслуг насельніцтву, як склады, радзей — для вытворчасці.
Амаль усе аб’екты прадаваліся неаднаразова, няўдала, таму ў далейшым цана на іх зніжалася. Большасць памяшканняў рэалізаваны са зніжэннем цаны на 50 працэнтаў.
Найчасцей на лот знаходзіцца адзін прэтэндэнт, яму ён і дастаецца, праўда, паводле заканадаўства, з пяціпрацэнтнай надбаўкай. Прадпрымальнікі на гэта пагаджаюцца.
Выпадак са складам былога ваеннага шпіталя выдзяляецца з агульнага шэрага. На яго знайшліся адразу тры прэтэндэнты, таму адбыўся аўкцыён з павышэннем цаны. Пачатковы кошт лота складаў 82,5 мільёна рублёў, аднак “Ладэ” дастаўся ён за 200 мільёнаў.
Ёсць прыклады продажу за адну базавую велічыню. Такім чынам былі рэалізаваны кароўнік і цялятнік у Забалацці Лепельскага сельсавета. Нерухомасць набыло закрытае акцыянернае таварыства “Віцебскаграпрадукт”. Аднак гэта здзелка абгаворана некалькімі абавязковымі для пакупніка ўмовамі: стварэнне новых працоўных месцаў, запуск вытворчасці на працягу аднаго года з дня заключэння здзелкі куплі-продажу і немагчымасць прадаць аб’екты на працягу пяці гадоў з моманту запуску вытворчасці.
Усяго на працягу 2011 года ад продажу нерухомасці раённы бюджэт атрымаў больш аднаго мільярда рублёў.
На 2012 год плануецца прадаць яшчэ некалькі аб’ектаў нерухомасці ў горадзе і раёне: дом сацыяльных паслуг у Зямцах, будынак школы ў Заслаўках, дзіцячы садок у Сушы, Губінская школа, лячэбны корпус ваеннага шпіталя, ФАП у Ляхавічах, бібліятэка ў Барсуках. Да ўсіх гэтых аб’ектаў зараз прыбаўляюць прыметнік “былы”, а так хочацца, каб гаварылі: “Паспяхова дзеючае прадпрыемства…”!
С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>