Покліч бацькаўшчыны

З улікам павышанага запатрабавання спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю (аграномаў, заатэхнікаў, ветэрынараў, інжынераў, механікаў, энергетыкаў) зменены ўмовы прыёму і навучання па гэтых спецыяльнасцях. Замест ранейшых 20% цяпер па мэтавых накіраваннях у навучальныя ўстановы будуць прымацца 60% навучэнцаў ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў. Упершыню атрымліваць накіраванні могуць выпускнікі, якія скончылі гарадскія школы і жывуць у гарадах з насельніцтвам меней за 20 тысяч чалавек.

З дзвюх да трох базавых велічынь павышаны памер дадатковай да асноўнай стыпендыі. У новым навучальным годзе гэтая сума будзе раўняцца 300000 рублёў.
Выпускнікі каледжаў сельскагаспадарчага профілю раней пры паступленні ў ВНУ здавалі тэст па мове. Цяпер ён заменены на два экзамены па прафесіі.
Абітурыенты, якія мелі мэтавыя накіраванні і не прайшлі па конкурсе на спецыяльнасці “Агранамія”, “Заатэхнія” і “Ветэрынарная медыцына”, могуць вучыцца за лік гаспадаркі.
Усе выпускнікі навучальных установаў хочуць атрымаць размеркаванне ў свае раёны. Аднак гарантавана вяртаюцца на радзіму тыя, хто навучаўся па мэтавых накіраваннях. Усім маладым спецыялістам выдзяляюцца месцы ў інтэрнаце.
Школы раёна павінны ў працэсе вучобы арыентаваць вучняў на працяг навучання ў навучальных установах сельскагаспадарчага профілю. Фактычна, гэта работа вядзецца даўно. На жаль, не ўсюды аднолькава. Скажам, аднолькавую дапамогу і ўвагу ад сельгаспрадпрыемства “Баброва” атрымліваюць Матырынская і Баброўская сярэднія школы, аднак чамусьці выпускнікі першай ахвотна паступаюць у сельгасустановы, а другой такога жадання не маюць. Чаму дзеці з Матырына, дзе няма сельскагаспадарчых аб’ектаў, апрача фермы, хочуць звязаць працоўнае жыццё з сельскай гаспадаркай? Адказ адзін: адпаведную работу сярод вучняў праводзяць педагогі.
Гутарым з дырэктарам Матырынскай школы Надзеяй Галай.
— Надзея Іванаўна, якая канкрэтная работа праводзіцца па лініі сельгаспрадпрыемства — школа?
— Па першым нашым звароце да дырэктара сельгаспрадпрыемства “Баброва” Вячаслава Храмцова на прышкольны надзел завозіцца зямля, гной. Паколькі летась гаспадарка не мела магчымасці выдзеліць нам грашовыя сродкі на рамонт спартыўнай залы, нам далі машыну зерня, якое мы прадалі камбікормаваму заводу і атрымалі пэўную суму. Мы ў сваю чаргу ў школьнай майстэрні вырабляем неабходныя сельгаспрадпрыемству рэчы, выдаём пасцельную бялізну камандзіровачным, аказваем дапамогу ва ўборцы ўраджаю. Словам, у нас поўнае ўзаемаразуменне.
— Работнікі сельгаспрадпрыемства арыентуюць школьнікаў на паступленне ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы?
— Дырэктар КУВСГП “Баброва” — часты госць у школе. Ён распавядае вучням аб перавагах паступлення ў навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, прапаноўвае мэтавыя накіраванні, на першай лінейцы ў пачатку навучальнага года ўручае прэміі школьнікам, якія на летніх канікулах працавалі ў сельгаспрадпрыемстве. У час апошняга званка прафкам уручае прэміі выдатнікам вучобы.
— Што робяць самі педагогі для прафарыентацыі вучняў?
— Запрашаем прадстаўнікоў навучальных устаноў для гутаркі з вучнямі. У гэтым навучальным годзе у нас пабылі педагогі з Гарадоцкага і Лепельскага каледжаў, Лепельскага прафліцэя. Праводзім тыдзень прафарыентацыі, факультатыўныя заняткі ў гэтым плане. Арганізоўваем тэсціраванне, па выніках якога псіхолаг і сацыяльны педагог вызначаюць, да якой прафесіі схільны той ці іншы вучань. Рэкамендацыі школьнікі ўспрымаюць сур’ёзна.
Многія выпускнікі Матырынскай школы займаюць адказныя пасады на прадпрыемствах і ўстановах сельскагаспадарчага профілю. Леанід Пляшко раней узначальваў абласны камітэт сельскай гаспадаркі і харчавання, цяпер працуе дырэктарам дзяржаўнай установы “Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін”. Барыс Яфрэмаў — першы намеснік райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу. Сяргей Халімоненка — дырэктар сельгаскааператыва “Іллюшынскі” на Ушаччыне. Ігар Парахонька — аграном акцыянернага таварыства “Чарэйшчына”. Таццяна Курбацкая — ветурач акцыянернага таварыства “Ладасна”, Ірына Курбацкая — ветфельчар. Ганна Загорскас — ветурач акцыянернага таварыства “Лепельаграсэрвіс”.
Два сёлетнія выпускнікі выказваюць жаданне паступаць у Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт, адзін — у Лужаснянскі аграрны каледж Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Некалькі навучэнцаў збіраюцца працягваць вучобу у прафліцэі.
Нядрэнна наладжана ўзаемасувязь па прафарыентацыі паміж Старалепельскай базавай школай і сельгасфіліялам “Заазер’е”. Многія выпускнікі паступаюць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, прафліцэй. СГФ “Заазер’е” апераджае іншыя сельгасарганізацыі раёна па ліку стыпендыятаў прадпрыемства.
Жанна КАЖАН,
галоўны спецыяліст па кадрах райсельгасхарчу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>