Ад Слабады да Аношак

Вёска Слабада Слабадскога сельсавета — адно з самых старажытных паселішчаў Лепельшчыны. Раней яна мела іншую назву — Свяда. Упершыню гэтая назва ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1563 годзе. Захаваліся рэшткі праваслаўнай царквы, названай у гонар святых бяссрэбранікаў і цудатворцаў Касмы і Даміяна.
Можна меркаваць, што царква існавала ўжо ў XVI стагоддзі. Але ў 1943 годзе драўляны будынак згарэў у полымі вайны. І сёння мы можам пабачыць на гэтым месцы толькі падмуркі. Усё ж у пачатку ХХІ стагоддзя намаганнямі вернікаў пачалася работа па аднаўленні Слабадскога прыхода.

Сёння храм знаходзіцца ў драўляным будынку, які быў пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Яго таксама можна лічыць адным з помнікаў драўлянай архітэктуры, што захаваліся.
Візітнай карткай Слабады па праве можна лічыць ліпавую алею, якая была пасаджана больш за сто гадоў таму назад тагачаснымі ўладальнікамі вёскі Івановымі. Засталося каля трохсот велічных ліп, якія сваімі шатамі падпіраюць неба.
Далейшы наш шлях ляжыць у накірунку вёскі Далікі. Адразу за Слабадой раўнінная мясцовасць рэзка мяняецца ўзгорыстым ландшафтам.Трэба прыкласці шмат намаганняў, каб узабрацца на высокую гару, якую ў народзе называюць Міласніца. Цікавае паданне захавалася ў мясцовых жыхароў пра гэтую назву.
Даўным-даўно, калі ў Слабадзе не было яшчэ сваёй царквы, свяшчэннік з Валосавічаў прыехаў сюды па міласціну. На зваротным шляху багата нагружаныя вазы не змаглі адолець гару. Таму частку міласціны свяшчэннік прыхаваў каля дарогі. Калі на наступны дзень вярнуўся за пакінутым дабром, яго на тым месцы ўжо не было.
За гарой Міласніцай перад намі адкрываюцца прасторы ваколіцы вёскі Далікі. Збочыўшы крыху ўправа, мы можам патрапіць у журавінавае балота і пакаштаваць гэтай карыснай і вельмі смачнай ягады. А калі пашчасціць, то можна ўбачыць занесеную ў Чырвоную кнігу рэдкую птушку — скапу. Гэтае месца знаходзіцца пад аховай дзяржавы і мае назву заказнік “Клецішча”.
У наваколлі вёскі Свядзіца нашы продкі пакінулі свае сляды ў выглядзе курганоў і гарадзішчаў. У цэнтры на могілках захавалася больш за 20 старажытных пахаванняў — курганоў Х — ХІІІ стагоддзяў. Мясцовыя жыхары расказваюць легенду пра таямнічую яўрэйскую царыцу, што вяла вайну; тады загінула многа людзей, якія былі тут пахаваныя.
Гарадзішча “Батарэя” адносіцца да 1 стагоддзя нашай эры. Мясцовыя жыхары звязваюць яе назву з падзеямі вайны 1812 года. Па легендзе, на гэтай гары стаяла батарэя французскіх гармат, якая страляла па Лепелі. З гарадзішча адкрываюцца маляўнічыя краявіды прыгожых лясных азёр Малы і Вялікі Гогалі, якія атрымалі сваю назву дзякуючы птушцы гогаль, што водзіцца тут. Пра гісторыю ўтварэння гэтых азёр існуе легенда.
З-за гор прыехаў чарнявы хлопец. Нібыта да некага ў госці. Упадабаў мясцовую прыгажуню, але дзяўчыне хлопец быў зусім не даспадобы.
Чарнявы не адступаўся. Аднойчы вечарам застаў ён маладзіцу адну ў капліцы на могілках, дзе тая малілася Богу. Абступілі з усіх бакоў дзеўку служкі хлопца. Сказаў тады апошні: “ Ідзі за мяне, а не пойдзеш, сілай вазьму”. Вырвалася дзеўка з капліцы, дый бегчы дадому. А капліца з людцамі, якія там былі, пачала правальвацца пад зямлю, заплываць балотнай тванню. Так і не здолеў ніхто выбрацца адтуль. Дзяўчына ж прыбегла дахаты і зачынілася з роднымі і сваім суджаным, нікуды не выходзілі.
Людзі, якія бачылі, як капліца правальваецца, падумалі, што гэта чары дзяўчыны і яна вядзьмарка. Вырашылі яе забіць. Прыходзілі дахаты, кідалі каменне, факелы, але ўсё марна. Бог як бы засцерагаў гаротнікаў. Доўга так працягвацца не магло, і хата з дзяўчынай таксама пачала правальвацца пад зямлю. Раніцай тут людзі ўбачылі прыгожае возера, а побач, праз дарогу, там, дзе стаяла капліца, таксама плёскала вада. Кажуць, што і цяпер духі Чарнявага і яго сяброў жывуць у плывунах (астравы, што адрываюцца ад берага і плаваюць па воднай гладзі).
Кіруем у бок мінскай шашы. Мінуўшы вёску Юшкі, у маляўнічым лясным куточку на ўзбярэжжы ракі Эса, можна крыху адпачыць і спаталіць смагу крынічнай вадой. Некалькі кіламетраў звілістай жвіроўкі прывядуць нас на бераг Верабскага канала, які з’яўляецца часткай Бярэзінскай воднай сістэмы і быў пабудаваны на старажытным гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі” ў 1789 — 1803 гадах. Яшчэ і сёння можна пабачыць зрубы старых шлюзаў, насупраць якіх пабудавана калавурка — адміністрацыйны будынак канала.
У наваколлях Верабак знаходзіцца стаянка бронзавага веку, якой 5 тыс. гадоў, і тысячагадовае гарадзішча пад назвай “Плоская гара”.
Ідзём далей на Рудню. На мясцовых могілках некалькі гадоў таму назад вучні нашай школы выявілі каменны крыж з выбітай на ім датай “1859”. Цяпер мы можам пабачыць гэты гістарычны помнік, якому быў нададзены адпаведны выгляд.
Старым Барысаўскім шляхам, што некалькі стагоддзяў звязваў Лепельшчыну са старажытным горадам Барысавам і далей трымаў свой накірунак на горад Мінск, мы трапляем у вёску Велеўшчына. Сярод іншых паселішчаў нашага сельскага савета гэтую вёску вылучае фальклорны абрад “Жаніцьба Цярэшкі”, які захаваўся з сівой даўніны. Завітаўшы сюды ў калядныя вечары, можна прыняць удзел у гэтым ігрышчы, пачаставацца самабытнымі стравамі беларускай кухні.
Сярод гістарычных помнікаў, якіх таксама багата ў наваколлях вёскі Велеўшчына, можна вылучыць камень, Крэсла Напалеона. Памяць тутэйшых жыхароў данесла да нас звесткі аб тым, што нібыта на гэтым камені адпачываў сам французскі імператар.
У вёсцы Аношкі на беразе маляўнічага возера Оч можна адпачыць у аграсядзібе “Аношкі”. Значны каларыт культурнаму асяроддзю нашага рэгіёна надае фальклорны гурт “Аношкі”, што аб’яднаў таленавітых жанчын, якія памятаюць і даносяць да сучаснікаў традыцыі нашых продкаў праз песні, абрады і звычаі.
Валерый Тухта,
краязнаўца.
На здымку: умацаваныя берагі Верабскага канала.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>