Сильно повезло Жене Ивашкевичу: он стал одним из четырех счастливцев в Лепельском районе

img_8529 Моцна пашанцавала Жэню Івашкевічу: стаў ён адным з чатырох шчасліўцаў у нашым раёне, якія трапілі сёлета на прэзідэнцкую ёлку. Хлопчык нядаўна вярнуўся з Мінска і да гэтага часу пад уражаннем, захоплена распавядае пра, можа, галоўную падзею ў яго жыцці.

Зрэшты, сама па сабе паездка ў Мінск для Жэнькі не навіна. Колькі разоў ужо быў там. Не так даўно прывёз са сталіцы Ганаровую грамату і мабільны сэнсарны тэлефон. А было ўсё так: напісаў ён неяк на ўроку беларускай мовы сачыненне. Ён вельмі любіць і мову, і літаратуру — і беларускую, і рускую. Цікавіцца таксама гісторыяй. Ну ды пра гэта пасля. Дык вось, задала Вера Піліпаўна сачыненне (Вера Маліноўская выкладае ў Бароўцы родную мову і літаратуру). Сачыненне на тэму вельмі цікавую: “Трэба жыць у шчаслівай краіне”. Не тэма — цукерачка, як тут не памарыць! Раскінуў Жэнька свае мары, уключыў фантазію багатую, і пайшло-паехала. Пісаў пра дзяўчынку-аднакласніцу, што прыехала з суседняй Украіны, пісаў пра дзядулю, які ваяваў і меў за храбрасць свае дзяржаўныя ўзнагароды, пра самога сябе пісаў — пра свае планы і надзеі. Сачыненне трапіла на раённы конкурс, пасля — на абласны, а адтуль, як лепшае ў вобласці, паехала ў Мінск. А неўзабаве і самога аўтара запрасілі па заслужаную ўзнагароду. Так што стаў для Жэнькі мабільнік першым творчым ганарарам.
І вось запрасілі на ёлку. Такога не забудзеш! Свяціліся агні Дзяржаўнага цырка і вясёлыя клоўны давалі святочнае прадстаўленне. Сам Прэзідэнт выступаў перад імі ў Палацы Рэспублікі. Ён казаў, што не трэба адкладваць на заўтра таго, што трэба зрабіць сёння, трэба ўсё рабіць своечасова. Жэнька запомніў гэтыя словы. Вельмі ўсхваляваў цікавы вялікі навагодні спектакль, дзе героі змагаліся са злым чараўніком, які завалодаў посахам Дзеда Мароза і збіраўся ўчыніць зло. Дабрыня ўрэшце перамагла — на тое і казка. Перамагла чароўная музыка маленькага хлопчыка-музыкі, якая абяззброіла злога чараўніка. А потым былі вялізныя падарункі з шакаладнымі цукеркамі. Ім яшчэ падарылі шалікі і шапкі з нацыянальным арнаментам. Такое не забываецца!
Не паспеў Жэня вярнуцца са сталічнай ёлкі ды распавесці маці, бабулям, сябрам пра свае ўражанні, як ужо зноў… сабраўся ў Мінск. На гэты раз са школьнай экскурсіяй: у Нацыянальную бібліятэку, музей Максіма Багдановіча, МакДональдс.
— А яшчэ вельмі хочацца пабачыць Мінск вячэрні з усімі яго агнямі, — прызнаўся мне хлопчык пад час нашай сустрэчы.
— Ты любіш падарожнічаць?
— Вельмі. Мы летам з сябрамі на веліках ездзім па наваколлі. Пабывалі ў Бабчы, Чарэйшчыне…
— У цябе шмат сяброў?
— Шмат.
— А так жа не бывае.
— Тады пішыце найлепшых: Антон Купрацэвіч і Захар Барчук.
— Табе падабаецца гісторыя, літаратура. А што яшчэ?
— Яшчэ люблю інтэлектуальныя гульні. Удзельнічаю ў школьнай камандзе знатакоў. Я ўвогуле выдатнік, на дзявяткі і дзясяткі вучуся. А проста гэтыя прадметы мне цікавей.
— З імі думаеш звязаць сваю прафесію?
— Пакуль яшчэ не вызначыўся. Можа, урачом буду, а можа, юрыстам. Яшчэ ёсць час падумаць, толькі ж у восьмым класе.
— А што будзеш рабіць на канікулах?
— Адпачываць.
— Які адпачынак табе па душы?
— Люблю гуляць у футбол. У абедзвюх бабуль бываю ў горадзе: то на Чапаева, то на Бярэзінскім завулку. Падабаецца лавіць рыбу — і на возеры ў Бароўцы, і на рэчцы ў Лепелі.
— Што загадаеш пад Новы год?
— Ды ў мяне ўжо шмат чаго збылося. Вось і на ёлцы пабываў. Загадаю, каб усе былі здаровыя і шчаслівыя — і я, і маці, і тата, і бабулі — усе родныя і блізкія. Чакаю, пакуль тата з Масквы прыедзе.
М. ВАЛОХА.
На здымку: Жэня Івашкевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>