Трагический случай произошел на озере Речном

img_1121 Трагічны выпадак адбыўся на возеры Рачным, што ля вёскі Вялікае Жэжліна: патануў рыбалоў-аматар, 75-гадовы пенсіянер.
Трывогу падняла жонка, калі ўвечары мужчына не вярнуўся дахаты, а мабільны маўчаў. Сын з сябрам прыехалі на месца. Машына стаяла там, дзе яе і пакінулі. На лёдзе не было ўжо ні душы. Прайшлі ўздоўж берага метраў трыста-чатырыста. Месцамі лёд пагражальна патрэскваў, бачыліся прамыіны.
У той жа вечар пра трагічнае здарэнне паведамілі ў міліцыю і таварыства выратавання на водах. Назаўтра з Віцебска прыбылі вадалазы-выратавальнікі Віталь Аніхімоўскі, Мікіта Аляксеенка і Міхаіл Сушчонак, каб праводзіць пошук. Віталь і Мікіта апранулі вадалазныя касцюмы, а Міхаіл заставаўся на беразе.
Спачатку на лёд спусцілі дзюралюмініевы човен, з яго дапамогай дабраліся да палонкі, якая знаходзілася метраў за 40 — 50 ад урэзку вады, меркаванага месца трагедыі. Віталь ныраў з аквалангам, Мікіта з дапамогай доўгай вяроўкі страхаваў яго, сам стоячы па грудзі ў вадзе. Дно было ілістае, ногі вадалазаў месцамі правальваліся па калені.
Хутка на дне пад палонкай былі знойдзены рыбалоўная скрынка, бур, футарал ад акуляраў. Сын пацвердзіў, што яны належаць бацьку. Значыць, напрамак пошуку правільны. Аднак тут пачаліся самыя значныя цяжкасці. Віталь раз за разам абследаваў дно, метадычна расшыраў тэрыторыю пошукаў, па метры павялічваў радыус, каб не прапусціць нічога, але вынік заставаўся нулявым, цела так і не маглі знайсці.
Старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Станіслаў Маркоўскі дзяліўся меркаваннямі:
— Возера Рачное нездарма так называецца: з аднаго боку ў яго ўпадае рака Ула, а з другога — выцякае. Таму водная тоўшча ў вадаёме не статычная, а пастаянна ў плынях, руху. Вось і тут праходзіць даволі моцнае цячэнне злева направа. Яно магло аднесці цела ўправа, да берага, а магло і на глыбіню.
Словы асводаўца пацвердзіла Галіна Ціханаўна Крачкоўская, жыхарка вёскі Малое Жэжліна. Жанчына, нягледзячы на 80-гадовы ўзрост, вядзе актыўны лад жыцця, любіць нават узімку прыйсці на возера з вудай, паспрабаваць рыбацкага шчасця. Яна распавяла:
— Рачное — дужа каварнае возера. З-за плыняў і цячэнняў лёд нераўнамерны. На сярэдзіне ён можа быць паўметровай таўшчыні, а ў некалькіх месцах бліжэй да берага — не таўсцей за запалкавы пачак. Я ўчора прыходзіла сюды, выцягнула некалькі плотачак, падлешчыка. Увечары а палове шостай гадзіны сабралася дахаты. Ужо амаль ля самага берага лёд пада мной нечакана падламіўся, я правалілася, дзякуй богу, неглыбока, толькі па пояс. Выбралася і хутка-хутка пабегла дахаты адагравацца і сушыцца. Мужчыну ў камуфляжнай вопратцы не бачыла. Зараз прыйшла, хацела палавіць, але перадумала, не пайду, пакуль моцныя маразы не ўдараць ды лёд тоўсты не стане.
Ускосна словы жанчыны пацвердзіў і мясцовы жыхар Аляксандр Акуліч:
— Я баюся гэтага возера. На ім па лёдзе не ведаеш, куды ступіць. Кожны год тут хто-небудзь тоне.
У пошуках цяжка праходзіў час. Сын і сябры тапельца стаялі на беразе, чакалі з хваляваннем. Вось выпрацаваны адзін балон са сціснутым паветрам. Вадалазы выйшлі на бераг, каб адпачыць, сагрэцца. Касцюмы, хоць і сухія, аднак у пальчаткі і пад шлемы трапляе вада, марозіць цела. Віталь распавядаў, што абследаваў дно метр за метрам, падыходзіў да берага, пакуль дазваляў лёд, заплываў на глыбіню, аднак больш ніякіх слядоў не ўбачыў. На шчасце, на лёдзе няма снегавога покрыва, ён прапускае пэўную колькасць святла, дастатковую для таго, каб убачыць дно. Аднак…
Віталь ускінуў другі балон, робіць наступнае апусканне, пашырае зону пошукаў. Адышоўшы крыху ўправа па цячэнні, робіць новую палонку, спускаецца ў яе. Схема ранейшая: Віталь нырае, а Мікіта страхуе.
Калі па завяршэнні пошукаў цела зноў не знайшлі, на тварах у мужчын былі пачуцці душэўных перажыванняў. Не можа быць нічога горш за няпэўнасць. Справу ўскладняла таянне лёду. У рэшце рэшт, калі б вада была чыстая, можна было б закінуць трал, спецыяльную сетку, якая суцэльна ідзе па дну. Калі б там было цела, яго б можна было зачапіць і выцягнуць. Тралам можна хутка ахапіць шырокую прастору. Ці будуць працягнуты пошукі?
— Мы людзі падначаленыя, — адказвае Міхаіл Сушчонак, — дадуць нам загад, мы прыедзем на наступны дзень і будзем працягваць пошукі. Таму, выбачайце, пакуль што не магу даць вычарпальнага адказу.
— Рыбаловам-аматарам у бліжэйшыя дні ў сувязі з пацяпленнем і раставаннем лёду я настойліва рэкамендую праяўляць асаблівую ўвагу і пільнасць, а яшчэ лепей перачакаць дома. Паверце, той падлешчык ці шчупак не вартыя жыцця, — выказаўся Станіслаў Маркоўскі.
А ў гэты час ля процілеглага берага мужчына свідраваў палонкі і ставіў жарліцы. Асводаўцы з трывогай паглядалі на яго ў бінокль.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: працуюць вадалазы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>