Вяртанне на радзіму

Увосень на вернісажы выставы “Фарбы Лепельшчыны” дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў прадстаўляў сваю карціну “Вечнасць”. Тады ён паабяцаў арганізаваць выставу работ нашага земляка Івана Хруцкага.
З 23 работ мастака, якія захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, у краязнаўчы музей даставілі 17. На вернісаж прыехалі госці са сталіцы, прыйшлі работнікі культуры, мастакі, аматары жывапісу.


Дырэктар выдавецтва “Беларусь” Ганна Трусевіч прэзентавала выдадзеную сёлета кніжку “Іван Хруцкі”. Гэта першы зборнік рэпрадукцый карцін з серыі “Славутыя мастакі Беларусі”. Праз два месяцы выйдзе кніга “Вітольд Бялыніцкі-Біруля”.
Аўтар і галоўны каардынатар праекта “Славутыя мастакі Беларусі” Уладзімір Пракапцоў адзначыў, што імя Хруцкага ўвайшло ў залаты фонд Беларусі. У мастацкім музеі знаходзіцца самая вялікая калекцыя работ майстра, якога яшчэ год з пяць таму назад лічылі вялікім рускім мастаком, хоць у Траццякоўскай галерэі захоўваецца толькі 12 яго работ.
Намеснік старшыні грамадскага Рэспубліканскага савета па культуры і мастацтве пры Савеце Міністраў, старшыня грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Анатоль Бутэвіч зазначыў, што Беларусь здаўна была калыскай славутых людзей: беларус Сямён Полацкі (1629 — 1680) стаў вядомым рускім духоўным пісьменнікам, багасловам, паэтам, драматургам, перакладчыкам; Ігнат Дамейка (1802 — 1889) — нацыянальным героем Чылі; палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацыянальнага вызвольнага паўстання 1794 года; Тадэвуш Касцюшка (1746 — 1817) — удзельнікам вайны за незалежнасць ЗША, нацыянальным героем Польшчы і ЗША, ганаровым грамадзянінам Францыі. Так здарылася і з Іванам Хруцкім. Менавіта з намерам данесці да свядомасці людзей, што мастак сапраўды наш, беларус, і арганізавана гэтая выстава. З Лепеля яна паедзе гастраляваць па іншых гарадах краіны. Такая ініцыятыва Нацыянальнага мастацкага музея. А на сёлетні дзень горада Анатоль Бутэвіч паабяцаў арганізаваць у Лепелі выставу палотнаў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (1872 — 1957), ураджэнца вёскі Крынкі Аршанскага павета Магілёўскай губерні.
Паэт Анатоль Вярцінскі прачытаў вершы, якія маглі б стаць дадаткам да кнігі Івана Хруцкага. Сказаў, што паколькі Лепельшчына выправіла ў свет столькі знакамітых людзей, можа па праве лічыць сябе культурнай сталіцай Беларусі.
Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін паведаміў, што на вернісажы шмат педагогаў. Гэта азначае, што на выставу яны прывядуць сваіх выхаванцаў.
Спыняюся ля партрэтаў сямейнай пары — старшыні Віцебскай казённай палаты, стацкага саветніка Пятра Рубцова і яго жонкі Ганны. Быццам з каляровага фотапартрэта глядзяць разумныя, лагодныя вочы вядомых людзей таго часу. Так і хочацца схапіць сакавіты яблык з нацюрмортаў “Плады і свечка”, “Кветкі і садавіна”. Апрача Івана Хруцкага толькі фотаапарат можа так дакладна адлюстраваць кожную ягаду ў кошыку з вінаградам (“Партрэт хлопчыка ў саламяным капелюшы”). Вось якой была майстэрня мастака на Полаччыне (“Дзеці перад мальбертам”)!
Прашу мастака Алеся Саўчанку пракаментаваць выставу.
— Мерапрыемства не толькі цікавае, але і карыснае тым, што праз шмат часу вяртае імя таленавітага земляка на яго радзіму. Лепяльчане могуць ганарыцца, што з’яўляюцца яго нашчадкамі, жывуць і твораць на той самай зямлі. Палотны знаёмяць сучаснікаў з тагачаснай тэхнікай пісьма карцін і служаць добрым навучальным дапаможнікам для пачынаючых мастакоў.
— Чаму не магу сфатаграфаваць карціны — выдаюць блік ад фотаўспышкі, быццам люстэрка ці шкло?
— Тэхніка напісання карцін называецца метадам лісіровак, калі адзін пласт алейных фарбаў накладаецца на другі, што робіць паверхню гладкай. Яна і адбівае святло. Такі метад шырока прымяняўся раней. Карыстаюцца ім і некаторыя сучасныя мастакі.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: Ганна Трусевіч і Уладзімір Пракапцоў на выставе карцін Івана Хруцкага.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>