Пра што пытаецца люты?

Народная прымаўка кажа: ”Пытаецца люты, ці добра абуты?” А яшчэ ў каго і пра што пытаецца гэты самы апошні і самы суровы зімовы месяц? Гэта мы высветлім у размове з Наталляй Івановай, дырэктарам ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.
— Якія “гарачыя праблемы” даводзіцца вырашаць сёння супрацоўнікам вашага цэнтра?
— Як ні парадаксальна, самыя нашы “гарачыя праблемы” — гэта праблемы халодныя. Холад, лютаўскія маразы паставілі перад намі шмат няпростых задач, якія ў мінулыя месяцы надзвычай цёплай зімы здаваліся не такімі актуальнымі.
— Спыніцеся на іх падрабязней.


— Найперш, праблема ацяплення жылых памяшканняў. Паколькі працуем з людзьмі адзінокімі, састарэлымі, як правіла, хворымі і часта маламаёмнымі, мы павінны паставіцца да яе з поўнай адказнасцю. На абслугоўванні ў цэнтры знаходзіцца 371 чалавек. Гэтыя людзі часта жывуць у старых драўляных хатах з пячным ацяпленнем, стан якога пакідае жадаць лепшага.
— Старую хату нагрэць цяжка, выветрываецца яна хутка, печ развальваецца. Бабуля ці дзядуля не могуць самі прынесці дроў, якія, зразумела, захоўваюцца на вуліцы. Хто дапаможа?
— Сацыяльныя работнікі — у першую чаргу. Дроў наношваюць на некалькі дзён, бо, згодна з дамовай, сацыяльны работнік не кожны дзень наведваецца да свайго падапечнага, абслугоўвае штодня па некалькі чалавек — у кожнага свой графік. Тым не менш, бывае, што і назад вяртаецца. Бабуля ў печцы запаліць, а юшку закласці не можа — высока, галава кружыцца. Адным словам, паступаюць дзяўчаты па-чалавечы, не лічацца з фармальнасцямі.
— Можна “заказаць” сацыяльнага работніка, які будзе прыходзіць пяць разоў на тыдзень?
— Можна, але за дадатковую плату. На пяціразовым абслугоўванні ў нас усяго семдзесят кліентаў. Чамусьці пажылыя людзі толькі ў крайніх выпадках адважваюцца звярнуцца па дапамогу сацработніка, хаця плата за гэтую паслугу неістотная, амаль сімвалічная.
— Тэрытарыяльны цэнтр дапаможа ў штодзённым побыце. Але ж комплексны кантроль бытавых умоў жыцця пенсіянераў, адзінокіх, маламаёмных грамадзян павінен праводзіцца сумеснымі намаганнямі.
— Гэта і хочацца лішні раз падкрэсліць. Задзейнічаны адпаведныя службы — медыцынская, пажарная, служба аховы правапарадку і г. д. Праводзяцца рэйды, абследуюцца бытавыя ўмовы жыцця гэтай катэгорыі людзей, на аснове чаго прымаюцца адпаведныя рашэнні па аказанні дапамогі, рамонце жылых памяшканняў і сістэмы ацяплення, замены электраправодкі і г. д.
Службы ўзаемадзейнічаюць: калі адна з іх заўважыла праблему, паведамляе іншым. Хачу адзначыць наша цеснае супрацоўніцтва з участковымі міліцыянерамі Маркевічам, Мастаўніковым і іншымі, якія своечасова выяўляюць асоб, што маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. Так нядаўна Сяргей Мастаўнікоў звярнуў увагу на аднаго з такіх — Міхаіла Зянько. Жыве чалавек адзін, жыллё непрыстасаванае, сын — у Расіі, не прыязджае. Дзядуля даў згоду нейкі час пабыць у “Святліцы” — аддзяленні кругласутачнага ўтрымання ў Камені.
— Дарэчы, якія магчымасці ў адзінокіх людзей, што жывуць без догляду, пасяліцца надоўга ці хаця б зіму суровую перачакаць у падобных установах?
— Магчымасці пашыраюцца. З гэтага месяца пры кожным аддзяленні раённай бальніцы створаны так званыя медыка-сацыяльныя ложкі. Па пятнаццаць такіх ложкаў маюць медыцынскія ўстановы ў Пышне і Слабадзе. Такім чынам, сёння маецца сорак падобных койка-месцаў. На зіму восем адзінокіх старых людзей былі змешчаны ў аддзяленні кругласутачнага ўтрымання.
— Згадзіцеся, не вельмі спяшаюцца людзі ісці “на прасцінах казённых спаць”. Нездарма ж прымаўка кажа, што “дома і дзіркі грэюць”.
Пастаянна абследуем умовы жыцця нашых падапечных. Нядаўна, напрыклад, былі ў адзінокай пенсіянеркі Марыі Кавалеўскай. Дарэчы, пачулі ад гаспадыні шмат добрых слоў у адрас сацыяльнага работніка Валянціны Лях, якая яе абслугоўвае. “Валя дапамагае мне жыць”, — казала бабуля. Абследаванне выявіла, што ў Кавалеўскай згніла падлога, патрабуе рамонту печ. Гаспадыня напісала заяву на аказанне сацыяльнай дапамогі. У бліжэйшы час будзем займацца. Кавалеўская шмат гадоў аддала працы ў псіхіятрычнай бальніцы. Варта адзначыць, што многія арганізацыі і ўстановы не пакідаюць сваіх былых работнікаў сам-насам з праблемамі іх адзінокай старасці, дапамагаюць, клапоцяцца пра сваіх пенсіянераў — але не ўсе. Нельга забываць, што ўсе мы пад Богам ходзім. Трэба сказаць, што ў цэнтры працуе брыгада хуткай дапамогі, якая можа і снег расчысціць, і дровы пасекчы зімою, а ўлетку займаецца рамонтам, падладжвае печы, выконвае іншыя дробныя рамонтныя работы.
Летась 97 чалавек было ўключана ў план мерапрыемстваў па выніках абследавання жыллёва-бытавых умоў. У пятнаццаці было адрамантавана пячное ацяпленне, устаноўлена дванаццаць пажарных апавяшчальнікаў.
Хачу сказаць, што праблем у пажылых людзей шмат. І вырашыць іх можам мы толькі сумеснымі намаганнямі, пры цеснай каардынацыі ўсіх устаноў і службаў, якія займаюцца аказаннем дапамогі ім. Да такой каардынацыі мы і імкнёмся.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>