О планах подключения городских кварталов, которые находятся за рекой Уллой

reka-ulla Пра планы падключэння гарадскіх кварталаў, якія знаходзяцца за ракой Улай, газета пісала неаднойчы. У рамках праграмы “Чыстая вада” было зроблена шмат, у гарадскія дамы і кватэры паступіла чыстая пітная вада са стайскага водазабору. Меркавалася, што да Новага году і ў мікрараёне за Улай жыхары таксама атрымаюць чыстую ваду. За каментарыямі найперш звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шыдлоўскага. Ён расказаў:
— Так, асноўная частка работ па другім пускавым комплексе другой чаргі будаўніцтва водазабеспячэння горада Лепеля выканана — пракладзена каля 1,5 кіламетра магістральнага водаправоду дыяметрам 150 міліметраў. Пад дном ракі Ула пракладзены дзюкер — спецыяльны футляр, праз які і плануецца падключэнне новых кварталаў. Прабурана яшчэ адна свідравіна. Пастаўлены засаўкі. Заставалася іх адчыніць, і можна было б святкаваць чарговы поспех. Аднак справа спынілася па не залежных ад нас, будаўнікоў, абставінах.
Высветлілася, што новая свідравіна не дае патрэбнага аб’ёму вады. Патлумачу. Для нармальнага, паўнавартаснага водазабеспячэння Лепеля патрэбна, каб у нармальным, штатным рэжыме працавалі тры свідравіны. Яшчэ адна абавязкова павінна быць у рэзерве. На ўсялякі выпадак. Гэта абавязковае патрабаванне бяспекі і бесперабойнага водазабеспячэння. Была прабурана свідравіна глыбінёй 160 метраў, але патрэбнага аб’ёму вады яна не дае. Усе работы праводзіліся на стайскім водазаборы, які да гэтага даваў патрэбныя аб’ёмы вады належнай якасці. Магчыма, ваданосны пласт пайшоў убок, а можа ён залягае глыбей. Цяпер геолагам-навукоўцам трэба правесці даследаванні і прыняць рашэнне: або бурыць яшчэ глыбей на 50 метраў, да 210 — 230 метраў, або бурыць новую свідравіну ў іншым месцы. Бурыцца глыбей 250 метраў няма сэнсу, там ужо мінеральная вада. Больш падрабязныя даныя можа даць упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ), якое, уласна, вядзе нагляд.
Дырэктар УКБ Вадзім Варган дапоўніў:
— Генеральным падрадчыкам выступае Лепельскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Лепяльчане пракладвалі водаправоды, праводзілі дэмантаж старой воданапорнай вежы каля чыгуначнага вакзала. На ўмовах субпадраду працавалі прадпрыемствы “Бурмантаж” і “Захадводбуд”. Першыя займаліся пракладкай дзюкераў пад дном ракі Улы. У гэтай арганізацыі ёсць спецыяльнае абсталяванне для нахільнага і гарызантальнага свідравання, якое дазваляе пракладваць камунікацыі пад дном вадаёмаў. “Захадводбуд” займаўся бурэннем новай свідравіны на стайскім водазаборы.
— Што будзе рабіцца ў цяперашняй сітуацыі?
— Мы накіравалі запыт у прадпрыемства “Белгеалогія”, якая займаецца геалагічнай разведкай. Яны павінны даць экспертнае рашэнне, даць, урэшце, адказ на пытанне, дзе вада? Альбо ваданосны слой залягае глыбей, альбо ён павярнуў убок. І калі ўбок, то куды канкрэтна? Атрыманыя даныя будуць перададзены ў інстытут “Белкамунпраект”, які павінен будзе выканаць новае праектнае рашэнне. Згодна з ім і будзем працаваць.
— Узнікае новае пытанне: час і грошы?
— Наш запыт накіраваны яшчэ месяц таму. Думаю, што геалагічныя экспертызы будуць праведзены і экспертныя высновы будуць гатовы ў бліжэйшы час. Калі ўсё будзе добра, то праз некалькі месяцаў, спадзяюся, напрыканцы вясны, чыстая вада пойдзе за Улу.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>