Блуканні па пакутах

1. Піліп-падарожнік
Адчайны быў чалавек Піліп Маляўка. Яшчэ ў трыццатыя, у вельмі галодны час, гэты чалавек сарваўся з наседжанага месца — сям’я жыла ў вёсцы Лазовікі — і з’ехаў у Сібір. Праз нейкі час вярнуўся, а перад самай вайной зноўку сабраўся ў дарогу. На гэты раз — у Карэла-фінскую АССР. Акурат тады, па часе фінскай вайны, там вызвалілася ладная плошча неабжытай тэрыторыі.

Пайшоў погалас, што там вельмі ж дабротная зямля і што перасяленцы ледзьве не як сыр у масле катаюцца.
Чуткі вырашылі праверыць і некалькі сем’яў з Лазовікаў ды Горак. Спачатку паехалі туды мужыкі ў разведку — месца нагледзець. Пасля ўслед рушылі сем’і. Пагрузілі ў спецвагоны кароў, свіней, курэй і паехалі ў свет. Павёз кароўку-карміцельку і Піліп Маляўка, у якога было ў сям’і восем чалавек, таму на новым месцы без гаспадаркі проста не выжылі б. Хто ведае, як надоўга затрымаліся б на чужыне Маляўкі, калі б нечакана не прастудзіўся ды не памёр гаспадар. І зноў дарога, дадому. Без Піліпа не рызыкнула сям’я заставацца на чужыне. Вярнуліся 18 мая 1941 года. Да вайны яшчэ паспелі купіць у Валовай Гары карову, і гэта ўратавала сям’ю па першым часе.
2. Вёска ля аэрадрома
Калі напрасткі, то ад Лазовікаў да былога ваеннага аэрадрома не будзе і кіламетра. Прынамсі, так сцвярджае адзін з нямногіх жыхароў гэтай вёсачкі Павел Маляўка. Ён сын Піліпа-падарожніка. У вайну ад бамбёжак пацярпелі і Паўлавы аднавяскоўцы. Паша ў той час быў падлеткам. Усю вясну пасвіў кароў, коней у полі. Пра тое, што вайна пачалася, даведаліся ў Лазовіках ад начальніка раз’езда, у якога быў антэнавы прыёмнік. Мужыкі ў поле па коней прыйшлі і прынеслі страшную вестку.
А хутка хлопчык і сам адчуў, што ўсё мяняецца. Усё вакол становіцца не такім, незразумелым нейкім, загадкавым. Вось яго са статкам не пускаюць да лесу, у якім тоіцца, мабыць, якаясьці небяспека. Вось у небе з боку Гарадчэвічаў паказаліся два самалёты, насустрач ім аднекуль вылецеў трэці. І завязаўся між імі бой. Хлопчык задраў галаву і з цікавасцю назіраў за паветраным паядынкам. Раптам нешта ціўкнула і прама перад яго нагамі зашылася ў зямлю, а ў вочы пасыпаліся пясчынкі. Не адразу Пашка зразумеў, што гэтае “нешта” зрыкашэціла, мабыць, ад абшыўкі самалёта і ледзьве не каштавала яму жыцця.
А потым у вёсцы цётку Салаўіху, якая траву рвала ў агародзе, лёгка параніла.
Суседзі ўжо раілі Пашкавай маці зарэзаць кароўку-карміцельку, каб, маўляў, не дасталася ворагу. А як жыць пасля? Ды і як зарэжаш, калі нават солі ў хаце няма, надоўга тое мяса не захаваеш. Усё ж мусілі зарэзаць, а ўжо ўначы паявіліся нейкія чужыя прыблуды і забралі ў няшчаснай удавы ўсё лепшае мяса. Сям’я даядала косці.
Без кароўкі не ўяўлялі сабе Маляўкі далейшага жыцця. А тут пайшлі чуткі, што раздаюць нейкіх “трафейных” рагуль… немцы. І сапраўды, сяму-таму нямецкія “падарункі” дасталіся, напрыклад, старасце ды яго знаёмым. Пашкавай сям’і каровы не хапіла. Стараста параіў ісці ў воласць. Адтуль, маўляў, яшчэ паедуць па кароў. І Пашку камандзіравалі на пошукі. Адвезлі іх у Бачэйкава, але тамтэйшы статак быў прызначаны для адпраўкі ў Германію. Зрэшты, яго павінны былі сваім ходам пераганяць на Лепель, і хлопец падахвоціўся ў паганятыя, балазе гэтая справа для яго была звыклая. У Камені пераначавалі. Толькі наступным днём дабраліся да Лепеля. Праўда-такі пагоншчыкам паабяцалі выдзеліць па жывёліне. Але ж абяцанкі-цацанкі, а дурню радасць. Жывёла дасталася, зноў жа, толькі стайскаму старасце. Той паківаў хлопцу галавой і “па-сяброўску” параіў: “Паехалі дадому, немцы зараз адступаюць, ім не да кароў”.
Так і засталіся Маляўкі пры сваіх інтарэсах — ні каровы ў хаце, ні парася. Хадзіла па падворку некалькі курыц, было крыху бульбы пасеяць — вось і ўсё. Сям’я стаяла на мяжы голаду.
Толькі пасля вайны, калі на калгас прыслалі васемнаццаць кароў, аднаго бычка і дваццаць пяць авечак, ім пачалі даваць па два літры малака штодзень.
Паўлу Піліпавічу не давялося вучыцца ў школе. Ён так і жыве, маючы чатыры класы адукацыі. Усё сваё працоўнае жыццё быў жывёлаводам у калгасе, як, зрэшты, і жонка Вольга, якой яшчэ трэба было нараджаць і расціць шасцярых дзяцей. Але жыццёвай мудрасці дзеду Паўлу не пазычаць. Адслужыў ён амаль чатыры гады ў чыгуначных войсках — у маставым палку. Вярнуўся ў Лазовікі, ажаніўся і ўпрогся ў гаспадарку. Кароўка, свінні, пчолкі — і не заўважыў, як прабегла жыццё. Калі памерла Вольга, застаўся адзін — чакаць, пакуль падбяжыць хто з дзяцей ці ўнукаў падсаладзіць старому адзіноцтва.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: дзед Павел распавядае пра вайну.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>