Аддзяленне гемадыялізу

Адкрыццё аддзялення гемадыялізу на базе ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” стала значнай падзеяй для мясцовых жыхароў. На Лепельшчыне і ў суседніх раёнах ёсць людзі з хранічнымі захворваннямі нырак, якім тры разы на тыдзень патрэбна рабіць гемадыяліз. Зараз хворыя могуць без цяжкасцей прайсці гэту працэдуру ў любы зручны час у камфортных умовах.


Разам з загадчыцай аддзялення Таццянай Шандалесавай праходзім па ўтульных палатах. Залы гемадыялізу аснашчаны навейшым, высокатэхналагічным абсталяваннем.
— Наша аддзяленне абслугоўвае лепяльчан, жыхароў Чашнікаў, Новалукомля. У цяперашні час у нас праходзяць працэдуру гемадыялізу 14 чалавек, з іх сем жыхароў Лепельскага раёна і столькі ж — суседніх. Шасцёра пацыентаў занесены ў ліст чакання донарскай ныркі.
— Наколькі ўдаецца пры перасадцы ныркі падоўжыць жыццё пацыенту?
— Усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцей арганізма. Адны жывуць па дзесяць год, іншыя — больш. Трансплантацыя дае магчымасць чалавеку жыць паўнацэнным жыццём, не залежыць ад апарата, таму гэтай галіне ў медыцыне ўдзяляецца вялікая ўвага.
Усе прэпараты праграмнага гемадыялізу вельмі дарагія. У мінулым годзе для нашага аддзялення быў набыты яшчэ адзін апарат нямецкай вытворчасці. Мы атрымалі таксама апарат нямецкай вытворчасці для прыгатавання дыялізуючага раствору. Раней яго рыхтавалі ўручную.
Медыцынскі персанал аддзялення прайшоў навучанне на кафедры Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Інжынеры-тэхнікі і медсёстры атрымалі падрыхтоўку на базе нефралагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. Работнікі гэтага аддзялення аказваюць патрэбную кансультацыйную дапамогу, пры неабходнасці праводзяць хірургічныя маніпуляцыі.
Акрамя працэдур гемадыялізу, вядзём дыспансернае назіранне хворых, у нас працуе кабінет урача-няфролага. Прымаем пацыентаў з вострай ныркавай недастатковасцю, з наступствамі шокавых траўмаў. Дарэчы, пасля праходжання працэдуры гемадыялізу жыхароў нашага раёна мы дастаўляем дадому.
— Раскажыце, калі ласка, аб калектыве.
— Работнікі аддзялення — добрасумленныя спецыялісты. Значнага прафесійнага росту дасягнула ўрач-няфролаг Вольга Громава, аператыўна спраўляецца са сваімі абавязкамі старшая медсястра аддзялення Наталля Чарнышова. Да кожнага пацыента ўмеюць знайсці індывідуальны падыход медсёстры дыялізных залаў Таццяна Гладышава, Таццяна Патупікава і Крысціна Нікіценка. Дарэчы, Крысціна — малады спецыяліст, працуе ўсяго паўгода пасля заканчэння Аршанскага медыцынскага вучылішча, але ўжо добра засвоіла сваю работу. Толькі са станоўчага боку магу ахарактарызаваць работу інжынераў-тэхнікаў па абслугоўванні медыцынскай апаратуры Юрыя Галькевіча і Віктара Бандуровіча.
Загадчыца аддзялення гемадыялізу ўрач-няфролаг Таццяна Шандалесава з’яўляецца прадаўжальніцай сямейнай дынастыі медыкаў. Бацька Аляксандр Гаўрылавіч Наскоў працяглы час быў галоўным урачом, а затым узначальваў аддзяленне рэанімацыі і анэстэзіялогіі Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы, зараз працуе ў гэтым жа аддзяленні. Старэйшы брат Уладзімір — урач-анэстэзіёлаг Віцебскага раддома №1. Муж Ілья Шандалесаў працуе ўрачом-анэстэзіёлагам-рэаніматолагам у Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Пасля дзевяці класаў сярэдняй школы №3 Таццяна паступіла ў Віцебскі ліцэй хіміка-біялагічнага профілю, а затым скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Спачатку працавала ўрачом-тэрапеўтам у тэрапеўтычным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, а са снежня 2010 года кіруе аддзяленнем гемадыялізу. У маладой сям’і медыкаў падрастае сын Іван.
Міне час — мажліва, і ён прадоўжыць сямейную дынастыю.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: старшая медсястра аддзялення гемадыялізу Наталля Чарнышова.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>