Трэнерскія будні

У СДЮШАР “Спорт-альянс” прафсаюзаў па цяжкай атлетыцы пачаліся чарговыя заняткі, якія праводзіў трэнер Анатоль Суворын.
Выхаванцы атрымлівалі персанальныя заданні па агульнафізічнай падрыхтоўцы, падыманні штангі, выкананні патрабаванняў тэхнікі бяспекі, кожнае з якіх фіксавалася ва ўліковым журнале.
— Цяжкая атлетыка — від спорту, які культывуецца тысячагоддзямі, таму патрабуе да сябе вельмі сур’ёзных адносін, — адзначыў Анатоль Аляксандравіч.

— Без строгага выканання трэнерскіх указанняў, вывераных канкрэтных парад, выказаных у адносінах кожнага спартсмена, дабіцца высокіх вынікаў проста немагчыма. Цяжкая атлетыка пры правільным, навуковым падыходзе да заняткаў робіць спартсмена моцным целам, мужным ва ўчынках, добра падрыхтаваным да паўсядзённага жыцця.
— Ці даўно на трэнерскай пасадзе?
— Прафесійна — з 1988 года, калі разам з кандыдатам у майстры спорту Аляксандрам Смажэўскім абуладкавалі вось гэтую спартыўную залу для заняткаў цяжкай атлетыкай разам з невялікай саўнай, душавой, прыбіральняй.
— Парадавалі выхаванцы ў мінулым годзе?
— Майстар спорту міжнароднага класа Яўген Жарнасек стаў бронзавым прызёрам дарослага чэмпіянату Еўропы. Яшчэ адзін лепяльчанін Аляксандр Берсанаў рэальна прэтэндуе на атрыманне такога ж ганаровага спартыўнага звання, паколькі летась заваяваў бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў. Цяпер Аляксандр у асноўным знаходзіцца на спартыўнай базе ў Стайках, што пад Мінскам, старанна рыхтуецца да спаборніцтваў чэмпіянату свету сярод юніёраў. Атрыманая ў мінулым годзе Жэнем цяжкая траўма можа, на вялікі жаль, не дазволіць яму прыняць удзел у чарговых алімпійскіх гульнях. Аднак Яўген — малады спартсмен, і таму ў яго наперадзе яшчэ далёка не адна алімпіяда.
— Як асвойваюць азы цяжкай атлетыкі юныя спартсмены?
— Прыемна, што многія з іх ужо дэманструюць добрыя вынікі на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Напрыклад, вучань чацвёртага класа СШ №3 горада Лепеля Расціслаў Пасцярук на абласным першынстве падняў штангу вагой 42 кілаграмы, а ў рыўку зафіксаваў вагу ў 27 кілаграмаў. Вялікія патэнцыйныя магчымасці маюцца ў вучняў пятага класа СШ №1 Дзяміда Пятуніна і Рамана Папкова, вучня сёмага класа гэтай жа школы Вадзіма Дуброўскага і многіх іншых. Галоўнае — і надалей захаваць жаданне займацца гэтым відам спорту, старанна пераадольваць цяжкасці спартыўнай барацьбы.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: трэнер Анатоль Суворын (справа) займаецца з вучнем СШ №1 Раманам Папковым.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>