Цукеркі і зялёны партфель

 Арына Гаўрылава, шасцікласніца СШ №1, была адной з тых дваццаці пяці шчасліўцаў, якія трапілі на навагоднюю ёлку ў Віцебску, дзе прысутнічаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец.

Зімовыя канікулы Арына правяла пераважна дома — крыху малявала, крыху гуляла на камп’ютары. Дома ў Гаўрылавых стаіць вялікая і прыгожая ёлка, шмат навагодніх падарункаў, сярод якіх і цукеркі, прывезеныя з

навагодняга свята ў Віцебску, багата мяккіх цацак, да якіх зараз дабавіўся і прыгожы дракончык. Гэта памяць пра “губернатарскую ёлку”, якую дзяўчынка запомніць надоўга.

— Напачатку нам падарылі мяккія цацкі, — распавядае Арына. — Мне дастаўся вось гэты дракоша. Затым павялі ў вялікую канцэртную залу. Перад намі выступіў губернатар. А пасля пачалася казка.

— Цікавая?

— Я такога цікавага прадстаўлення яшчэ ніколі не бачыла. Гэта былі прыгоды хлопчыка і дзяўчынкі, на шляху якіх паўставалі перашкоды. Іх трэба было пераадольваць. Змагаліся дабро і зло, выкрываліся чалавечыя заганы — сквапнасць, маладушша, хітрасць, ліслівасць, мана, хамства.

— Якія яшчэ падарункі ты атрымала?

— Вялікі набор цукерак і зялёны партфель.

— У класе, напэўна, табе будуць зайздросціць?

— Не, у нас добры клас, амаль усе дзяўчынкі, толькі пяць хлопчыкаў. Мы сябруем і ніколі не зайздросцім адзін аднаму.

— І хлопчыкаў не крыўдзіце? Але яны павінны баяцца, бо, ведаю, ты ходзіш у секцыю  па дзюдо.

Арына ўсміхаецца:

— Так, ха­дзіла пяць гадоў, але мне болей падабаюцца лыжы і канькі. Мы з татам ходзім зімою на лыжню, а летам раніцай робім прабежку.

— Спорт не замінае вучобе? Напэўна, ты выдатніца, калі трапіла ў лік тых, хто ездзіў на “губернатарскую ёлку”?

— Вучуся на дзявяткі і дзясяткі, люблю біялогію, геаграфію, рускую і беларускую мовы, спорт толькі дапамагае вучыцца. А ў Віцебск на ёлку ездзілі не толькі выдатнікі, там былі розныя дзеці, таксама і тыя, у каго няма бацькоў.

— Якія яшчэ ў цябе захапленні?

— Люблю музыку, падабаецца рок, рэп.

— І якая твая любімая група?

— Група “Менхін парк”. А яшчэ мы з мамай любім кулінарнічаць — пячом пірагі, вырабляем розныя фігуркі з цеста.

— Твае любімыя стравы…

— Тыя, якія гатуе мама. У яе вельмі смачныя атрымліваюцца катлеты, пюрэ, салаты розныя…

— То можа будзеш поварам, калі вырасцеш?

— Я яшчэ і не думала, кім буду. Мне падабаецца прафесія ўрача.

— У такім разе твая любімая біялогія і сапраўды табе спатрэбіцца, бо які ж урач не ведае біялогіі. Пад Новы год усе загадвалі жаданні. Што загадала ты?

— Каб родныя і блізкія мне людзі былі здаровыя. Хацелася б і наступны раз паехаць на такую ёлку, на якой мне пашчасціла быць.

  Віктар ЛЯШЧЫНА.

  На здымку: шасцікласніца СШ №1 Арына Гаўрылава.

  Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>