Пасля амаль гадавога перапынку пачалася праца на тэрыторыі былога завода “Платан”

img_0828 Пасля амаль гадавога перапынку пачалася праца на тэрыторыі былога завода “Платан”. Там пачало дзейнасць таварыства з абмежаванай адказнасцю “Радыял-Трэйд”. Некалькі месяцаў ангары, цэхі стаялі зачыненыя, вецер гуляў па тэрыторыі, на аб’ект рэгулярна прыходзілі толькі вартаўнікі. Ранейшае прадпрыемства “Прэстыж-Дрэў” спыніла існаванне з-за фінансавых праблем.
Увесну ж прадпрыемства пачало ажываць, прывозіцца і манціруецца абсталяванне, на працу прыняты 74 чалавекі. Спецыялізацыя — дрэваапрацоўка. Праз біржу набываюць лес-кругляк, дастаўляюць на чыгуначную станцыю, адкуль прывозяць уласным транспартам.
— Магчыма, было б выгадней набываць лес на корані, выпілоўваць яго на дзялянках ды вывозіць самім? — задаю пытанне майстру Міхаілу Гардзюку.
— Па-першае, нам гэтага нельга рабіць. Ды і патрэбна, так прасцей. Прыбылі вагоны — мы іх хуценька павінны разгрузіць. Калі зацягнем, такую плату налічаць за прастой!
Асноўная прадукцыя — дошкі для паддонаў. Даволі запатрабаваны тавар. Заключана дамова, цяпер дошкі адпраўляюцца нават у Бельгію.
— Міхаіл Леанідавіч, а лепяльчане праяўляюць цікавасць да прадукцыі “Радыял-Трэйда”?
— Так, праяўляюць, але не да палетнай дошкі. У нас часцей купляюць абрэзкі на паліва, іх рэалізуем па 16 рублёў 50 капеек за кубаметр. Набывалі падлогавыя дошкі: неабрэзаныя і негабляваныя каштавалі, калі не памыляюся, па 110 рублёў за куб. Людзі, бывае, просяць менавіта такія, неапрацаваныя, маўляў, мы самі маем цыркулярку, фуганкі, пагабляваць дошку не будзе праблемай. Ідзём насустрач.
— А колькі ў такім выпадку каштуе кубаметр гатовай падлогавай дошкі?
— Каля 480 рублёў. Яшчэ ў нас заказвалі кроквельныя брусы 50х150 міліметраў па 180 рублёў за куб. Адным словам, ідзём насустрач пакупніку, стараемся выканаць яго заказ. Тым больш, што абсталяванне лёгка пераналаджваецца, дазваляе хутка пераключыцца на выпуск іншай наменклатуры прадукцыі.
Потым прайшлі ў адзін з цэхаў.
Уладзімір Вяракша — брыгадзір у цэху распілоўкі драўніны. Разам з ім працуюць Руслан Рыбачонак, Мікалай Мазго, Аляксандр Рамільцаў, Сяргей Стэльмах, Алег Казьянін, Алег Кузьмічонак. Многія старэйшыя людзі неаднаразова бывалі на пілараме, ведаюць прынцып яе працы, калі бервяно адначасова распілоўваецца на некалькі дошак ці брусоў. Тут жа шасціметровае бервяно спачатку трапляе на станок са стужкавай пілой Serra, і яно па адной пачынае адпілоўваць кожную асобную дошку. Пры гэтым працэс ідзе так хутка, што імпартным станком бервяно распускаецца хутчэй, чым калісьці айчынным. А пілавіння — амаль удвая менш, бо шырыня прапілу меншая.
— Толькі піла разлічана на працу на працягу адной гадзіны, потым стужку абавязкова трэба здымаць, каб яна астудзілася. Дзеля гэтага, бачыце, на сцяне вісяць яшчэ пяць запасных стужак. Так і працуем, — тлумачыць аператар распіловачнай машыны Руслан Рыбачонак.
У асноўным апошнім часам паступае ёлка, драўніна сухастойная.
Адпілоўваюцца два гарбылі, падлогавыя дошкі ды застаюцца загатоўкі для дошкі палетнай. Яны паступаюць на шматпільны станок, дзе працуе сам Уладзімір Вяракша. Там устаноўлены 17 пілаў, якія за лічаныя секунды распускаюць тоўстыя загатоўкі. Ёсць яшчэ пара станкоў для дадатковай апрацоўкі піламатэрыялаў. Калі ўсё абсталяванне ўключана, у цэху стаіць такі гул, што даводзіцца моцна крычаць, каб сусед пачуў.
Яшчэ адна абставіна, на якую міжволі звярнуў увагу, — холад. Першыя зімовыя дзянькі аказаліся па-сапраўднаму зімовымі, з марозцам, ветрыкам. У цэху ж усе дзверы распяты насцеж, скразнякі гуляюць па ўсім памяшканні.
— Мужчыны, як вы тут працуеце? — пытаю ва Уладзіміра Вяракшы.
— Прывыклі. Асабліва летам камфортна было, калі ўсе млелі ад спёкі. А калі праца пачынаецца, тут пара з усіх валіць, толькі паспяваем дошкі перакідваць. За змену распускаем па 30 — 35 кубоў драўніны, а наш асабісты рэкорд — 52 кубаметры за змену.
— За восем працоўных гадзін?
— Не, у нас іншы графік. Змена доўжыцца дзесяць — дванаццаць гадзін у залежнасці ад загружанасці заказамі. На працягу працоўнага дня робяцца два перапынкі. Працуем тры дні праз тры дні — вельмі зручны графік, паспяваем і на працы паробіць, і дома справы да ладу давесці.
— Які заробак, калі не сакрэт?
— У сярэднім на рукі атрымліваем каля 310 — 320 рублёў за 15 выхадаў у месяц.
На завяршэнне візіту на “Радыял-Трэйд” даведаўся, што ў планах развіцця прадпрыемства пазначана далейшае набыццё дрэваапрацоўчай тэхнікі, станкоў, пасля чаго наменклатура выпускаемай прадукцыі павялічыцца. Пажывём — пабачым.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: брыгада Уладзіміра Вяракшы (трэці злева).
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>