Крылатыя алені Дзеда Мароза

Ён першы чалавек новага стагоддзя і тысячаго­ддзя на Лепельшчыне. Іван Дывак нара­дзіўся 3 студзеня 2001 года. З таго часу наша газета неаднаразова распавядала пра жыццё гэтага хлопчыка з Бароўкі. І вось мы зноў сустрэліся з Ванем, якому хутка споўніцца адзінаццаць.

Ну, і фантазёр Ванька! Упэўнена ўсеўся ў мяккім крэсле ў кабінеце школьнага сацыяльнага педагога, натхнёна, зусім як паэт-рамантык з пазамінулага стаго­ддзя, па­ставіў руку на падлакотнік, і фантазіі паліліся ракою.

Вось ён на Крайняй Поў­начы, куды прыехаў, каб пабачыць белых мядзведзяў, пінгвінаў і марскіх коцікаў. Не, белых мядзве­дзяў ён ужо бачыў — у цырку. Але ж хіба іх параўнаеш: гэтых, вольных, і тых, дрэсіраваных, на ланцужках! А яшчэ ён прыехаў на Поўнач напярэймы Дзеду Марозу, які на крылатых аленях спяшаецца ў Беларусь сустракаць Новы год.

— Цікава, а ці са­праўды алені лятаюць? — задуменна прамаўляе Ваня.

Гэта загадка, якую хлопчык так і не разгадаў. Як і не разгадаў цалкам, хто ж яму пад ёлку кожны раз падарункі кладзе? Альбо сапраўдны Дзед Мароз, альбо замаскіраваліся бацькі.

— Ідэя! Пастаўлю ёлку на сігналізацыю і буду пільнаваць.

— А раптам прыйдзе сапраўдны Дзед Мароз?

— Вось і праверым, ці пры­клееныя ў яго вусы.

Ваня ведае: бываюць пераапранутыя, тэатральныя Дзеды Марозы. Ён і сам такога неаднойчы іграў у сцэнках. Але ж і той адзіны, сапраўдны, павінен быць, які з Лапландыі на крылатых аленях прылятае, якому Ваня кожны год пісьмы піша.

— Што сёлета папросіш?

— Як заўсёды, папрашу здароўя для сваіх родных і блізкіх,  каб было ўсім добра. Раней прасіў аўтамат, пісталет і іншыя дробязі, а гэты раз, напэўна, трэба папрасіць дыск з камп’ютарнай гульнёй, а яшчэ можна джынсы крутыя з парольным рэменем.

— Ого! На джынсы крутыя, можа, і самому няблага было б зарабіць. Хіба ў цябе бацькі мільянеры?

— Ды не, тата падпалкоўнікам у Заслонаве служыць, а мамка працуе ў ваенным санаторыі афіцыянткай.

— А сам ужо вызначыўся, кім бу­дзеш?

— Ужо ведаю, я буду на двух працах — ваенным і археолагам. Можна было б і ў космас злятаць, ну, але ладна…

— Ваенным — зразумела, як бацька. А чаму археолагам?

— Як Яўгенія Рафаэлаўна — гэта наша настаўніца гісторыі. Мы ўжо ў пятым класе, і ў нас шмат настаўнікаў. Палохалі, нібыта гістарыца строгая вельмі, а яна аказалася добрай. Так цікава расказвае на ўроках, карцінкі розныя паказвае! Яна яшчэ і археолаг. Падарожнічае, усялякія цікавыя гістарычныя прадметы збірае. Зрабіла сабе амулет з такіх старажытных штучак.

— Ну, і як табе ў пятым класе?

— Выдатна! Спачатку баяўся, думаў, заблуджу, дзверы пераблытаю, кожны ўрок у новы кабінет трэба хадзіць. А цяпер прывык. Праўда, задаюць многа. Вунь па літаратуры па трыццаць — сорак старонак чытаць трэба. Пакуль прачытаеш, аж галава забаліць, на сон хіліць.

— Па-ранейшаму вучышся добра.

— Стараюся. Дзявяткі, дзясяткі. Праўда, бываюць і васьмёркі.

— Сяброў шмат?

— А як жа! Сяргей Сінкевіч, Жэнька Касьянаў, Артур Кірэеў, Мікіта Аўсіевіч — ды ў мяне ўсе ў класе сябры. Мы дружны клас. У шостым мой сябар Ягор Кузняцоў, з Аней Жаўтабрухавай з дзяцінства сябруем.

— Раскажы пра свае захапленні.

— Іх так шмат! Тата хоча, каб я спортам займаўся, а мама — каб танцаваў. А мне і тое і другое падабаецца. Люблю футбол, баскетбол, гандбол, езджу ў Лепель на брэйк-данс. Падабаецца гуляць з сябрамі ў хованкі і выбівала. І, вядома ж, падарожнічаць…

Ну, і падарожнік Ванька! Калі на Крайнюю Поўнач лятаў ён пакуль што хіба ў сваіх дзіцячых летуценнях, то на спякотным Поўдні быў насамрэч. Было хлопчыку гадоў мо шэсць ці сем, калі ездзіў ён з бацькамі ў Турцыю, на мора. Ніколі не забудзе! Там хадзілі паўліны з распушчанымі хвастамі, побач быў басейн. Рані­цай з акна з сястрычкай выскачаць — і да басейна. Каталі­ся з мамай па моры на парусніку, скакалі з яхты ў ваду. З высокай скалы аглядалі начны горад з мноствам прыгожых мігатлівых агеньчыкаў, ездзілі да пячораў, назіралі за ваяўнічымі рыбамі-піраннямі. Дывакі не любяць сядзець дома. То ў Мінску яны, то ў Віцебску, то ў Новалукомлі. Падарожнікі!

І толькі на Новы год разам збіраюцца ва ўтульнай кватэры ў Бароўцы ля прыгажуні-ёлачкі, якую ставяць, звычайна, загадзя.

Ды Ваню і тут не сядзіцца на месцы, за святочным сталом. Ён, чалавек новага стагоддзя і тысячагоддзя, можа Новы год сустрэць за камп’ютарам, змайстраваўшы для сябе адмысловую казачную хатку, а можа і ў кампаніі сяброў, якіх так шмат у краіне яго шчаслівага дзяцінства.

  Уладзімір МІХНО.

  На здымку: Ваня Дывак.

  Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>