Пакарэнне Французскай Горкi

Французская Горка пад Барысавам — палігон, на якім шліфуюць майстэрства танкісты. Там спецыяльна створаны самыя экстрэмальныя ўмовы для баявых машын. Аднак, як высветлілася, ні багна, ні крутыя пад’ёмы, ні пералескі з кустоўем не з’яўляюцца перашкодай для сапраўдных аматараў машын з колавай формулай 4х4. Менавіта Французская Горка і выбрана для традыцыйнага фінальнага этапу Кубка Беларусі па джып-трыяле, які вянчае сабой усе спаборніцтвы, якія адбываліся ў розных гарадах рэспублікі на працягу года. Гонар лепельскага аўтаспорту абараняў экіпаж у складзе Сяргея Ляоненкі і Аляксея Кажэкі.

Рыхтаваць аўто да спаборніцтваў пачалі ці не за месяц. Расказвае Сяргей Ляоненка:

— На мінулых спаборніцтвах мая машына “Міцубісі” мела бензінавы рухавік “Нісан” аб’ёмам 2,4 літра. У прынцыпе, магутнасці хапала. Да новага этапу задумаў паставіць іншы — ад “Шэўрале Блэйзер”. “Блэйзер” — гэта тыповы амерыканскі джып — вялікая машына, абсталяваная магутным бензінавым рухавіком V6 аб’ёмам 4,3 літра. Пры трохі большай, чым у “Нісана”, магутнасці ён мае нашмат большы круцячы момант на нізкіх абаротах. Гэта якасць вельмі важная пры разгоне, руху на крутых пад’ёмах, пераадоленні забалочаных участкаў. Шукаў такі рухавік доўга, пакуль нечакана не наткнуўся на аб’яву ў інтэрнэце. Прадавалі яго ў Маскве. Звярнуўся да сяброў, яны і прывезлі.

— Як паказаў сябе амерыканец на беларускай трасе?

— Паказаў бы сябе і лепей, калі б быў час на больш грунтоўную падрыхтоўку. Матор мне прывезлі, што называецца, сыры. Яго незадоўга да адпраўкі перабралі, аднак многія гайкі не заціснулі. Давялося шмат часу павазіцца, пакуль прыладзіў новы рухавік пад сваю машыну, зрабіў некалькі перахаднікоў. Лічы, у апошні дзень зняў картар, а там масляная помпа абы-як матляецца, бугелі шатуноў толькі ад рукі нажыўленыя. Словам, што паспеў, падправіў, пагрузіў джыпа на лафет і рушыў у Барысаў.

Матор падвёў у першы ж дзень, як толькі выязджалі на галоўную плошчу горада. Агледзелі — правярнуўся шатунны ўкладыш.

— І вы два дні ад’ездзілі на такім маторы?

— Не проста ад’ездзілі, а ганяліся на самых экстрэмальных рэжымах і нагрузках. Якое было наша здзіўленне, калі пасля першага заезду выявілі велі­зарны расход масла. Сталі шукаць прычыну. Аказалася, што маскоўскія гора-майстры, збіраючы рухавік, у адзін з цыліндраў не ўставілі ні аднаго паршнявога кальца. Пасля кожнага заезду мы з Аляксеем далівалі па 4,5 літра масла.

— Нішто сабе расход! А колькі выпалілі бензіну?

— 80 літраў АІ-92 за два дні спаборні­цтваў. Гэта не дужа шмат. Многія спальваюць значна болей.

— А вынік?

— Мы з Аляксеем сталі пераможцамі этапу, па выніках усяго чэмпіянату — чэмпіёнамі Беларусі ў катэгорыі “спрынт В-1”.

— Віншую з перамогай! Якія яшчэ вострыя моманты этапу запомніліся?

— У першы дзень па традыцыі праводзіліся спаборніцтвы па трыяле — змаганні ў секцыях на фігурнае ваджэнне. Там пабачыў эпізод сапраўды ўнікальны: Сяргей Дабракоў з Барысава не здолеў узяць пад’ём. Машына кульнулася, зрабіла поўны абарот і стала зноў на колы. Вадзіцель са штурманам былі прышпіленымі, джып абсталяваны каркасам бяспекі, таму нічога страшнага з экіпажам не адбылося, а з агрэгатамі — тым больш. Карацей, вадзіцель паддаў газу і рушыў штурмаваць новую перашкоду! У наступнай секцыі аўто лягло на бок і падняцца не здолела, давялося скарыстацца дапамогай буксіра.

На другі дзень праводзілі карусельную гонку. Траса ў Барысаве значна даўжэй за лепельскую, мае больш за 3,5 кіламетра (у Лепелі — 2,5 км, заўвага аўтара). Былі на ёй самыя разнастайныя перашкоды, аднак адна стала для большасці сапраўды непераадольнай. За крутым паваротам — тарфяное балотца. Спачатку машыны яго праязджалі даволі лёгка, але праз пару заездаў грунт так разбілі, што джыпы садзіліся і без дапамогі збоку выехаць не маглі. У выніку на фініш чацвёртага заезду прыйшлі толькі мы, а таксама Сяргей Дабрэйка і Ігар Бялюга з Гомеля.

— Якія планы на наступны год?

— З наступнага года спаборніцтвы джыпаў будуць праходзіць па еўрапейскіх правілах. Гэта значыць, што спаборніцтвы па трыяле (фігурнае ва­джэнне ў секцыях) і спрынце (карусельная гонка) будуць праводзіцца асобна. Мяркую выступаць у спрынце, які адбудзецца ў лютым у Заслаўі. Наступныя этапы адбудуцца ў Мінску, Рэчыцы, Светлагорску. Для гонак у спрынце і спаборніцтваў у трыяле патрабуюцца падвескі з крыху рознымі канструкцыйнымі асаблівасцямі. Мне, напрыклад, лягчэй і цікавей рыхтавацца і выступаць у спрынце.

— А Лепель?

— На лепельскай трасе, наколькі ведаю, плануецца праводзіць спаборніцтвы па трыяле.

— Ці ўдзельнічаў у апошніх гонках майстар з Грыгаравічаў Віктар Чаплінскі?

— Віктар прыязджаў як глядач. Казаў, што ў яго джыпе паломка, для рамонту патрэбна немалая сума. Будзем чакаць, магчыма ў Заслаўі сустрэнемся на трасе.

Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>