Са спартыўным запалам

Незабыўныя ўражанні пакінула спартыўнае свята ў рамках Рэспубліканскай акцыі “Алімпізм і моладзь”, якое праводзілася пад эгідай Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. Дэлегацыя актывістаў спартыўнага руху нашай краіны складалася з прадстаўнікоў НАК Беларусі, Мінспорту, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Беларускай алім­пійскай акадэміі, прыбыла на Лепельшчыну на двух камфартабельных аўтобусах.

У райвыканкаме сардэчна віталі жаданых гасцей. Цёплыя словы ў іх адрас сказаў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. За высокі ўзровень развіцця фізкультуры і спорту, плённую прапаганду здаровага ладу жыцця Мікалаю Мікалаевічу было ўручана пасведчанне і значок члена Беларускай алімпійскай акадэміі.

З задавальненнем пагля­дзелі госці відэафільм аб нашым родным краі, яго гістарычных і прыродных адметнасцях, дасягненнях у сацыяльна-эканамічным развіцці, добрым стане спраў у фізкультуры і спорце. Прыемна здзівіла іх і добраўпарадкаванне цэнтра Лепеля. З цікавасцю агле­дзелі і скульптурную кампазіцыю “Пятачок”, устаноўленую на плошчы Свабоды горада.

Удзельнікі спартыўнага свята наведалі дзіцячыя яслі-сады №1 і №6 горада Лепеля, аграрна-тэхнічны каледж, дзе сталі сведкамі “Малых алімпійскіх гульняў”, займальных гульнёвых падзей “Бацька, маці, я — спартыўная сям’я”, спарт­ландый.

Прызнаныя спартыўныя мэтры правялі майстар-класы па розных відах спорту. У зале барацьбы самба і дзюдо СДЮШАР “Асілак” прафсаюзаў сакрэтамі атрымання перамог у паядынках па дзюдо па­дзяліўся заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Леанід Рабцаў. Гэты вядомы спартыўны настаўнік з Мінска ўжо дзясяткі гадоў працуе з моладдзю, і за час сваёй педагагічнай дзейнасці выхаваў некалькі чэмпіёнаў свету і Еўропы сярод юніёраў. У якасці асістэнта, спарынг-партнёра выступіў на татамі вядомы лепельскі дзюдаіст Сяргей Ганчар. Выхаванцы спартыўнай школы разам з трэнерамі Эдуардам і Галінай Паповымі з цікавасцю назіралі за дзеяннямі Леаніда Рабцава, уважліва “маталі на вус” яго слушныя парады, каб надалей іх выкарыстаць у бескампрамісным змаганні на спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

* * *

 У спартыўнай зале Лепельскага дзяржпрафліцэя адбылася гутарка нашых гасцей з трэнерам СДЮШАР “Спорт-альянс” прафсаюзаў па боксе Аляксандрам Канавалавым. А ў раённым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры правялі майстар-клас з выхаванцамі Лепельскай СДЮШАР па гандболе трэнеры і ігракі сталічнага прафесіянальнага спартыўнага клуба “Вікторыя-Рэгія”, які выступае ў спаборніцтвах дарослага чэмпіянату Беларусі. Сябры-сапернікі згулялі і таварысцкі матч, у якім перамаглі госці. Аднак гэта не галоўнае, усім перш за ўсё спадабаўся ажыўлены дыялог аб шляхах удасканалення спартыўнага майстэрства, шчодры ўзаемны абмен вопытам, напрацаваным у ходзе працяглага змагання на гульнёвых пляцоўках. Акрамя таго, прыемна было ўбачыць у складзе цяперашняй каманды “Вікторыя-Рэгія” і былога выхаванца лепельскага гандбола Артура Голубева, які зараз вучыцца на чацвёртым курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Цяжка пераацаніць і значэнне для прапаганды здаровага ладу жыцця прайшоўшых на Лепельшчыне саміх сустрэч моладзі з вядомымі спартсменамі, у тым ліку з сярэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў па грэка-рымскай барацьбе Ігарам Каныгіным.

Важнай састаўной часткай спартыўнага свята “Алімпізм і моладзь” стала правядзенне семінара “Укараненне алімпійскай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” для спецыялістаў па фізічнай культуры і спорце, інструктараў па фізічным выхаванні дашкольных устаноў, намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце агульнаадукацыйных школ, настаўнікаў фізкультуры, іншых педагагічных работнікаў.

Выдатным заключным акордам спартыўнага свята, прайшоўшага ў рамках Рэспубліканскай акцыі “Алімпізм і моладзь”, стала спартыўна-тэатралізаванае прадстаўленне ў раённым Доме культуры, арганізаванае для мясцовых аматараў фізкультуры і спорту, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, у якім прынялі ўдзел сталічны танцавальна-спартыўны цэнтр “Універс”, тэатр гімнастыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці Лепельшчыны.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>