Здаць металалом. Сітуацыя ранейшая

Гэта фота было зроблена сёмага снежня ў 12.15 каля прахадной нарыхтоўчага філіяла раённага спажывецкага таварыства. На здачу металалому налічыў 13 транспартных сродкаў рознай умяшчальнасці ад мотаблока да грузавой машыны. Яшчэ адна легкавая і адна грузавая разгружаліся на пляцоўцы. Падышоў бліжэй, на агароджы ўбачыў некалькі папяровых аркушаў з інфармацыяй аб графіку прыёму металалому. А вось інфармацыі пра расцэнкі за прымаемы лом не знайшоў.

Дастаў камеру, стаў рабіць фотаздымкі. Падышлі мужчыны. Як даведаліся, што іх суразмоўца — карэспандэнт газеты, пачалі наперабой расказваць аб набалелым.

— Прыехаў сёння а сёмай раніцы, — расказваў адзін. — Перада мной было чалавек з сем, аднак я надта сумняваюся, што паспею за сёння здаць свой металалом. Сітуацыя атрымліваецца не вельмі прыгожая: метал збяры, сваім транспартам прывязі, тут яшчэ павінен адстаяць невядома колькі, ды яшчэ не факт, што паспееш.

— А я заняў чаргу яшчэ напярэдадні апоўначы, — абураўся іншы, — спецыяльна, каб здаць метал, прыехаў з Віцебска. Я там жыву і працую, а ў Лепелі жывуць бацькі. Бацька назбіраў металалому, а самому стаяць у чарзе цяжка, узрост. Я ўзяў ноўтбук і начаваў у машыне, глядзеў кіно.

На заўвагу аўтара, чаму не выказваюць прэтэнзіі супрацоўнікам, кіраўніцтву нарыхтоўчай арганізацыі, адказ быў адзін: “Па­скардзішся раз — потым увогуле суткамі будзеш у чарзе стаяць, каб свае жалезкі здаць”.

Неўзабаве выйшла прыёмшчыца Рымлана Балаева. Папрасіў жанчыну патлумачыць прычыны сітуацыі.

— Ды я адна прымаю метал, хіба разарвуся! — эмацыянальна ўсклікнула супрацоўніца і пасля больш спакойна працягвала. — Каб прыняць металалом, я павінна паслядоўна зрабіць наступныя аперацыі: агледзець металалом у транспартным сродку, каб наглядна вызначыць яго катэгорыю; суправадзіць транспартны сродак на пляцоўку для ўзважвання; правесці замеры радыяцыйнага фону металу; узважыць машыну з металаломам; прысутнічаць пры выгрузцы металу на пляцоўцы (20 — 30 хвілін — на легкавую, да га­дзіны — на грузавік); узважыць пусты транспартны сродак; аформіць закупачную ведамасць.

Усё гэта раблю адна, памочнікаў няма. Метал разгружаюць самі здатчыкі, грузчыкі ў штаце не прадугледжаны. На працы — з васьмі гадзін раніцы, гадзіну афармляю дакументы. Прыём металу доўжыцца з дзевяці да шаснаццаці гадзін, яшчэ гадзіна ўвечары таксама затрачваецца на дакументы. Шчыра кажучы, раннюю і вячэрнюю гадзіны сёння для прыёму металу выкарыстоўваць не магу з той прычыны, што ні адно памяшканне для ўзважвання не абсталявана святлом. Тры гады працую, і за гэты час лямпачка так і не загарэлася, стрэлка і дзяленні на вагах пасля 16.00 зімой не бачныя.

Далей размова працягвалася з начальнікам нарыхтоўчага падраздзялення райспажыўтаварыства Віктарам Авяр’янавым.

— Самыя галоўныя для нас на сёння праблемы дзве, — кажа Віктар Іванавіч. — Першая — за­гружанасць прыёмнай пляцоўкі для металалому. На дадзены момант у нас ляжыць 420 тон металалому, і ў бліжэйшыя дні віцебскае прадпрыемства “Другасчармет” не плануе яго вывазу з-за адсутнасці дызельнага паліва. Таму мы з 12 снежня прымаем металалом не штодзённа, а толькі тры разы на тыдзень — па паня­дзелках, серадах і пятніцах. Мяркую, гэта мера часткова зменшыць колькасць жадаючых здаць метал і скароціць чэргі.

Другая праблема — неплацяжы. Нашы партнёры запазычылі Лепельскаму РСТ за ўжо здадзены металалом больш за два мільярды рублёў. Калі б яны разлічыліся, мы б не мелі праблем з выплатай грошай здатчыкам. Сёння я тэлефанаваў у Віцебск, мне адказалі, што ім затрымлівае грошы Беларускі металургічны завод, з-за чаго не могуць своечасова разлічыцца з раёнамі і закупіць дызельнае паліва.

Наняць работнікаў у дапамогу Рымлане Балаевай не можам, бо няма штатных адзінак. (У публікацыі “Неплацежны ланцужок”, №97 за шостага снежня, старшыня райспажыўтаварыства Рыгор Стош сцвярджаў, што вакансіі па прыёме металалому ёсць, — заўвага аўтара.)

Асвятленне ў памяшканні для ўзважвання ў бліжэйшы час правядзём. Лісты з расцэнкамі за прымаемы метал вывешвалі, аднак яны трымаліся па некалькі дзён, потым іх людзі зрывалі. Спрабавалі арганізаваць папярэдні запіс, аднак ён, што называецца, не пайшоў, эфекту ад яго не адчулі.

Вось такія аргументы былі прыведзены Віктарам Авяр’янавым. Некаторыя з іх падаюцца слушнымі, асабліва ў дачыненні да “Другасчармета”. Аднак…

Няўжо, каб павесіць лямпачку на працоўным месцы, патрэбна тры гады і ўмяшанне карэспандэнта? Хіба будзе залішне затратным на ксераксе зрабіць дзесяць копій з расцэнкамі і, калі хто-небудзь знясе адну, прышпіліць новую?

Усе аўтааматары памятаюць чэргі, якія ствараліся на станцыі тэхагляду. Звесці іх да нуля дапамог менавіта папярэдні запіс. Зараз нават прадугле­джана магчымасць запісу па тэлефоне. Станоўчы вопыт ёсць, аўтатранспартнікі ім з ахвотай падзеляцца.

Словам, ліквідаваць чэргі можна, трэба толькі пастарацца, найперш, павярнуцца тварам да людзей, унікнуць у іх праблемы.

Васіль МАТЫРКА.

  На здымку: чарга ля прахадной.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>