Демобилизация! Что запомнилось солдатам в армии?

— У 191-й групе артылерыі 19-й гвардзейскай механізаванай брыгадзе пачалося звальненне ў запас ваеннаслужачых тэрміновай службы, — кажа намеснік камандзіра дывізіёна па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Аляксандр Вяршынін.
Каля 50 хлопцаў уліваюцца ў цывільнае жыццё, у якім няма пабудак, ранішняй фіззарадкі, камандзіраў, дзе яны самі, без чыёйсьці каманды ладзяць сваё жыццё, выбіраюць працу…
— Як паказаў сябе звальняемы прызыў пад час службы?
— Без усялякіх кампліментаў кажу — самым лепшым чынам. Гэта адзін з самых дысцыплінаваных і талковых прызываў з усіх, з якімі я прайшоў за час сваёй службы, а я ўжо ў войску больш за 15 гадоў. За ўвесь час службы дапусцілі толькі два сур’ёзныя парушэнні вайсковай дысцыпліны. Проста ўявіце сабе: 50 салдатаў служылі разам паўтара года — і толькі два парушэнні.
— Можна падумаць ідылія…
— Не трэба сарказму. Жыццё ёсць жыццё, тым больш у такім цесным калектыве, як армія. Так, у працэсе службы бывалі дробныя сутычкі, непаразуменні. Вырашаліся яны самі сабой, галоўным было нясенне службы, выкананне задач па прызначэнні, вучоба, авалоданне вайсковымі спецыяльнасцямі. Ведаеце, што салдат вучыцца пастаянна. У першы месяц пасля прызыву ён асвойвае азы вайсковай навукі, страявую падрыхтоўку. Потым пачынаецца тэарэтычнае вывучэнне спецыяльнасці, а ў далейшым ідзе замацаванне, адточванне ўменняў і навыкаў пад час палявых выхадаў, удзелу ў вучэннях і манеўрах. Напрыклад, першы дывізіён пад камандаванем падпалкоўніка Сяргея Пятроўскага за бягучы год шэсць разоў удзельнічаў у падобных мерапрыемствах. Салдаты ці не больш часу правялі на палігонах, чым у месцы пастаяннай дыслакацыі.
img_0670— А як з колішнім бічом арміі, так званай “дзедаўшчынай”?
— Завяраю, што ў 191-й групе артылерыі гэтай з’явы няма. Патлумачу. “Дзедаўшчына” і “нестатутныя ўзаемаадносіны паміж вайскоўцамі” — гэта розныя паняцці. Галоўны закон, па якім жыве армія, вайсковыя статуты, не могуць ахапіць усёй разнастайнасці жыцця. Афіцэры фізічна не паспяваюць пракантраляваць кожнага салдата, таму часта для навучання прыцягваюцца найбольш свядомыя, кваліфікаваныя салдаты і сяржанты, якія ўжо больш адслужылі. “Дзедаўшчына” — вычварнае, гіпертрафіраванае разуменне сваёй ролі стараслужачымі салдатамі, якое выражаецца ў наўмысным, часта бессэнсоўным здзеку з маладога папаўнення. Сёння ў беларускай арміі і, у прыватнасці, у 191-й групе артылерыі з такой з’явай вядзецца непрымірымая барацьба. Камандзірам удаецца наладзіць службу так, што старэйшыя салдаты дапамагаюць малодшым у асваенні вайсковых спецыяльнасцяў.
Асноўным днём звальненняў у запас сімвалічна стала 19 лістапада — Дзень ракетных войскаў і артылерыі, прафесійнае свята часці. Звальняемых салдатаў пастроілі на пляцы, быў зачытаны загад аб звальненні, хлопцаў павіншавалі, падзякавалі ім за добрасумленную службу.
А пад час візіту карэспандэнта, напярэдадні Дня артылерыста, звальняўся ў запас першы салдат, які ўжо адлужыў, — малодшы сяржант Вадзім Мікевіч. Аўтару гэтых радкоў удалося пагутарыць з ім некалькі хвілін, пакуль суразмоўца ў штабе афармляў неабходныя дакументы.
— Раскажыце крыху пра сябе. Адкуль вы родам?
— Я з Гродна. Да прызыву паспеў адвучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, атрымаў дыплом. Адначасова вучыўся на ваеннай кафедры, асвойваў і вайсковую спецыяльнасць. Таму мой тэрмін службы — паўгода. Быў прызваны ў войска ў маі, а вяртаюся дахаты ў лістападзе. Яшчэ пры атрыманні павесткі ведаў, што буду накіраваны на службу ў Віцебскую вобласць. Да гэтага быў на Лепельшчыне хіба што праездам.
— Якая падзея з усяго часу службы стала запамінальнай?
— Безумоўна, палігонны выхад. Наш дывізіён у жніўні — верасні са штатнай тэхнікай, зброяй выехаў на палігон у Заслонаве, удзельнічаў там у вучэннях са стральбой баявымі снарадамі. Такое не забудзецца ніколі.
— А якую вайсковую спецыяльнасць вы асвоілі?
— Я камандзір машыны, супрацьтанкавай устаноўкі. Напэўна, чулі такую абрэвіятуру ПТУР — супрацьтанкавая кіруемая ракета. Вось якраз такой устаноўкай я і камандаваў. У маім падпарадкаванні быў механік-вадзіцель, а я сумяшчаў абавязкі камандзіра і аператара-наводчыка. Сам наводзіў снарад на цэль і кіраваў ім у палёце. Павінен сказаць, што ПТУР — грозная, высокадакладная зброя, якая рэальна дазваляе паразіць самую маленькую цэль. Спецяльнасць я ў тэорыі асвоіў пад час заняткаў на ваеннай кафедры, а ў часці толькі практычна замацаваў атрыманыя веды.
— Вось вы ўжо адслужылі, на ваша месца хутка прыйдзе маладое папаўненне. Якія тры самыя важныя парады можаце даць маладым салдатам?
— Першае. Слухаць камандзіраў. Не лічыць сябе разумнейшым і вышэйшым за іншых. У камандзіраў ужо вопыт, набыты гадамі службы. Якімі б недарэчнымі і незразумелымі спачатку ні здаваліся загады і каманды, іх трэба выконваць бездакорна. Потым, з цягам часу, зразумееце, што нічога проста так, бессэнсоўна не робіцца.
Другое. Быць акуратным і ўважлівым. Вакол вас жывуць і служаць людзі, любая бязладнасць у калектыве можа прывесці да здарэння, інцыдэнту. Таму ўважлівасць і акуратнасць у абыходжанні са зброяй, тэхнікай, ва ўзаемаадносінах у калектыве — вельмі важныя складнікі.
Трэцяе. Быць сумленным. Армія — вельмі цесны калектыў, тут нічога немагчыма доўга хаваць. Калі салдат пачне махлярыць, весці сябе непрыстойна, гэта адразу выйдзе вонкі, праявіцца.
На гэтым гутарка закончылася. Вадзім падпісаў і атрымаў дакументы. Камандзіры яшчэ раз падзякавалі яму за службу, пажадалі знайсці сваю дарогу ў цывільным жыцці і з поспехам крочыць па ёй. А праз дзесяць хвілін малады чалавек з заплечнікам ішоў на КПП. Па дарозе апошні раз паціснуў руку сябру.
На здымку: Вадзім Мікевіч (справа) развітваецца са сваім армейскім сябрам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>