Сонца пачало ўжо схіляцца да гарызонта, набліжаўся вечар.

4Воўк — жорсткі і бязлітасны драпежнік. У сярэднім за суткі ён з’ядае да пяці кілаграмаў мяса. Можна ўявіць, якую шкоду ўсяму жывому навакольнаму прыроднаму асяроддзю прыносіць толькі адзін гэты звер за цэлы год. Пасля правядзення работ па дэпапуляцыі дзіка ў сувязі з АЧС (афрыканскай чумой свіней) воўчыя зграі яшчэ больш накінуліся на ласёў, казуль, зайцаў і іншых лясных звяроў, ставячы над пагрозу само існаванне ў нашай мясцовасці гэтых відаў паляўнічай фаўны.
Летась зімой давялося неаднойчы блукаць па лясах нашага раёна. Уразіла, як рэдка трапляліся сляды гэтых жывёлін на снезе, якімі раней было суцэльна стаптана ўсё наваколле. Таму рэгуляванне колькасці ваўкоў у нашых лясах — наспелая неабходнасць. Раней у выяўленні ваўчыных логаваў і адстрэле драпежнікаў актыўна ўдзельнічалі работнікі лясной гаспадаркі. Аб адным выпадку сутыкнення з ваўкамі ў той час распавёў лепяльчанін Іван Крывалап.
— Летам 1969 года я працаваў участковым тэхнікам-лесаводам Свядскага лясніцтва, — успамінае Іван Іванавіч. — За некалькі кіламетраў на захад ад вёскі Аношкі ў вялікім шматгектарным лясным масіве, які тады пачынаўся адразу за заболочанай поймай возера Оч і доўжыўся аж да былой вёскі Стайчаўка, сумесна з двума леснікамі Іванам Кульгой і Сідарам Стэльмахам мецілі сухастойныя і хворыя дрэвы пад санітарную высечку. Сякерай зачосвалі кару на дрэве на ўзроўні грудзей і ў шыйцы камля, у месцы будучага пня, і ставілі спецыяльную адзнаку-кляймо, якое азначала, што яно падлягае высечцы. Наблізіліся да шырокага поля, дзе раней была вёска Стайчаўка, і ўбачылі на ім сярод зарасцяў высокай травы двух вялікіх ваўкоў. Трымаліся звяры ад нас на бяспечнай дыстанцыі, каля 100 метраў, аднак не ратаваліся ўцёкамі. Калі ж мы пачыналі рухацца ў іх бок, то адбягалі ад нас яшчэ крыху далей, потым зноў спыняліся.
— Што гэта азначала?
— Тое, што дзесьці паблізу знаходзіцца воўчае логава. Такія незвычайныя паводзіны гэтых звяроў — верная прыкмета гэтага. Проста дарослая воўчая пара хвалявалася за лёс ваўчанят, адцягвала нашу ўвагу ад месца іх знаходжання, адводзіла як мага далей убок.
Сонца пачало ўжо схіляцца да гарызонта, набліжаўся вечар. Пайшлі дадому.
Аднак я не забыўся пра ваўкоў. Па тэлефоне з Аношак паведаміў аб гэтым у раённае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, каб яны прынялі ўдзел у загонным паляванні на драпежнікаў.
— Як праходзіла гэта паляванне?
— На наступны дзень прыехалі паляўнічыя-ваўкары Генадзь Каблукоў, Пётр Казачэнка, Васіль Міхно, Іван Марачкоўскі і Пётр Падольскі. Яны дабраліся да поля каля былой вёскі Стайчаўка і там разам з некалькімі мясцовымі паляўнічымі сталі на нумары. Загоншчыкі сталі бразгацець рознымі бляшанкамі, якія ўзялі з дому, наганяць ваўкоў на паляўнічых. Разам з загоншчыкамі ішлі, узброеныя паляўнічымі ружжамі, жыхары вёскі Замошша — Макар, Мікола і Пётр Босыя.
Адзін з ваўкоў хацеў выратавацца ўцёкамі і крутануўся па лесе, выбег на Міколу Босага. Паляўнічы не прамахнуўся, забіў драпежніка.
Затым прагрымеў стрэл удалечыні, каля былой вёскі Стайчаўка. Калі загоншчыкі наблізіліся да лініі стралкоў, то ўбачылі вялікага ваўка, які ляжаў каля Пятра Каблукова.
Так закончылася наша аблава на ваўкоў. За кожнага здабытага ваўка дзяржава тады плаціла прэмію 100 рублёў. Грошы былі падзелены паміж удзельнікамі палявання.
Калі праз некалькі дзён прадоўжылі памячаць сухастойныя і хворыя дрэвы пад высечку, натрапілі на ваўчынае логава ў глухім куце сасновага бору, паміж трыма вываратнямі. Старыя ваўкі разам з маленькімі ваўчанятамі яго ўжо пакінулі, перабраліся кудысьці ў іншае месца. У самім логаве і наўкол яго валялася шмат абгладаных ваўкамі касцей ласёў, казуль, зайцаў.
Мікалай  ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>