У лепельскай гімназіі рэтра сябруе з сучаснасцю

Іх аб’яднала гітара… Здавалася б, людзі зусім розных пакаленняў — настаўніца, якой, умоўна кажучы, заўсёды шаснаццаць, і дзеці, якім па пятнаццаць-шаснаццаць гадоў па факце. Якая цікавасць магла іх зрабіць адным цэлым — адным калектывам?

v_2xwcpamhiГэтую самую цікавасць Ірына Рамашка паймела, яшчэ калі самой было амаль столькі ж па факце, і яны, студэнты, ва Узбекістане працавалі “на бавоўне”. Вельмі ж хацелася навучыцца іграць на гітары. А чаму б і не! Хто хоча, той заўсёды адолее.
А зараз яна вучыць сама. Цікава, што вучыць падлеткаў не проста іграць на гітары, а той самай рамантыцы дваццатага стагоддзя, якую сама падхапіла на баваўняных палях ва Узбекістане — рамантыцы начнога вогнішча, яшчэ нашых песень, тых самых, якія расказваюць пра жыццё сваім чароўным спалучэннем музыкі і слоў — мовай вечнага юнацтва.
Не меней цікава, што і падлеткі сённяшнія цудоўна разумеюць тую мову і ахвотна на ёй спяваюць — пад гітару. І хто прыдумаў, што моладзь адно толькі ўмее “тупо отрываться”!
Клуб называецца “Пастараль”. І назва сама за сябе гаворыць. Пастараль (фр. pastorale ) — жанр у літаратуры, жывапісе, музыцы і тэатры, які паэтызуе мірнае і простае сельскае жыццё.
У некаторых тлумачэннях абазначае ідылію. І гэтае слова, можа, лепей за іншыя характарызуе творчую суполку, што існуе ў гімназіі, і стан душы яе ўдзельнікаў.
“Пастаралі” не меней як дваццаць гадоў. І чаго толькі не здаралася за гэты час “у краіне шасціструннай гітары”. Хадзілі ў паходы, ездзілі ў тэатры, сустракаліся з “афганцамі”, кантактавалі з іншымі падобнымі клубамі, ладзілі музычныя рынгі. Вось толькі фатаграфавацца чамусьці не мелі часу, а ці ахвоты, і ў скрыжалях гісторыі гімназіі не знайшлося ніводнага іх фота.
Адрадзіліся ж чарговым разам, ці, як вобразна сказаў адзін з сённяшіх удзельнікаў “Пастаралі” Саша Ноўскі, “зрабілі камбек”, гады два таму. Зрабіць камбек — на мове гітарыстаў азначае ўзмацніцца, альбо come back аля — вярнуцца і навярстаць страчанае.
Яны зноў прыйшлі — новае пакаленне “пастаралеўцаў”, каб зайграць па-старому. Прыйшло сямёра: Антон Голер, Лёшка Саскевіч, Саша Рагавенка, Маша Кузьмінова, Ілья Крывец, Саша Неўскі з гімназіі і студэнт БНТУ Антон Міснік, які па старой памяці працягвае прыходзіць у стары-добры свой гітарны клуб. Прыйшлі з рознымі багажамі. Напрыклад, Маша — з матулінымі песнямі, якія тая піша сама, а выконваюць часта разам з дачкою. Маша яшчэ і скрыпачка, іграць на скрыпцы вучылася ў музычнай школе, а гітараю авалодала сама. Саша Неўскі — з подыхам любімага цяжкога року, а душою рэтра гітары, іграць на якой навучыўся таксама ў “музыкалцы”, пераймаючы ў свайго старэйшага музычнага брата, які іграў у ансамблі “2’nell”. Лёша — з уласнымі песнямі. Спачатку хацеў навучыцца іграць на фартэпіяна, але ўрэшце выбраў гітару. Яго любімая група — “Metalika”, з песнямі якой часам імправізуе. Балазе на камп’ютары зараз можна сінтэзаваць што заўгодна. Робіць музычныя рыфы. Рыф — гэта кавалак меладычнай фразы, якую група, напрыклад, паўтарае шматкроць на працягу ўсёй песні.
Як бачым, “Пастараль” — зусім не “пастуховая музыка”, як яе вызначылі французы, а цалкам сучасная.
Ірына Анатольеўна, як кіраўнік, цалкам талерантна ставіцца да самых розных імправізацый і самых розных стыляў. І таму тут рэтра мірна суседнічае з металічным рокам і нават добра яго дапаўняе.
Абы гучала гітара.
І яна гучыць. Прагучала, напрыклад, са сцэны для настаўнікаў жнівеньскай раённай канферэнцыі, а ў роднай школе — перад удзельнікамі абласнога семінара.
Гучыць гітара — жыве падлеткавы клуб “Пастараль”.
Уладзімір МІХНО.

На здымку: іграе Саша Ноўскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>