Аднойчы з месяц таму сяджу дома, другая палова дня, звініць хатні тэлефон

У рэдакцыю звярнулася пенсіянерка, прасіла называць сябе Аленай Пятроўнай, распавяла сваю гісторыю. Далей ад яе імя.
moshennichestvo_po_telefonu Аднойчы з месяц таму сяджу дома, другая палова дня, звініць хатні тэлефон. Малады мужчына кажа:
— Добры дзень, Вы мянялі вокны?
— Так, пяць гадоў таму на пластыкавыя, мне іх мяняла наша лепельская фірма.
— Я Віталь з віцебскага ТАА (таварыства з абмежаванай адказнасцю). Да нас часта паступаюць скаргі аб тым, што пры ўстаноўцы пластыкавых вокнаў дапускаюцца парушэнні тэхналогіі. У выніку парушаецца герметычнасць, цепла- і паветраабмен. Прапануем вам бясплатна дыягностыку вокнаў. Я, на ваша шчасце, зараз у Лепелі, гатовы прыбыць у лічаныя хвіліны.
І, сапраўды, хвілін праз 15 у кватэру зайшоў малады чалавек. Дзелавіта агледзеў вокны, спытаў, наколькі я імі задаволена. І тут пачалося! Ён распавёў, што вось гэтая гумавая палосачка для ўшчыльнення балконных дзвярэй ад часу сцёрлася, праз месяц-два рассыплецца, а праз шчыліны вецер выстудзіць кватэру. Да таго ж дзвярная ручка ненадзейная. Калі я выйду на балкон, яна можа самавольна перакрыцца і тады… Адным словам, паўтары гадзіны жахаў наганяў, пакуль я ўрэшце не здалася. І тут ён кажа:
— Вам неймаверна пашанцавала! Наш рамонтнік Сяргей якраз сёння ў Лепелі, мае ўсе неабходныя матэрыялы і запчасткі, фурнітуру. Зараз я запрашу яго сюды, і ён хутка ўсё выправіць. А пакуль што складзём дагавор.
Набраў нумар на мабільніку, і праз пяць хвілін у кватэру падняўся рабочы ў акуратнай спецвопратцы. З сабой меў сумку інструментаў, гумавую стужку. Мужчына хуценька адарваў старую, чорнага колеру, прыклеіў новую, белага, памяняў ручку, паставіў дзвярны ўпор, прыкруціў на шрубы парожак пад балконнымі дзвярыма.
Віталь гэтым часам склаў акт выкананых работ, запісаў, што змазка фурнітуры (рабочы некалькі разоў пырскнуў нечым з балончыка на завесы) і ўстаноўка парожка — падарунак. І за ўсё выставіў цану 170 рублёў, або 1,7 мільёна рублёў на старыя грошы.
— Я ўжо даўно пенсіянерка. Для мяне, з пенсіяй 200 рублёў, такая сума непад’ёмная, — так і сказала, — ды і той амаль палову на лекі аддаю…
— Тады вам, як пенсіянерцы і інваліду, магу зрабіць зніжку 20 рублёў, да аплаты — 150.
— Усё роўна зашмат. Ці магчыма растэрміноўка плацяжу?
Віталь пагадзіўся, але вельмі неахвотна. Вырашылі, што адразу заплачу палову, 75 рублёў, а астатняе праз месяц. І то, заўважыўшы, што ў кашальку застаецца трохі грошай, прапанаваў:
— Можа заплаціце яшчэ крыху? Вам жа потым застанецца менш…
— Засталося 15 рублёў, а мне ж яшчэ да наступнай пенсіі жыць, — адказваю.
На тым і разышліся.
Дні праз тры-чатыры, калі знік у галаве туман ды супакоіліся ўражанні, задалася пытаннем, а ці сапраўды тры гэтыя рэчы каштуюць 150 рублёў? Звярнулася да работнікаў адной з лепельскіх прыватных фірмаў, якія займаюцца ўстаноўкай пластыкавых вокнаў. Тыя адказалі, што атрыманы набор нават з паслугамі па ўстаноўцы каштуе не больш за 20 рублёў.
Потым спытала ў суседзяў, знаёмых. Аказалася, што да некаторых таксама завітвалі Віталь або прадстаўнікі іншых фірмаў “па абслугоўванні пластыкавых вокнаў”, прапаноўвалі свае паслугі. Некаторыя змаглі адмовіцца ад гэтых прапаноў яшчэ на стадыі тэлефонных размоў. Аднак былі і такія, што выклалі буйныя сумы за “паслугі па аглядзе і рамонце”.
Я зразумела, што са мной паступілі несумленна, падманулі. Ператэлефанавала Віталю, потым гаварыла з сакратаром дырэктара. Настойвала на адмене, каб яны забралі свае запчасткі, а мне вярнулі грошы.
Праз два-тры дні Віталь прыехаў у Лепель, зайшоў і ў маю кватэру, мабыць, хацеў, каб я заплаціла астатнія 75 рублёў. У нас адбылася напружаная размова, нават тэлефанавалі дырэктару ТАА. Вынікам стаў запіс на акце выкананых работ аб тым, што дагавор ануляваны. Маўляў, фірма не патрабуе канчатковай аплаты ў суме 75 рублёў, але і раней заплачаныя грошы вяртаць і забіраць устаноўленыя запчасткі не будзе.
Зараз я звярнулася ў таварыства абароны правоў спажыўцоў, разглядаю магчымасць звароту ў суд.
Каб быць да канца аб’ектыўнымі, карэспандэнт звярнуўся да Пятра, прадстаўніка адной з лепельскіх фірмаў, якая займаецца вырабам і ўстаноўкай пластыкавых вокнаў, па каментарый. Той нават да канца не стаў даслухоўваць мой расповед, усміхнуўся і з шуфлядкі дастаў аркуш паперы. Чытаю: “Ліст замераў. У адным акне заменена гумавая палоска для ўшчыльнення, праведзена рэгуліроўка, устаноўлены дадатковы ўпор. У балконных дзвярах у зале — рэгуліроўка і ўстаноўка дадатковага ўпору. У акне і на балконе зроблена таніроўка шкла. За ўсё налічана 382 рублі 20 капеек”.
— Нішто сабе! Ды за гэтыя грошы можна новае акно набыць, нават з устаноўкай.
— А я пра што?! У гэтым выпадку вось такія “камерсанты” ўзялі ў дзядулі-пенсіянера 200 рублёў, у яго больш на той момант не было. Добра, што праз некалькі хвілін прыехалі ўнукі. Яны адразу ўніклі ў сутнасць справы, знайшлі гэтых “прадпрымальнікаў”. Тыя не паспелі яшчэ выехаць з Лепеля, вярнулі дзедавы грошы.
— Пётр, ты ўжо шмат гадоў займаешся вокнамі, колькі рэальна каштуе такая паслуга?
— Пойдзем па пунктах. Рэгуліроўка вокнаў без выняцця пакетаў з рам робіцца бясплатна. У крайнім выпадку, налічым пяць рублёў. Гумавая палоска для ўшчыльнення, самая дарагая, нямецкай вытворчасці — шэсць рублёў. Парожак пад балконныя дзверы — рубель, ручка — два рублі, дадатковы ўпор — яшчэ рубель. За ўсе работы, налічаныя Алене Пятроўне, у крайнім выпадку можна ўзяць 20 рублёў. Пры гэтым атрымаецца 100 працэнтаў прыбытку. Адкуль гэты Віталь узяў 150 рублёў, мне не зразумела.
Скажу больш, “паслугі па рамонце пластыкавых вокнаў” з налічэннем неймаверна высокай цаны пайшлі па Лепелі дзесьці з пачатку лета. У другой палове чэрвеня да нас сталі прыходзіць людзі са скаргамі, прасілі, як і ты, тлумачэнняў адносна цаны, відаў работ. На мой погляд, вызначылася нядобрая тэндэнцыя займацца не зусім чыстым бізнэсам. Летась, калі памятаеш, хадзілі па дамах і кватэрах людзі, якія прапаноўвалі цуда-фільтры для вады, нібыта з іх дапамогай можна адфільтраваць ваду да звышчыстай кансістэнцыі. А сёлета ўзяліся за вокны. Пры гэтым мэтавай катэгорыяй такіх “прадпрымальнікаў” становяцца, як правіла, людзі пажылога веку, пенсіянеры, інваліды.
— Як жа людзям, пенсіянерам не трапіць у пастку?
— У першую чаргу трэба ведаць і разумець спосабы дзеяння такіх “камерсантаў”, іх прыёмы. Напрыклад, яны часта ўжываюць “чароўныя” словы. Першае — “бясплатна”. Памятаеш, з чаго пачалася тэлефонная размова Алены Пятроўны з Віталем? Ён прапанаваў “абсалютна бясплатна дыягностыку вокнаў”. Так жанчына “клюнула” на першае “чароўнае” слова.
Другім “чароўным” словам стала “падарунак”. Нібыта ён падарыў парожак і змазку да фурнітуры. У бізнэсе часта выкарыстоўваецца такі прыём, прычым у заканадаўстве ніякім чынам не агаворваецца, які павінен быць падарунак, якая павінна быць яго вартасць. Падарункам можа стаць ровар ці набор інструментаў, вельмі патрэбны ў гаспадарцы, а можа быць каляндарык ці шарыкавая ручка.
Трэцяе слова — “зніжка”. Мы ўжо прывыклі да гэтага маркетынгавага тэрміна, падсвядома шукаем ці пытаем зніжкі. Многія прадаўцы карыстаюцца гэтым, адразу заманьваюць аб’явамі аб зніжэннях цэн. Пры гэтым важна памятаць, што бізнэс — вельмі сур’ёзная справа, накіраваная перш за ўсё на атрыманне прыбытку. Любой цаной. Дабрачыннасць жа ў вядзенні бізнэсу стаіць на адным з апошніх месцаў. Падумайце, што нават са “зніжкай” прадавец павінен так рэалізаваць тавар, каб у любым выпадку заставацца з прыбыткам.
І апошняя “масліна”, якая канчаткова зачапіла жанчыну, — “растэрміноўка плацяжу”.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>