У Матырынскай сельскай бібліятэцы-клубе, што на Лепельшчыне, быў арганізаваны святочны асенні кірмаш

Восень падводзіць вынік карпатлівай працы на працягу ўсяго года. Каб неназойліва і да месца напомніць аб усім гэтым аматарам друкаванага слова, сваім заўзятым чытачам у Матырынскай сельскай бібліятэцы-клубе быў арганізаваны святочны асенні кірмаш.

img_2859Вабілі вока яблыкі, цыбуля, кабачкі, бульба, іншая садавіна і гародніна. Некаторыя з іх выраслі незвычайна вялікімі, як, напрыклад, асобныя галоўкі цыбулі. Гэта выклікала асаблівую цікавасць у наведвальнікаў — мясцовых жыхароў і іх дзяцей. А зусім непадалёк у беларускім нацыянальным стылі былі аформлены стэлажы з часопісаў і кніг, у якіх можна было знайсці і пачытаць парады вядомых садаводаў і агароднікаў. Тым больш, што ў Матырыне бібліятэка не так даўно стала ўжо інтэграваная, у яе быў перададзены для выкарыстання вялікі кніжны фонд мясцовай сярэдняй школы.
Вяскоўцы размясціліся ў чытальнай зале бібліятэкі-клуба. Тут разгарнулася сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам дарослых і дзяцей.
Загадчыца Матырынскай сельскай бібліятэкі-клуба Ларыса Міхневіч у займальнай форме дыялогу з прысутнымі павяла гаворку аб шчодрых пладах восені, прадстаўленых на кірмашу. Асаблівая ўвага была нададзена бульбе. Удзельнікі імпрэзы абменьваліся сваімі ведамі аб гісторыі з’яўлення бульбы ў Беларусі, доўгім шляху да яе ўкаранення ў нашай мясцовасці, калі беларускія сяляне навучыліся як след яе вырошчваць і належным чынам гатаваць, спажываць. У выніку без страў з выкарыстаннем бульбы немагчыма цяпер уявіць абедзенны стол.
На свята ўраджаю завітаў нават “госць” з Амерыкі, са штата Каларада, які з’явіўся у выглядзе каларадскага жука. Гэтую ролю паспяхова выканаў мясцовы школьнік Аляксандр Патоцкі. У выніку хлопцу быў падораны мех бульбы, каб каларадскі жук быў сыты і на наступны год не шкодзіў вырошчванню гэтай культурнай расліны на мясцовых палетках.
Любіць наш народ бульбу, а таму і цудоўныя песні пра яе складае, вершы ёй прысвячае. Таму не абышоўся асенні кірмаш без творчага конкурсу. Мілагучную песню “Бульба” праспявала старшакласніца мясцовай школы Карына Юрчанка, а чуллівы верш “Аб любові да бульбы” прачытала вучаніца гэтай жа навучальнай установы Галіна Пух.
img_2849На працягу ўсёй гэтай цікавай культурнай імпрэзы выдатна граў на гармоніку і спяваў песні, забяспечваў гучанне бадзёрай, жыццярадаснай музыкі акампаніятар бібліятэкі-клуба Міхаіл Шалак. А калі ў яго выкананні ў самым канцы гэтага свята ўраджаю загучала шчымлівая песня “Вёсачка мая”, якая ўваходзіць у рэпертуар вядомага ў нашай краіне ансамбля “Бяседа”, гледачы віталі артыстаў авацыяй. Гэта стала яскравым і бясспрэчным ўхваленнем усяго таго, што адбывалася цягам каля адной гадзіны, выказваннем шчырай удзячнасці арганізатарам і ўдзельнікам асенняга кірмашу.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: знаёмства з экспанатамі асенняга кірмашу; гледачы назіралі і заўзята пляскалі ў далоні, выказвалі сваё задавальненне ходам культурнага мерапрыемства.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>