Сакрэт мацярынскага шчасця Марыны Залатуха

Папрасіў Марыну даслаць любы свой фотаздымак, які ёй найбольш падабаецца. І яна прыслала “УКантакце” такі: пустая глядзельная зала, дзе яна адна. Прызнацца, спачатку здзівіўся, чаму такі выбар. Аднак пасля, перабраўшы ў памяці ўсё, пра што мы з ёй дагэтуль гаварылі, паспрабаваў пабудаваць лагічны ланцужок.
Так, яна і сапраўды адна ў гэтым спектаклі, які называецца жыццём. Вось толькі ці яна адасоблены глядач, а ці ўсё ж такі актыўны ўдзельнік?

319Не, гэтая простая і, будзем казаць, мужная жанчына ніколі не глядзела на жыццё збоку, ніколі не была яго староннім назіральнікам, наадварот, удзельнічала, як магла, колькі хапала моцы, спрыту, вытрымкі і характару.
Мяркуйце самі, дзяўчынка з сям’і калгасных трактарыста і агранома з Барсукоў пятнаццацігадовай з’ехала ў Полацк. Фактычна яшчэ дзіцем была, калі паступала на бухгалтара ў сельскагаспадарчы каледж. А затым — праца. Гэткая ж самая вёска, як і тая, дзе нарадзілася, толькі на Бешанковіччыне.
Маладая бухгалтарка спаткалася з калгасным механізатарам Сашкам Залатухам. Рана выйшла замуж. Адзін за адным пайшлі дзеці —Наташа, Насця, Ваня. Ваня з Насцяю, лічы, пагодкі. Марына, можна сказаць, не вылазіла з дэкрэтнага і была па-сапраўднаму шчаслівая. Не мне, вядома, пра гэта судзіць. Хто не паспытаў шчасця мацярынства, той не ведае, што гэта такое. Для Марыны яно азначала не проста шчасце, а вялікую адказнасць. Бо не доўга свяціла сонца і было бязвоблачным неба над яе мацярынскім шчасцем.
Раптам памірае муж. І што? На руках трое маленькіх дзетак. Марына мусіла кінуць любімую бухгалтарскую працу і паехаць бліжэй да родных людзей. І яна адна гадуе сына і дзвюх дачок. Маленькія дзеткі — маленькія бедкі. Уладкавалася на працу санітаркаю ў цэнтральную аптэку. А там будзь што будзе. Дзеці падраслі, іх трэба далей рухаць па жыцці, вучыць. Куды ж тут з зарплатаю санітаркі! Тым часам прадала хату на Бешанковіччыне і купіла паўдома ў Лепелі на Валадарскага. І з працаю больш-менш наладзілася: стала ў аптэцы працаваць укладчыкам-упакоўшчыкам. Ну ды ўсё роўна адна галавешка і ў печы не гарыць.
А таму пакуль дзеці адпачывалі ў піянерскіх лагерах, сама яна “загарала” ў лесе на ягадах. Трыццаць пяць дзён у лесе ўлетку — як на працы. Вось і ўвесь яе адпачынак. Астатнія — дом-праца, праца-дом…
Мы часам разважаем пра мацярынскі подзвіг, забываючыся, што подзвіг — гэта не толькі калі людзі кладуцца грудзьмі на амбразуру. А ёсць ціхі подзвіг штодзённага мацярынскага клопату. Клопату пра дзяцей, а пасля, нібы па інерцыі, і пра ўнукаў. Калі даведаўся, што ў аптэцы здымалі фільм пра Марыну Залатуха і дэманстравалі яго ў Віцебску, ніколькі не здзівіўся. Было пра што расказаць…
318Як будавала кватэру, хоць сабе і па льготным крэдыце, як мнагадзетная маці. Аднак жа ўсё роўна па крэдытах плаціць трэба. Як вывучыла адзін за адным дзяцей. Наташу — на геадэзіста. Цяпер яна ў Мінску, замужам, і ўжо маленькі Ярык радуе шчаслівую бабулю, якая цалкам заслужыла лыжку свайго бабулінага шчасця. Насця — інжынер-лабарант ва ўніверсітэце імя Машэрава ў Віцебску. Ваня даўжэй за ўсіх заставаўся дома, закончыў ліцэй, пасля каледж у Лепелі і толькі пасля гэтага паехаў па вышэйшую адукацыю ў Горкі. Будзе інжынерам-механікам сельскагаспадарчых машын. О, машыны — яго стыхія. Любіць і матацыклы, і скутары. Здаецца, увесь час поўзаў бы пад імі. Рамантаваў, ездзіў. Купілі яму машыну. Як кажа Марына, адно толькі слова машына, а ўсё ж чатыры колы і дах над галавой. І ў лес з’ездзіць добра — у ягады, грыбы.
Наташа робіць вырабы з бісеру. Насця малюе, нездарма пяць гадоў вучылася ў школе мастацтваў. Ванька любіць тэхніку. А што ж любіць іх маці? А Марына любіць, каб дзецям было добра. Напячы ім розных пышак ды печыва, наварыць варэння. Цудоўнае ў яе варэнне атрымліваецца. Калег частавала — уся аптэка пальчыкі аблізвала. Любіць чытаць, але хіба ж ёсць на гэта час?
А яшчэ адкрыю адзін маленькі сакрэт: гэтая добрая, простая, цягавітая жанчына мае даволі вытанчаны густ, аб чым сведчыць не толькі арыгінальны выбар ёй фотаздымку. Марына любіць кветкі. Ружы — чырвоныя, ружовыя, а яшчэ лепей, калі б такія існавалі, — салатавыя. Зрэшты, які ж тут сакрэт, калі дзеці ніколі не прамінуць, каб не падарыць любімай мамачцы букет прыгожых ружаў — пасярод кастрычніка, на Дзень маці. Хай жа яе жыццё, калючае, як тыя ружы, расквеціцца ружовым колерам!
Пустая зала — і яна адна… Ды нічога, як сама кажа: “Я — Овен, рагамі наперад — і пайшла на жыцці”. Па жыцці, усцеленым далёка не ружамі, а часцей шыпамі. Нічога, праб’ёмся!
Уладзімір МІХНО.
На здымках: шчаслівая маці Марына Залатуха; дзеці — галоўная ўзнагарода жанчыны.
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>