Камедыйны артыст

У гэтым годзе спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння буйнога камедыйнага артыста Карпа Саленіка, які ўпісаў яркую старонку ў гісторыю развіцця рэалістычнага тэатра першай палавіны XIX стагоддзя. Карп Трафімавіч — наш зямляк, нарадзіўся ў Лепелі ў 1811 годзе ў сям’і павятовага каморніка. Атрымаўшы першапачатковую адукацыю ў павятовым цэнтры, юнак накіроўваецца на вучобу на матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

У вольны ад заняткаў час наведвае спектаклі мясцовага тэатра, усур’ёз і надоўга захапляецца гэтым вельмі папулярным у той час відам мастацтва, вырашае прысвяціць яму ўсё сваё жыццё.
Пераязджае на Украіну, дзе яшчэ ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў узнікаюць першыя прафесійныя тэатральныя трупы. Для іх будуюцца спецыяльныя тэатральныя памяшканні ў Львове, Харкаве, Палтаве, Адэсе. У 1831 годзе лёс закідвае Карпа Саленіка ў Харкаў, дзе ён уладкоўваецца суфлёрам у тэатральную трупу І. Штэйна.
Пасля непрацяглага навучання сакрэтам акцёрскага майстэрства Карп Трафімавіч з 1832 года пачынае працаваць артыстам Харкаўскага тэатра. Хутка таленавіты лепяльчанін, які стварыў на сцэне праўдзівыя, па-мастацку яркія вобразы, быў заўважаны спецыялістамі тэатральнай справы, кіраўнікамі тэатральных калектываў Украіны і Расіі. Карп Саленік пэўны час выконваў ключавыя ролі ў спектаклях нават у тэатрах Курска, Кішынёва. Аднак яго асноўная акцёрская дзейнасць праходзіла ўсё ж на найбольш буйных тэатральных падмостках Украіны.
З вялікім поспехам у гледачоў ішлі п’есы, у якіх Карп Трафімавіч выконваў галоўныя ролі Хлестакова, Качкарова, Бобчынскага, Добчынскага, Восіпа (“Рэвізор” і “Жаніцьба” М. Гогаля), Фамусава (“Гора ад розуму” А. Грыбаедава), Выбарнага, Вознага, Чупрыны (“Наталка-Палтаўка”, “Салдат-Чарадзей” П. Катлярэўскага) і іншыя. У сваіх непаўторных сцэнічных вобразах наш зямляк у складаных тагачасных гістарычных умовах падкрэсліваў грамадска-сатырычную тэндэнцыю, прыдаваў ёй драматычны характар.
Карп Саленік стаў актыўным паслядоўнікам заснаванага М. Шчэпкіным рэалізму ў рускім сцэнічным мастацтве, асноўныя прынцыпы якога фарміраваліся пад непасрэдным уплывам А. Пушкіна, М. Гогаля, В. Бялінскага. Гэта народнасць, дэмакратызм, імкненне да праўды ў мастацтве. І зусім не выпадкова сучаснікі Карпа Саленіка — М. Шчэпкін, М. Гогаль, Т. Шаўчэнка — далі высокую адзнаку выканаўчаму майстэрству акцёра.
Памёр наш зямляк ва ўзросце 40 гадоў і пахаваны ў Харкаве. Біяграфічныя звесткі аб Карпу Саленіку, фотакопіі тэатральных афіш спектакляў з яго ўдзелам захоўваюцца і ў Лепельскім краязнаўчым музеі.
Ілья ЯНУШ,
краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>