Спыніся, імгненне…

Аляксей Драбышэўскі жыў на Гомельшчыне, вучыўся на агранома ў Горацкай сельгасакадэміі. А потым жыццё павярнула крута. Ён апынуўся ў Лепелі, на мясцовым тэлебачанні, на пасадзе аператара, інжынера па мантажы. Фактычна стаяў ля вытокаў лепельскага тэлебачання, але затым яго пакінуў. Чаму? Я не стаў дапытвацца, каб не перакрочыць тае рысы, за якой пачынаецца сфера асабістага жыцця. Увогуле, кожны мае права выбіраць, дзе і як яму лепей.

Але думаю, што адной з прычынаў з’яўляецца натура гэтага чалавека. Ну, не любіць ён пастаянства, бо ад яго патыхае застоем. Жыццё, як і тэлевізійны сюжэт, павінна ўвесь час знаходзіцца ў развіцці.
І вось Аляксей Аляксандравіч становіцца кіраўніком дзіцяча-юнацкай студыі тэлебачання “Цінэйджар” пры раённым цэнтры дзіцячай творчасці. Гэта адбылося адзінаццаць гадоў таму. Драбышэўскі прыйшоў у студыю з дзвюма ўласнымі тэлекамерамі, відэамагнітафонам, затым набылі камп’ютар. Адкуль у яго столькі прафесійнага відэаабсталявання? У вольны час Аляксей здымае вяселлі і іншыя ўрачыстасці. Аднак не пашкадаваў уласнай, зусім не таннай, апаратуры дзеля справы грамадскай.
Ён лічыў і лічыць сваім абавязкам даць штуршок, які раскрые затым творчы патэнцыял падлетка настолькі, наколькі сам падлетак здольны. Набіраў звычайных дзяцей, проста ішоў па школах, распавядаў, і ахвочых запісацца ў студыю набіралася аж занадта.
Праглядваеш гатовыя фільмы, інфармацыйныя блокі, зробленыя падлеткавай студыяй, і дзівішся, наколькі ўсё “чыста”, амаль прафесійна, удалае спалучэнне дарослага прафесіяналізму і падлеткавай шчырай непасрэднасці. Але гэта калі не ведаць “творчай кухні” лепельскіх цінэйджараў. Насамрэч, гэтай “чысціні” было не так проста дасягнуць. І толькі ім, юным тэлежурналістам, ведаць, з якога дубля атрымаўся запіс.
А потым пачалося трыумфальнае шэсце іх відэапрадукцыі па розных творчых конкурсах ды фестывалях. Назаву толькі некаторыя, удзельнікамі якіх стаў “Цінэйджар”: рэспубліканскія конкурсы “Радзіма мая дарагая” і “Пяро бусляняці”, фестываль Саюза кінематаграфістаў “Тэрыторыя творчасці”, нацыянальны тэлевізійны конкурс “Тэлевяршыня”. Пра іх пісалі ў абласным і рэспубліканскім друку, здымалі сюжэт на АНТ. Студыя яшчэ ў 2007 годзе атрымала права звацца ўзорнай. А сёлета ўвесну чарговы раз бралі ўдзел у Міжнародным фестывалі дзіцячага і маладзёжнага відэа “Крыштальны бусел”. Чацвёрты фестываль праходзіў у Мінску, на ім былі прадстаўлены васемнаццаць краін — Вялікабрытанія, Швейцарыя, Польшча, Прыбалтыйскія краіны, Расія, Украіна, Славенія, Кітай ды іншыя. Наша студыя паказала кароткаметражны фільм Ганны Галавіной, які заняў другое месца ў намінацыі “Уратуй і захавай”. Сюжэт яго просты, а сэнс глыбокі — беражы тое, што маеш.
На фестываль ездзіла адзінаццацікласніца СШ №3 (цяпер ужо студэнтка) Насця Быкава.
Аляксей Драбышэўскі, магчыма, і сапраўды не імкнуўся выхаваць са сваіх вучняў прафесіяналаў, але ж так атрымалася, што некаторым, напрыклад, Алене Мальчэўскай, даў пуцёўку ў журналістыку. Кіраўнік ганарыцца сваімі лепшымі студыйцамі — Яўгеніяй Жмакавай, Кацярынай Асаўской, Вольгай Мацкевіч, Валянцінам Шкірандам ды іншымі.
Адзінаццаць гадоў нястомнай працы і невычэрпнай фантазіі кіраўніка студыі юных журналістаў. Сыходзяць адны, і ён зноў падаецца па школах шукаць сярод старшакласнікаў новае творчае насенне, сее, затым клапатліва даглядае, росціць. А плён яго працы пажынаюць самі падлеткі, для якіх ён старанна, рупліва цярэбіць дарогу ў дарослы свет.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: удзельнікі дзіцяча-юнацкай студыі тэлебачання “Цінэйджар”: Марына Булыно і Алёна Азаронак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>