Да юбілею Максіма Багдановіча

Аддзел маркетынга цэнтральнай раённай бібліятэкі рыхтуе буклет “Звіні твой голас малады”, прысвечаны жыццю і творчасці Максіма Багдановіча, 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, якое мы будзем адзначаць у снежні. Выданне прыгожа аформлена, каляровае. Распаўсюджваць яго мяркуецца падчас розных культурных мерапрыемстваў, а таксама рэалізоўваць у якасці платных паслугаў.

Бібліяграфічны “ліцэй” 

Задача бібліяграфічнага “ліцэя” — папулярызацыя і прапаганда бібліятэчных і бібліяграфічных ведаў. Чарговыя заняткі прайшлі на тэму “Як знайсці кнігу ў бібліятэцы”. Падлеткаў пазнаёмілі з даведачна-бібліяграфічным апаратам бібліятэкі. Прайшоў практыкум “Каталогавая картка: элементы апісання”. Дарэчы, навучэнцы прафтэхліцэя ўсё часцей наведваюць бібліятэку — і на мерапрыемствы розныя прыходзяць, і проста часопісы пагартаць. Пяцьдзясят восем ліцэістаў з’яўляюцца чытачамі бібліятэкі.

Чалавек з ”белым кіем”

Штогод у кастрычніку — лістападзе праходзіць месячнік “белага кія” ў падтрымку інвалідаў па зроку. У межах месячніка праведзены міні-фестываль “Мы — таленавітыя”. У мультымедыйнай зале прадстаўнікі таварыства інвалідаў па зроку дэманстравалі свае творчыя і мастацкія вартасці. Гучалі вершы, песні. Бібліятэкары пазнаёмілі прысутных з літаратурай па тэме сустрэчы, з кнігамі, напісанымі людзьмі са слабым зрокам. Распавялі гісторыю белага кія як сімвала слепаты. Яна бярэ пачатак у 1921 годзе ў брытанскім горадзе Брыстале і звязана з іменем маладога прафесійнага фатографа Джэймса Бігса, які страціў зрок у выніку няшчаснага выпадку.

Моладзь чытае

У гэтым годзе сярод 4630 наведвальнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі 877 — маладыя чытачы (вучні школ, навучэнцы ліцэя і каледжа, працоўная моладзь). Чытаюць праграмную літаратуру, праяўляюць цікавасць да дэтэктыўнага, забаўляльнага, навукова-папулярнага жанраў. Карыстаюцца папулярнасцю ў маладога чытача часопісы “Братишка”, “Физкультура и спорт”, “Подвиг”, “Наш современник”, “Пралеска” і інш.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>