У Лепельскім раёне сёлета захворванні зарэгістраваны сярод дзікіх жывёл: два яноты — у вёсцы Матырына, адзін — у вёсцы Халімонава.

За мінулы год зарэгістравана восем выпадкаў шаленства, сярод якіх у пяці лісаў (вёскі Бор, Падсобнае, Шаркоўка, Радунь, Казіншчына), аднаго янота ў вёсцы Навасёлкі Баброўскага сельсавета, авечкі ў вёсцы Радунь, а таксама бадзяжнага ката ў вёсцы Заазёрная Баброўскага сельсавета. У 2014 годзе выпадкаў шаленства не зарэгістравана.
На працягу года ў арганізацыі аховы здароўя за антырабічнай дапамогай звярнуліся 63 чалавекі, з якіх 26 гарадскіх жыхароў і 37 — сельскіх. Ад кантакту з дзікімі жывёламі (шашок, два пацукі і вавёрка) пацярпелі чатыры чалавекі.
У горадзе крыніцай інфекцыі часцей за ўсё бывае безнаглядная жывёла. Ад такіх жывёл пацярпела шаснаццаць чалавек, за гэты ж перыяд мінулага года — адзінаццаць.
51 чалавеку быў прызначаны адпаведны курс прафілактычных прышчэпак, шпіталізаваны 21 пацярпелы.
— Наталля Віктараўна, як засцерагчыся ад шаленства?
— Шаленства — гэта смяротнае захворванне, якое можна папярэдзіць. У арганізацыях аховы здароўя маецца дастаткова эфектыўных лекавых сродкаў (вакцына і імунаглабулін), але яны гарантуюць абарону ад захворвання толькі пры своечасовым (лік ідзе на гадзіны) звароце пацярпелых да ўрача — хірурга або траўматолага.
Як правіла, здаровыя дзікія жывёлы пазбягаюць сустрэчы з чалавекам. І калі яны не рэагуюць на яго з’яўленне ў прыродных умовах, а тым больш заходзяць у населеныя пункты, можна не сумнявацца, што гэта хворыя на шаленства жывёлы. Не трэба гуляць з незнаёмымі сабакамі, кошкамі і іншымі жывёламі. Вожыкі і дробныя грызуны таксама могуць быць пераносчыкамі шаленства.
Адзіным метадам папярэджання смяротнага зыходу з’яўляюцца своечасовыя антырабічныя прышчэпкі. Самавольнае спыненне курсу вакцынацыі можа прывесці да трагічных наступстваў.
— Што рабіць чалавеку, якога пакусала або падрапала хворая жывёла?
— Неабходна правесці першасную апрацоўку раны: старанна прамыць паверхню раны на працягу пятнаццаці хвілін струменем вады з мылам, апрацаваць краі раны пяціпрацэнтнай настойкай ёду, накласці стэрыльную павязку і хутка звярнуцца ў медыцынскую ўстанову. Толькі ўрач — хірург, траўматолаг — зможа ацаніць рызыку магчымага заражэння вірусам шаленства і прызначыць пры неабходнасці прышчэпачны курс.
Пры якіх-небудзь змяненнях у паводзінах хатніх жывёл, пакусах іх іншымі жывёламі трэба тэрмінова звярнуцца да ветэрынарнага ўрача.
Вельмі важна адначасова са зваротам да ўрача наконт укуса прыняць меры ў адносінах жывёлы, што пакусала. Яе трэба ізаляваць і выклікаць ветэрынарнага ўрача для кансультацыі. За знешне здаровымі хатнімі жывёламі (сабакам або кошкай) устанаўліваецца ветэрынарнае назіранне, тэрмін якога складае дзесяць дзён з моманту ўкусу. Хворая жывёла падлягае ўсыпленню. Выратаваць яе немагчыма. Па меры развіцця захворвання паводзіны такой жывёлы немагчыма пракантраляваць.
— Вялікі дзякуй, Наталля Віктараўна, за карысныя парады.
Інтэрв’ю правяла
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>