“Мілы сінявокі Лепель… Мой родны, любімы горад, з цягам часу ты становішся ўсё больш дарагім і блізкім

303“Мілы сінявокі Лепель… Мой родны, любімы горад, з цягам часу ты становішся ўсё больш дарагім і блізкім. Ні з чым немагчыма параўнаць твае непаўторныя жывапісныя краявіды, свежасць і чысціню азёрных хваляў, густыя косы хваёвых лясоў, утульныя і добраўпарадкаваныя вуліцы.

З кожным годам ты набіраеш усё большую моц, квітнееш, а твая незвычайная прыгажосць дорыць натхненне творцам — паэтам і мастакам, пісьменнікам і музыкантам,” — захапляюся ў думках дарагім Лепелем і крочу на плошчу Свабоды. Менавіта тут па традыцыі пачынаецца адкрыццё святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню нараджэння горада.
…На ўрачыстым адкрыцці свята сабралася шмат гасцей. Цудоўнай харэаграфічнай кампазіцыяй уразілі гледачоў юныя артысткі ўзорнага ансамбля танца “Лілея”.
— Гэта свята тых, чыёй працай ствараўся наш цудоўны горад, і тых, каму яшчэ толькі патрэбна пераняць эстафету адказнасці за лёс сваёй малой Радзімы. Я перакананы, што гэта свята аб’ядноўвае ўсіх нас у імкненні зрабіць горад лепш і прыгажэй, бо Лепель — гэта наш агульны дом, — адзначыў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў.
304Яркім працягам святочнай дзеі стала рыцарскае шоу клуба “Гівойт”. На некаторы момант госці свята вярнуліся ў эпоху сярэднявечча і прыйшлі ў захапленне ад грацыёзных прыгажунь, якіх суправаджалі бясстрашныя рыцары. Гледачы з цікавасцю сачылі за рыцарскім паядынкам, як мужчыны па-майстэрску, з уласцівымі для таго часу прыёмамі адстойвалі свае гонар і сумленне.
Духавы аркестр Заслонаўскага ваеннага гарнізона пад цёплыя апладысменты прадставіў пляц-канцэрт і дэфіле. Музычныя кампазіцыі, якія выканалі артысты, нікога з гасцей не пакінулі раўнадушным. Сярод іх “Фанфара”, папуры на песні з папулярнага мультфільма “Брэменскія музыкі”, а таксама на папулярныя песні 80-х гадоў.
Раптам з усіх бакоў загучалі радасныя воклічы — па плошчы адзін за другім едуць аўтамабілі ўдзельнікаў III этапу кубка Рэспублікі Беларусь па ралі-спрынце “Лепель-2016” і Кубка 402 by па дрэг-рэйсінгу. Яркім відовішчам стаў праезд відовішчнай калоны байкераў нашага раёна.
А якое ж свята без задорных спеваў, танцаў і шчодрых пачастункаў? Па традыцыі ўздоўж вуліцы Ленінскай былі прадстаўлены падвор’і сельсаветаў. Немагчыма было прайсці міма падвор’я Домжарыцкага сельвыканкама. Увазе гледачоў яны падрыхтавалі цудоўную выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Арыгінальныя кампазіцыі з бісеру, лямцавыя тапачкі, карціны, інкруставаныя саломкай, работы юных мастакоў — у кожным творы адчувалася часцінка сэрца майстра, яго індывідуальны творчы почырк. Спецыяльна да свята гаспадары з Домжарыцаў прыгатавалі духмяныя пірагі, апетытныя булачкі. Мілагучнымі спевамі сустракалі гасцей удзельніцы хору “Беразіначка” Домжарыцкага СДК. Вялікую цікавасць выклікала выстава, прысвечаная дзейнасці Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Госці ахвотна набывалі яркія буклеты, сувеніры з выявамі жывёл і птушак Беларусі. З усіх бакоў выставу ўпрыгожвалі пышныя кветкавыя кампазіцыі, у тым ліку зробленыя сваімі рукамі.
І ў дарослых, і ў дзяцей выклікала вялікую цікавасць выстава ваеннай зброі. Хлопчыкі ахвотна апраналі ваенную форму, у якой адчувалі сябе сапраўднымі абаронцамі Айчыны.
Перад уваходам у гарадскі парк быў наладжаны святочны гандаль. На вітрынах райспажыўтаварыства прапаноўваўся шырокі выбар мясных, кулінарных вырабаў, ласункаў і г.д. Побач быў арганізаваны пленэр “Бульвар мастацтваў”. Выхаванцы мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў на плакатах адлюстроўвалі непаўторныя краявіды Лепельшчыны. Паназіраць за творчым працэсам сабралася шмат жадаючых. Непадалёк ззяла зыркімі фарбамі выстава матацыклаў. Гарадскі парк у гэты дзень ператварыўся ў чароўны куток, дзе ў адзінай гармоніі зліліся рукатворная прыгажосць, мастацтва і прыемныя сюрпрызы. Госці ў чарговы раз прыйшлі ў захапленне ад твораў юных удзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі, шыкоўных вырабаў з гліны, саломкі, саматканых паясоў, беларускіх нацыянальных строяў і іншых твораў майстроў раённага цэнтра рамёстваў. Шмат цікавых конкурсаў было арганізавана на “Гульнявым панадворку”, дзеці забаўляліся ў “Паветраным замку”. Для гасцей свята, якія жадалі праявіць свае артыстычныя здольнасці, была адкрыта літаратурна-музычная пляцоўка “Свабодны мікрафон”. І дарослыя, і дзеці з цікавасцю назіралі за паказальным выступленнем кінолага Лепельскага аддзела Дэпартамента аховы, які прадэманстраваў уменні сабакі пароды нямецкая аўчарка па мянушцы Альма.
На пляцоўцы рыцарскага клуба “Гівойт” наладжваліся пастановачныя рыцарскія баі. Удзельнікі клуба запрасілі ўсіх жадаючых пад гукі сярэдневяковай музыкі вывучыць і станцаваць разам шэраг танцаў.
Адпачыць на свежым паветры і пакаштаваць смачнай салдацкай кашы ўсіх гасцей запрашалі гаспадары “Паходнай кухні”.
Бадзёрыя акорды музыкі паклікалі гасцей у летні амфітэатр. Менавіта тут пачалася тэматычная канцэртная праграма творчых калектываў горада “Табе, мой горад, сэрцам прысягаю!” Урачысты настрой гледачам падарыў “Марш” у выкананні ўзорнага духавога аркестра Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Сваім яркім выступленнем уразілі гледачоў барабаншчыцы-мажарэткі дзіцячай школы мастацтваў. Узнёслай хваляй пранёсся гімн горада Лепеля, які выканала аўтар Інга Карпусенка разам з удзельнікамі зводнага хору.
Мілагучнай плынню са сцэны ліліся вершаваныя радкі, прысвечаныя прыгажосці сінявокай Беларусі і лепельскага краю. Песню, прысвечаную прыгажосці Беларусі, выканала юная спявачка Крысціна Дорахава.
На Лепельшчыне нарадзілася і вырасла не адно пакаленне адоранай моладзі. За высокія творчыя дасягненні ў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах і алімпіядах мастацтваў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў уручыў Падзякі Лізавеце Дыман, вучаніцы трэцяга класа Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў (накірунак дзейнасці “музычны”), Анастасіі Пшанко, вучаніцы трэцяга класа дзіцячай школы мастацтваў (накірунак дзейнасці “выяўленчы”), Яне Барынавай, якая развівае свае здольнасці ў пятым класе школы мастацтваў у накірунку “музычны”. Падзяку старшыні райвыканкама атрымалі таксама Мікіта Кульба, вучань пятага класа дзіцячай школы мастацтваў (накірунак дзейнасці “музычны”) і Аляксей Крыўко, які паглыбляе свае здольнасці ў сёмым класе дзіцячай школы мастацтваў у накірунку дзейнасці “тэатральны”. Напярэдадні Дня горада па традыцыі праводзіцца раённы агляд-конкурс “Лепшыя дом і добраўпарадкаванне”. Першае месца ў намінацыі “Лепшы дом шматдзетнай сям’і” заняла сям’я Аляксандра і Вольгі Хейлікаў, у намінацыі “Лепшы дом пенсіянера” прызнана лепшай сядзіба Кацярыны Касцюковіч, а ў намінацыі “Лепшы дом работніка” першае месца прысуджана дому Віталя і Святланы Артамонавых. Дбайныя гаспадары былі запрошаны на сцэну і з рук старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Ад усёй душы павіншаваў са святам родны горад і малады мастак Аляксей Ляшчоў, які падарыў гораду свой новы твор, прысвечаны дзецям вайны.
302Мілагучнай плынню са сцэны ліліся песні ў выкананні мясцовых артыстаў, узнялі настрой гледачам яркія харэаграфічныя кампазіцыі.
Прыемныя сюрпрызы для лепяльчан былі падрыхтаваны і вечарам. Шмат гледачоў сабраў канцэрт удзельнікаў Рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам!”. Выдатны настрой гледачам падарылі спевы маладых таленавітых выканаўцаў, прызёраў міжнародных вакальных конкурсаў Руслана Рагалевіча, Вольгі Новікавай, Дзмітрыя Шыца, Джуліі Цыавіі, групы “Naviband”. Спадабалася гледачам і выступленне ўдзельнікаў Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, цырка “Юнацтва”.
У час канцэрта на сцэну былі запрошаны прадстаўнікі працоўных дынастый нашага раёна, якія заслугоўваюць асаблівай пашаны і павагі за штодзённую самаадданую працу і прафесіяналізм.
Свае музычныя сюрпрызы падрыхтавалі жыхарам раёна заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка і Ірына Дарафеева. Парадавала і выступленне народнага артыста Рэспублікі Беларусь, кампазітара Эдуарда Ханка.
Шмат станоўчых эмоцый гледачам падарыў святочны феерверк. Да глыбокай ночы госці весяліліся на танцавальнай пляцоўцы.
З зарадам станоўчых эмоцый, атрыманых на свяце, пакідаю гарадскі парк, а ў думках ліюцца шчырыя пажаданні: “Квітней і красуйся, мой родны, любімы горад! Няхай павялічваюцца поспехі тваіх самадданых працаўнікоў, растуць перамогі юных творцаў! Мы любім цябе, наш мілы сінявокі Лепель!
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў уручыў узнагароды адоранай моладзі Лепельшчыны; свой новы твор падрыхтаваў любімаму гораду мастак Аляксей Ляшчоў; на сцэне — юныя барабаншчыцы дзіцячай школы мастацтваў.
Фота Я. Мудрага
і С. Сільвановіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>