Фэст “Жнівень” зноў не абмінуў аграсядзібу Васіля Шкіндзера ў Вялікім Поўсвіжы на Лепельшчыне

228Фэст “Жнівень” зноў не абмінуў аграсядзібу Васіля Шкіндзера ў Вялікім Поўсвіжы. І нам яго абмінуць нельга. Патанчыць, паразмаўляць з добрымі людзьмі.
Нельга не адзначыць традыцыйны, як модна зараз казаць, “лайфхак” на Васілёвай аграсядзібе. Тлумачу. “Лайфхак” — маленькая хітрасць альбо каштоўная парада, якая дапамагае вырашыць бытавыя праблемы. Праблема ж мыцця посуду для любога мужчыны надзвычай актуальная. Падказваю. Ячная каша з курыцай на лісце капусты — сродак яе вырашэння. Замест металічных лыжак — драўляныя. Іх за некалькі дакладных рухаў сцізорыка рабіў Уладзімір Крыцкі. У японцаў — хасі, у нас свая, беларуская, экзотыка і свае “палачкі” для ежы.
Быў Уладзімір адказны і за “палявую кухню”. Дарэчы, наконт ячных круп. Давялося пачуць размову аднаго з гасцей па тэлефоне. Самавіты мужчына прызнаваўся субяседніку, што сын з ахвотай з’еў некалькі місак кашы, на якую дома нават бы і не паглядзеў. То дома, а каша, прыгатаваная на вогнішчы і свежым паветры, не ідзе ў параўнанне з хатняй ежай на газавай канфорцы.
229Разьбяры Леанід Саўчанка і Іван Будзіч з бервяна выразалі Ярылу. Для тых, хто не памятае альбо не ведае, нагадаю. Аднак спадзяюся, што апошніх няшмат. Ярыла — бог урадлівасці, вясны і пачуццёвага кахання ва ўсходнеславянскай міфалогіі. Пасля прыходу хрысціянства шмат з яго рысаў атрымаў святы Юр’я.
Трапіў Леанід Саўчанка і на фота лепельскага майстра Сяргея Атрошчанкі. А зроблена яно не сучасным “Ніканам” альбо “Кэнанам”, а па старадаўняй тэхніцы, якая мае назву “амбратыпія”. Што за “амбратыпія”, распавядае сам аўтар.
— Увогуле, само слова “амбратыпія” паходзіць ад грэчаскага ambrotos — вечны, — адзначае Сяргей. — У некалькіх сказах апісаць увесь шлях стварэння фотаздымка даволі складана. “Амбратыпія” — гэта нанясенне на шкляную пласціну раствору ёдзістага калія і апрацоўка растворам нітрату срэбра. Фота на шкле трэба рабіць хутка, бо прыкладна праз пятнаццаць хвілін засыхае. У Беларусі такія здымкі робіць адзін мінчанін. Кошт такіх рэтра-фота дасягае трох соцень рублёў.
— Чаму ў якасці хобі выбраў “амбратыпію”, тым больш, што і занятак не з танных?
— Фатаграфіяй захапляюся даволі даўно. Так атрымалася, спачатку “лічбай”, потым плёначнымі фотаапаратамі, зараз вось на чарзе “амбратыпія”. Патрапіў аднойчы на мінскі майстар-клас — спадабалася. Так, хобі патрабуе выдаткаў, аднаго нітрату срэбра ў ванне на сто долараў. Аднак атрыманыя фотаздымкі маюць свой непаўторны стыль і існуюць у адзіным экзэмпляры. Да таго ж, як лёгка здагадацца па перакладзе, сапраўды вечныя.
300Нельга не сказаць пра іншых майстроў, якія прадставілі свае творы на суд гледачоў.
Пачнём з разьбяра Ігара Будрэвіча. Гэта як нацюрморты, выразаныя ўмелай рукой настаўніка працоўнага навучання СШ №1, так і праваслаўная ікона. Дэкаратыўныя ўпрыгожанні з натуральнай скуры — плады творчасці паўсвіжанкі Галіі Ляйко. Дзмітрый Будзіч адліў з гіпсу не толькі падсвечнікі ў выглядзе чарапах, але і вялікалітоўскі герб “Пагоня”. На “ты” з дрэвам і Аляксандр Кажан. Таўкачы на бульбу, дошкі для апрацоўкі мяса і іншае выставіў Аляксандр.
Два дзясяткі хвілін — і віцебскі мастак Валерый Белы зробіць партрэт. На жаль, буйныя кроплі дажджу сагналі з “пленэра” пад павець не толькі мастака, але і шматлікіх гасцей.
Ад “духоўнай ежы” вернемся да надзённага хлеба. Дакладней, да “другога” хлеба беларусаў. Пяклі бульбяныя дранікі і налівалі смачную гарбату Ілья Шкіндзер, Насця Шор, Андрэй Жарнасек. Такі напой на зёлках піў толькі некалькі разоў у жыцці. Пэўна, зразумела, дзе. Спадзяюся, гаспадары аграсядзібы не пакрыўдзяцца, калі напішу рэцэпт “алхімічнага” ўзвару. Меліса, мята, цмян, чабор, мацярдушка (душица), зверабой. Паспрабуйце, спадабаецца. Я ўжо маўчу пра дранікі.
Госці пад’елі, папілі гарбаты, паглядзелі на імправізаваную “вёску майстроў”. Час спяваць народныя песні і ладзіць нацыянальныя скокі.
Віцебскі фальклорны гурт “Паўночная Сухадроўка” (сухадроўка — прыток Лучосы) і полацкі “Варган” — традыцыйныя госці на фэсце.
Багаты Поўсвіж на таленты! Мясцовая дзяўчына Насця Жарнасек хоць і маладая, але таленавітая спявачка, чый пранікнёны голас нікога не пакінуў абыякавым. Ну і куды ж без скокаў! Зараз модных напрамкаў колькі хочаш. Аднак звярніце ўвагу. Старажытныя “сарамлівыя” і “цнатлівыя” скокі выступаюць яркім дысанансам на фоне сучаснай, нічым не прыкрытай эротыкі, якая нярэдка пераходзіць у бессаромнасць.
Сцямнела… Сціх дождж, выступілі літоўцы і латышы, зрабілі Ярылу. Да самай ночы гучалі спевы, лілася музыка і працягваліся скокі трох брацкіх народаў.
Яўген МУДРЫ.
На здымках: усміхаецца Святлана Чэрнікава; Леанід Саўчанка і Іван Будзіч выразаюць Ярылу; танчаць беларусы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>