Сёлета ў Лепелі ўтвораны шэсць прыватных прадпрыемстваў

Сёлета ў Лепелі ўтвораны шэсць прыватных прадпрыемстваў. З заснавальнікам ПУП “ВК-Белмет” Віктарам Карнавушанкам аўтар гэтых радкоў сустрэўся нядаўна. Прадпрыемства пачне работу ў сярэдзіне верасня.
— Віктар Іванавіч, на якім відзе дзейнасці плануеце спецыялізавацца?
— Дробнааптовыя пастаўкі металу, у першую чаргу метарапрофілю і металачарапіцы. У далейшым мяркуем максімальна шырока прадставіць асартымент тавараў для дахаў. Некалькі гадоў таму мы будавалі дом сыну, сутыкнуліся з неапраўдана, на наш погляд, завышанымі цэнамі на будаўнічыя матэрыялы ў Лепелі. Увогуле, заўважылі дзіўную сітуацыю: цэны на жыллё зніжаюцца, а на будаўнічыя матэрыялы — растуць. Прааналізавалі інфармацыю, зразумелі, што можна наладзіць пастаўкі матэрыялаў для дахаў па істотна ніжэйшых цэнах.
— Канкурэнцыя ў сферы продажу будматэрыялаў вельмі вострая. Якія будуць перавагі “ВК-Метал” у канкурэнтнай барацьбе?
— Мы не збіраемся канкурыраваць з рознічнымі прадаўцамі будматэрыялаў у Лепелі, наш цяперашні накірунак — аптовыя пастаўкі. Мы паспрабуем стаць іх партнёрамі, пастаўляць металарофіль ім, а таксама будаўнічым арганізацыям, прадпрыемствам. Наша галоўная перавага — прывабная цана. У свой час я даволі шмат гадоў займаўся бізнэсам у Мінску, у тым ліку звязаным з металапракатам. У нас ёсць дамоўленасці з кампаніяй “Белметал”, асноўным і першым пастаўшчыком металу ў Беларусь. Мы можам браць у яго тавар напрамую, чым істотна выіграем у цане. Да таго ж мы плануем ахапіць сваёй дзейнасцю не толькі Лепельскі раён, а і ўсе суседнія рэгіёны. За кошт большых аб’ёмаў зможам прапанаваць ніжэйшую цану.
— Дзе збіраецеся размясціць склад, гандлёвыя плошчы?
— Пры сённяшнім развіцці інфармацыйных тэхналогій у гэтым няма патрэбы. Будзем арандаваць невялікі офіс у будынку ўнівермага, гэтага досыць. Схема працы наступная. Пакупнік на маніторы камп’ютара бачыць тавар, яго характарыстыкі: памеры, таўшчыню металу, тэхналогію апрацоўкі, колер фарбы, цану і іншае. Калі прапанова яго задавальняе, заключаем дагавор — і заўтра партыя дастаўляецца на месца прызначэння. Усё хутка і аператыўна. Справа ў тым, што такім буйным кампаніям, як “Белметал”, нявыгадна трымаць вялікі штат менеджараў, каб задвальняць дробнааптовыя, а тым больш рознічныя продажы. Гэтую ролю на сябе паспрабуем узяць мы — рэгіянальныя прадстаўнікі.
— Якія перспектывы?
— Калі гандаль пойдзе добра, будзем думаць аб адкрыцці ў Лепелі сваёй невялікай вытворчасці металапрофілю і металачарапіцы. Для гэтага патрэбны будуць пэўныя сродкі. Дарэчы, тады ж можна будзе казаць і пра рознічныя продажы. Зноў жа з мінімальна магчымай нацэнкай.
— Новае прадпрыемства прадугледжвае адкрыццё новых працоўных месцаў. Колькі такіх плануеце стварыць у Лепелі?
— Па першым часе плануем працаваць толькі я і мой сын Раман. Таксама трэба будзе наняць бухгалтара. Думаю, для аптовага гандлю досыць. А вось пры адкрыцці вытворчасці спатрэбяцца рабочыя, не менш за пяць чалавек на лінію.
— Звычайна маладыя лепяльчане імкнуцца пакінуць Лепель, каб пачынаць дзейнасць у сталіцы, а вы зрабілі наадварот…
— Сам я родам з Чачэрска Гомельскай вобласці. Наш раён моцна пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы. У 1990-ых гадах я выехаў адтуль у Мінск. Там жа і займаўся бізнэсам, апошнім часам займаліся ўстаноўкай газавага абсталявання на аўтамабілі.
Гадоў дзесяць таму, бываючы на Лепельшчыне, упадабаў вашы мясціны і набыў тут участак, збудаваў дачу, дзе зараз і жыву. Аднак проста жыць і нічога не рабіць не магу — натура патрабуе дзеяння. Таму і ўзяўся рэалізоўваць новы бізнэс-праект.
Дарэчы, калі ўсё будзе добра, праз пэўны час планую вярнуцца да ранейшай справы — устаноўкі газавага абсталявання.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>