Кожны мой дакументальны аповяд аб родным краі, Лепельшчыне, грунтуецца на архіўных звестках

Кожны мой дакументальны аповяд аб родным краі, Лепельшчыне, грунтуецца на архіўных звестках. Нібыта на машыне часу вандруеш па гістарычных шляхах-дарогах. У прыватнасці, мне пашчасціла акунуцца ў летапіс XIX стагоддзя, складзеную па справаздачах Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта за 1891 год. Датычылася яны землеўладанняў на тэрыторыі тагачаснага Лепельскага павета.

На імгненне падалося, нібыта наведаў старадаўняе жытло далёкіх продкаў, дзе сабраліся мае землякі. І не проста сабраліся ды моўчкі сядзелі ў куце, а зацікаўленна распавядалі пра сябе мовай статыстычных даных…
ФРАНОПАЛЬСКАЯ ВОЛАСЦЬ

Дарэчы, Лепельскі павет быў самы значны ў губерні — уключаў 27 валасцей, якія распасціраліся ад балоцістай Бярэзінскай поймы на поўдні да шырокай Заходняй Дзвіны на поўначы. Па сутнасці, адміністрацыйная адзінка займала асноўную частку міжрэчча — гістарычнага шляху «з варагаў у грэкі».
…На тую пару буйныя ўладальнікі ўжо не разглядаліся як адзіныя гаспадары зямлі. У справаздачах з’явіліся графы: колькі дзесяцін у сялян, колькі належыць казне, а колькі — царкоўнаму кліру і «іншым асобам». Заўважым, што гэта не выключэнне, а характэрны штрых, аўтарам якога была колішняя расійская ўлада. Сяляне з цяжкасцю выходзілі з памешчыцкай залежнасці. У маёнтку Белае на зямлі графіні Жазэфіны Забела сяляне пятнаццаці вёсак мелі 384 надзелы, кожны ўчастак не перавышаў чатыры з паловай дзесяціны. І нават з гэтай колькасці незалежнымі станавіліся адзінкі. Было выкуплена “шляхам аднаразовага ўзносу ў казначэйства 16 надзелаў, або 69 дзесяцін…», — дакладваў валасны старшыня і дадаваў: «асобнага землеўладання яны не маюць».
Асобна выдзелю Франопальскую воласць. Далучыўшы частку Рэчы Паспалітай, Расія ўвяла новыя формы праўлення. У 1805 годзе цар Аляксандр I загадаў: «Мястэчка Лепель … Віленскага бернардынскага жаночага манастыра, якому належыць… з усімі сялянамі прылічыць у казённае ведамства…»
Не лішне заўважыць, што да таго часу была ў асноўным абуладкавана сістэма водных зносін. Бярэзіну злучылі з Заходняй Дзвіной, і актуальным станавілася яе абслугоўванне. Патрабаваліся рабочыя рукі. Былыя манастырскія людзі пераводзіліся ў катэгорыю дзяржаўных, а царкоўныя землі тым часам залічваліся ў казённы фонд. Так утварылася новая Франопальская воласць, якая распасцёрлася ад Бярэшчы па левым беразе Верабскага канала да вусця Эсы, увабраўшы ў сябе і Стары Лепель.
Праз Франопальшчыну праходзіла важная ваенна-гандлёвая дарога Лепель —Полацк. Пасля зацвярджэння люстрацыйных актаў сяляне атрымлівалі спецыяльныя пасведчанні, зваліся «дадзенымі» і прылічваліся да разраду ўласнікаў. Да 1891 года землеўладальнікамі воласці лічыліся жыхары 21-й вёскі. Прыватныя маёнткі лічыліся толькі за нашчадкавым дваранінам Пятром Галашчапавым (Ізабеліна) і наследным надворным дарадцам Аляксеем Багаслоўскім (Дражна).
Праўда, было яшчэ адно землеўладанне, якое можна смела аднесці да разраду незвычайных. Там пяць гаспадароў, таксама з сялян, на чале з адстаўнымі салдатамі апрацоўвалі 87 дзесяцін, якія складаліся з ворных, агародных, сядзібных і сенакосных угоддзяў. Таварыства называлася «Ферма Франопаль». Палову надзелу ў ёй — 42 дзесяціны — займалі «зараснікі і хмызнякі».
З цэнтрам у Юркавай Сцяне воласць ператваралася ў раздзяляльную паласу паміж Усходам і Захадам. Калі прааналізаваць характар зямельных адносін, то кінецца ў вочы ашаламляльная карціна: заходняя частка насіла адценне былога каралеўскага ўкладу, польскай прысутнасці. Тут было больш за ўсё індывідуальных маёнткаў — засценкаў і фальваркаў. Ды і па веравызнанні уладальнікамі амаль пагалоўна былі аднаасобныя дваране каталіцкага паходжання. А вось усходняя частка ў большай ступені складалася з праваслаўных вёсак, паселішчаў, дзе дамінавалі іншыя формы гаспадарання.

ПРОДКАЎ СПРАВЫ ВЕЛІЧНЫЯ

Фермерская разнавіднасць сельскай гаспадаркі адзначалася ва Усайской, Чарсцвяцкай, Марціноўскай валасцях. А першы вопыт развядзення жывёлы зарадзіўся, мабыць, у маёнтку Цеханавецкіх, паблізу Бачэйкава. Там, у фальварку Галандыя, практыкавалася вырошчванне жывёлы, завезенай з-за мяжы яшчэ ў XVIII стагоддзі.
Садоўніцтвам займаўся прадпрымальнік Бачэйкаўскай воласці — селянін Мароз, былы прыгонны. У фальварку Фатынь ён апрацоўваў больш за 100 дзесяцін, на якіх «уздымаў» новыя гатункі пладовых дрэў, абслугоўваючы аранжарэі і гадавальнікі. А ў Забалоцкай воласці гаспадарыў Уладзімір Войт, распараджаўся «з найвышэйшага дазвалення» не толькі фермай, а і ўсім паселішчам Вялікі Поўсвіж.
І тут варта даць такое тлумачэнне. У Вялікай біяграфічнай энцыклапедыі занатавана: «Войт Уладзімір Карлавіч, сапраўдны стацкі саветнік, пісьменнік-белетрыст…» Сапраўды, Войт — незаслужана забыты рускі празаік. Нарадзіўся 19 (31) ліпеня 1814 года ў горадзе Таржку Цвярской губерні ў шляхецкай сям’і штаб-лекара. Марскі афіцэр, ад’ютант камандзіра Свеаборгскага порта.
Першыя літаратурныя спробы звязаны з марской тэматыкай у часопісах «Сын айчыны» і «Паўночны архіў». Найбольш вядомы яго раман «Бітва з піратамі» (1838 г.) заснаваны на рамантычным сюжэце. Звольнены з марской службы, Войт заняўся грамадзянскімі справамі: кіраваў Вержбалоўскім (Прыбалтыка) і Скулянскім (Бесарабская губерня) мытнымі акругамі. А калі выйшаў у адстаўку, цар падарыў яму названы вышэй маёнтак. У ім і пражываў пісьменнік, быў ганаровым сусветным суддзёй Лепельскага павета.
А зараз зноў ад канкрэтнай асобы пяройдзем да тагачасных падзей у нашым родным краі. Казна валодала ў Франопальскай воласці чатырма ляснымі дачамі. «Дача» ахоплівала частку ляснога масіву — урочышча або бору, дзе раслі векавыя дрэвы. Па назвах можна прадставіць іх размяшчэнне: Казлоўскі Бор, Старабонь, урочышча Баравенскі Бор, Лядненская. Пад дачу запісвалася плошча страявога або дроўнага лесу. І размяшчалася яна, як правіла, непадалёк ад ракі, каб сплаўляць бярвенне.
Па сведчанні статыстыкі, за ўвесь 1896 год з Ульскай прыстані адпраўлена ўсяго толькі 40 плытоў. А валасныя пiсары амаль пагалоўна наракалі на тое, што дрэў каштоўных парод не засталося зусім, і толькі ў Каменскай воласці «вельмі рэдка сустракаецца дуб».
У вёсцы Вацлавова (цяпер — Ушацкі раён) Бельскай воласці зямлёй валодалі сяляне-латышы. У архіве знайшоў такія радкі: «Маёнтак былога калежскага асэсара Васіля Жарава набыты таварыствам 79 гаспадароў… сялян-латышоў Віцебскай, Ліфляндскай і Курляндскай губерняў, з садзеяннем сялянскага пазямельнага банка». Перасяленцы купілі салідны кавалак зямлі — 2206 дзесяцін і 1369 сажняў, пабудавалі дамы і займаліся гаспадаркай сумесна, разбіўшыся на дзесяць самастойных «брыгад». Прыгадваюцца коласаўскія радкі:
Зямля не зменіць
і не здрадзіць,
Зямля паможа
і дарадзіць,
Зямля дасць волі,
дасць і сілы,
Зямля даслужыць
да магілы,
Зямля дзяцей тваіх
не кіне,
Зямля — аснова
ўсёй айчыне.
Зямельныя ўгоддзі прадаваліся з таргоў і па ўзаемнай згодзе. Дакументы паказваюць, што практыка «за наяўныя» была распаўсюджаная. Куплялі ў асноўным мяшчане — гараджане. Сярод уладальнікаў — прадстаўнікі розных рэлігійных перакананняў: праваслаўныя, стараверы, лютэране. У дачыненні да каталікоў існавалі некаторыя абмежаванні. Чацвёртага сакавіка 1899 года цар «найвышэйшым загадам» даў права міністру ўнутраных спраў дазваляць «набыццё зямельных маёмасцей мясцовым ураджэнцам — дваранам і мяшчанам каталіцкага вызнання, што вялі сялянскі лад жыцця і асабіста займаліся земляробствам».
Асобую кагорту землеўладальнікаў складалі адстаўныя вайскоўцы. Так, ва Ушацкай воласці маёнткам Пліній валодалі ўдава і дзеці віцэ-адмірала Дзмітрыя Галавачова, фальваркам Ржавец — генерал-маёр Шавярноўскі, а маёнтак Вялікі Камень з дзесяццю фальваркамі набыў адстаўны штабс-капітан Савіцкі.

ХВАЛЯ
ПАЎСТАННЯЎ

У 1863 — 1864 гадах па заходнім краі Расійскай імперыі пракацілася хваля паўстанняў. Ўзначалілі узброены супраціў прадстаўнікі дробнай шляхты. Атрад у Лепельскім павеце сфарміраваў Атан Грабніцкі. Калі царскія войскі аднавілі становішча, Грабніцкі, піша беларускі гісторык А.Тарас, быў схоплены і асуджаны на катаргу. Пражываў жа ён у маёнтку Арэхаўна Ушацкай воласці. Я шукаў факты пацвярджэння і адшукаў запіс 1891 года: Арэхаўна набыта «па рашэнні Віцебскай злучанай палаты крымінальнага і грамадзянскага суда ад 4 мая 1872 года». Запіс — адзіны такога роду, і хутчэй за ўсё знітаваны з лёсам удзельніка супраціву. Мабыць, судовыя прыставы апісвалі маёмасць. Аднак я хацеў бы звярнуць увагу, што ўласнасць не была адабрана, а перададзена прадстаўніку таго ж роду. Хто ж атрымаў амаль 2000 дзесяцін? Дваранін Адам Усцінаў Грабніцкі. Кім жа быў Атан, гісторыкі замоўчваюць.
Буйныя землеўладальнікі мелі па некалькі надзелаў адразу. Яны былі апорай царскай улады і ўмацоўвалі імперскую вертыкаль. У Лепельскім павеце, акрамя Храптовіча, Цеханавецкіх, Пржэсецкіх, Рэутаў, Шчытаў, Забела, укаранілася разгалінаваная сетка роду Корсакаў. Прадстаўнікі гэтага прозвішча адзначаны ў Гарадчэвіцкай, Бабыніцкай, Варонецкай, Кубліцкай і Марціноўскай валасцях. Корсакі мелі ў агульнай складанасці лепельскай зямлі больш за ўсіх. Дарэчы, воласць была самай аддаленай ад Лепеля — 86 вёрст, і размяшчалася на самай поўначы, прымыкала да Дрысенскага павета. Сюды часта наведваўся «кароль статыстыкі», рэдактар “Губернскіх ведамасцяў”, пісьменнік, археолаг, гісторык і краязнаўца Аляксандр Максімавіч Семянтоўскі.
А ў Старым Двары ўладарыў патомны дваранін Аляксандр Аляксандравіч Рымскі-Корсакаў. Мы ведаем пад гэтым прозвішчам іншага чалавека — вядомага кампазітара Рымскага-Корсакава. Так, Аляксандр Аляксандравіч таксама з “той оперы”, яны — аднаго роду. І ўсё ж Аляксандр Аляксандравіч зрабіў кар’еру на іншай ніве. Ён нарадзіўся, як і пісьменнік Войт, у Цвярской губерні, а маёнтак набыў пасля шматгадовай прафесійнай дзейнасці. Верагодна, нагледзеў, калі служыў судовым следчым па Віленскай губерні. Ўласнасць у Старым Двары саслужыла яму верную службу і далей. У 1903 годзе ён стаў Віцебскім губернскім кіраўніком дваранства, быў ганаровым сусветным суддзёй Лепельскага павета, членам камісіі па ўзвядзенні сабора Святой Тройцы ў Петраградзе.
Корсакаў прытрымліваўся правых перакананняў, карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод манархістаў, быў членам Савета Рускага сходу, а затым — старшынёй Камітэта манархічных арганізацый. Лютаўскі пераварот у Расіі не падтрымаў, з’ехаў у Стары Двор і адтуль вітаў выступленне Л. Карнілава. Быў арыштаваны, адбываў зняволенне. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі шукаў паратунак у Белым руху. Нават удзельнічаў у паходзе Юдзеніча на Петраград. Актыўна абараняў сваю жыццёвую пазіцыю ў эміграцыі. Памёр ў 1922 годзе ў Берліне.
Пакручастыя павароты дае часам лёс! Адстойваючы манархічны ўплыў у краі, дзе карані роду былі літоўска-польскія, Аляксандр Аляксандравіч у апошнія гады жыцця спяліў надзею да іх вярнуцца. У дваццатых гадах Пілсудскі ўварваўся на тэрыторыю Савецкай Беларусі і спрабаваў аднавіць страчаныя пазіцыі. Не ўдалося!
Просты народ бачыў, як жыве панства. Яно паразітавала на таннай рабочай сіле. Даходы скіроўваліся на будаўніцтва палацаў, паездкі на адпачынак і забавы. Паказальны ў гэтых адносінах запіс старшыні Бабыніцкай воласці, прыкладзены да справаздачы: ён не можа ўявіць дакладныя звесткі па двух маёнтках, бо ўладальніца «Аліна Тамашэвіч знаходзіцца за мяжой». Што тут казаць пра зацікаўленасць у лёсе сваіх падданых!
Сваё «вандраванне» па архівах хачу заключыць такой высновай: спакваля нарастаў уплыў самага масавага «спажыўца» зямлі — чалавека працы, селяніна. Гэтая акалічнасць пакуль выяўлялася ў лічбавай форме: колькі дзесяцін даводзіцца «па надзел або па куплі». Рашучага павароту да рэвалюцыйнага выбуху яшчэ не было. Да выбуху масавага абурэння заставалася больш за два дзесяцігоддзі.
Васіль АЗАРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>