Апошнімі летнімі днямі, нягледзячы на тое, што ніяк не хацела здавацца жнівеньская спякота, у СШ №1 Лепеля кіпела дружная работа

29 жніўня 018Апошнімі летнімі днямі, нягледзячы на тое, што ніяк не хацела здавацца жнівеньская спякота, у СШ №1 кіпела дружная работа.

Па газонах, на школьным дворыку працавалі каса і граблі, ездзіла тачка. Такім чынам дворнік Аляксандр Жарнасек і рабочы па рамонце будынкаў і збудаванняў Уладзімір Харлёнак наводзілі парадак перад пачаткам новага навучальнага года. Летам у школе залівалі ганак, атынкоўвалі сцены і фарбавалі іх негаручай фарбаю, рамантавалі сталы і парты, мяняючы крышкі. Тут працавала вытворчая вучнёўская брыгада.
З закасанымі рукавамі засталі мы апошнімі жнівеньскімі днямі і біёлага Алену Сільвановіч, якая разам з настаўнікам працоўнага выхавання Ігарам Будрэвічам вядзе ў школе гадзіны грамадска-карыснай працы.
— Яшчэ з вясны, — расказвае Алена Алегаўна, — пачалі мы азеляняць школу. Пасеялі насенне кветак, якое, дарэчы, штогод збіраем самі. Вырасцілі добрую расаду, затым сфарміравалі клумбы. Калі заўважылі, яны ў нас сёлета арыгінальнай формы — у выглядзе косак. У школьнай цяпліцы я стварыла адмысловы хваёвы гадавальнік. Там па першым часе падрастаюць туі, ядловец, прывезены з лесу, а пасля высаджваем на пастаяннае месца.
— Хто даглядае школьную зеляніну?
29 жніўня 020— Мы з дзецьмі. Вучні з пятага па восьмы класы ўсё лета па чарзе праходзілі практыку. Дзеці з задавальненнем улетку клапаціліся пра расліны, якія самі вясною пасадзілі, палолі, палівалі, падстрыгалі. Характэрна, што працуюць яны не без ахвоты, абы практыку адбыць, а творча. Мы часта раімся — і яны падказваюць, як лепей клумбу зрабіць, што і дзе пасадзіць, як абрэзаць — працуем разам.
На гэты раз на практыку прыйшоў шасцікласнік Руслан Брыкун, разам з Аленай Алегаўнай паліваюць хатнія кветкі, расстаўляюць вазоны па падаконніках. Хлопчык працуе заўзята, з настроем.
Зрэшты, настрой ва ўсіх адзін — перадшкольны. Верасень ужо дыхае ў патыліцу, свежапафарбаваная школьная лесвіца, людна ў бібліятэцы — дзеці атрымліваюць кніжкі, прыемна пахне на вуліцы свежападкошанаю травою, а кветкі на клумбах-косках, здавалася, яшчэ ярчэй загарэліся — цыніі, сальвіі. Адзвінела сваё каса — і наступным зазвініць званок. І, здавалася, усё застыла і замерла на хвілінку ў святым чаканні вераснёвага званка. Чакае школа свята. І так з году ў год. Вечнае свята маладосці, і жыццё па званках…
Уладзімір МІХНО.
На здымках: шасцікласнік Руслан Брыкун палівае кветкі; школа — у чаканні верасня.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>