Напярэдадні Дня горада па традыцыі быў праведзены конкурс на самы прыгожы і добраўпарадкаваны дом Лепеля

IMG_0617Напярэдадні Дня горада па традыцыі быў праведзены конкурс на самы прыгожы і добраўпарадкаваны дом.

За апошнія гады ў плане добраўпарадкавання, навядзення і падтрымання парадку ў горадзе робіцца шмат. Многія гаспадары стараюцца зрабіць свой дом адметным, не падобным на астатнія. Па крайняй меры, прыкладаюць намаганні, каб у ім было зручна і камфортна жыць.
Аб’ехалі некалькі вуліц у розных кварталах, сфатаграфавалі больш за дзесяць дамоў. Бачылі канструкцыі традыцыйныя і арыгінальныя, рознакаляровыя кветнікі і класічныя — роўна падкошаныя газоны. І паўсюль былі відаць працавітыя рукі дбайных гаспадароў.
IMG_0599Сярод дамоў, дзе жывуць пенсіянеры, самая прыгожая пабудова Кацярыны Касцюковіч (вуліца Чырвонаармейская, 14). Жанчына ў свой час перажыла і вытрымала ліхалецце ваенных часоў, прайшла праз фашысцкія канцлагеры. Нарадзіла і выгадавала трох сыноў. Зараз жыве адна, але дзеці і ўнукі яе не забываюць. Яе дом стаіць на беразе возера Лепельскае. Каб грунт не ссоўваўся, з каменю выклалі чатыры тэрасы, на якіх цяпер месцяцца акуратны агародзік і парнік. Жанчына вырошчвае памідоры, агуркі, вішні і кветкі.
Старую пабудову капітальна адрамантавалі, цяпер у гэтай прыгажосці цяжка пазнаць драўляны будынак, у якім з-пад сцен гуляў вецер. Дом мае ўсе сучасныя зручнасці. Кацярына Васільеўна кажа, што цяпер толькі жыць ды жыць.
IMG_0611Дом Аляксандра і Вольгі Хейлікаў стаіць у завулку Ясеніна, 41. Не так даўно іх сям’я стала шматдзетнай, у 13-гадовай Дашы і 10-гадовай Насці з’явіўся малодшы брацік Саша.
Сям’я мае высокі прасторны дом, дзе хапае месца кожнаму, можна запрасіць у госці сяброў. У двары і перад сядзібай наведзены чысціня і парадак. Трава акуратна падкошана, дошкі і іншыя патрэбныя матэрыялы ахайна складзены на сваіх месцах. А пры ўваходзе гасцей сустракаюць анёлы на слупах брамы.
Усё зроблена дбайнымі рукамі Аляксандра. Ён распавёў, як манціраваў шкляныя ўваходныя дзверы. Набыў іх у Віцебску — так атрымалася танней, устанавіў і адрэгуляваў сам.
Дом з баварскім дызайнам на вуліцы ІІ Савецкая. Калі бачыш яго, міжволі ловіш сябе на думцы, што знаходзішся недзе на поўдні Германіі, а з дзвярэй зараз павінен выйсці бюргер, які запросіць пакаштаваць свежага піва.
Гаспадар і стваральнік гэтай прыгажосці Віталь Артамонаў працуе на прадпрыемстве “Лепельбудінвестсэрвіс”. Яго рукі з аднолькава высокім майстэрствам валодаюць усімі інструментамі: кельмай, малатком, пілой і сякерай. Віталь прыдумаў і ўвасобіў такі арыгінальны праект уласнымі рукамі.
Апісаныя дамы прызнаны сёлета самымі прыгожымі і добраўпарадкаванымі ў Лепелі. Спадзяёмся, што, паглядзеўшы на іх, іншыя лепяльчане натхняцца новымі ідэямі, праявяць стараннасць, майстэрства і на наступны год выбар на конкурсе будзе яшчэ больш разнастайны.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>