На савеце грамадскага пункта аховы правапарадку пры райвыканкаме зноў праведзена сустрэча з асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі

На савеце грамадскага пункта аховы правапарадку пры райвыканкаме зноў праведзена сустрэча з асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, нідзе не працуюць, ігнаруюць інтарэсы людзей, што жывуць побач. Напрыклад, лепяльчанін Валерый яшчэ зусім нядаўна меў сям’ю, жонку і траіх дзяцей, двое з якіх ужо дарослыя, адзін — непаўналетні. Дзясяткі гадоў адпрацаваў вадзіцелем у адной з гарадскіх арганізацый. Пэўны час таму сышоў ад сям’і да сваёй маці, цяпер жыве з ёй. Што з’явілася прычынай яго раптоўнага ўчынку, можна толькі здагадвацца.
Валерый гаворыць, што ў яго жонкі з’явіўся другі мужчына, таму давялося так паступіць. Ці так гэта было на самой справе? Можа ён сам вінаваты ў тым, што распалася сям’я, паколькі непрыкметна нават для самога сябе ён стаў выпіваць крыху “чарніла”, спачатку нібыта для лепшага “апетыту” за вячэрай, а потым усё часцей і часцей пачаў “заглядваць у чарку”. Ператварыўся ў так званага “ціхага” алкаголіка, які ўдзень працуе на аўтамашыне, а ў вячэрні час дома п’е гарэлку з такім разлікам, каб раніцай ніякія аналізы, спецыяльныя тэсты не маглі паказаць у яго стан алкагольнага ап’янення.
Аднак такі шлях вельмі небяспечны, бо рэгулярнае ўжыванне спіртных напояў можа ператварыцца ў шкодную звычку, паступова зацягнуць як гнілое балота ў сваю страшэнную багну хранічнага алкагалізму, з якога бывае потым вельмі цяжка выбрацца. У рэшце рэшт гэта прывяло і да звальнення Валерыя з працы, ён стаў беспрацоўным. Магчыма, усё ж праўда заключаецца ў тым, што іншы мужчына з’явіўся ў яго былой жонкі ўжо пасля фактычнага распаду сям’і, і перш за ўсё з-за яго, Валерыя, непрыглядных паводзін.
Гэты ход падзей падцвярджаецца і самім фактам звароту маці Валерыя ў міліцыю з просьбай, каб праваахоўнікі прыехалі да яе дадому і спынілі чарговае злоўжыванне гарэлкай сынам, папярэдзілі магчымасць узнікнення ў яго вельмі небяспечнага стану запоя. Менавіта таму быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, і Валерый быў запрошаны для гутаркі з прадстаўнікамі грамадскасці.
Члены савета грамадскага пункта аховы правапарадку, як толькі маглі, ушчувалі Валерыя, раілі яму ўзяцца за розум, нармалізаваць адносіны з сям’ёй. А для гэтага перш за ўсё яму параілі пазбавіцца ад шкоднай звычкі.
Патрэбен месяц-другі абсалютна цвярозага жыцця, толькі тады Валерый набудзе нармальны чалавечы выгляд. А папярэджанне, якое было вынесена Валерыю пасля гутаркі з ім, павінна яго заахвоціць для гэтага.
Калі пачалі абмяркоўваць паводзіны маладой лепяльчанкі Вікторыі, якой споўнілася толькі крыху больш за трыццаць гадоў, візуальна таксама можна было адразу заўважыць, што яна сябруе з гарэлкай. Як аказалася, Вікторыю знайшлі супрацоўнікі міліцыі на вуліцы Маладзёжнай горада ў такім стане алкагольнага ап’янення, што яна нават не падавала прыкмет жыцця. На шчасце, усё абышлося. Дзяўчына ачомалася, засталася жывой і здаровай. Аднак так атрымліваецца, што Вікторыя не паспее яшчэ поўнасцю працверазіцца, як зноў шукае магчымасць выпіць. Як яна сама сказала, у сувязі з гэтым яе грамадзянскі муж часта проста вымушаны набываць ёй бутэльку віна.
Вікторыі трэба тэрмінова мяняць сваё жыццё, асабістыя паводзіны. Тым больш, што нядаўна яна патрапіла пад колы аўтамашыны, была траўміравана, працяглы час лячылася, атрымала пажыццёвую трэцюю групу інваліднасці. Трэба Вікторыі пачаць весці цвярозы лад жыцця, уладкавацца на працу, аздаравіць становішча ў сваёй сям’і. А інакш нічога добрага ў будучыні яе не чакае, акрамя трагічнага фіналу. Усё гэта і спрабавалі давесці да свядомасці Валерыі члены савета грамадскага пункта аховы правапарадку, якія ў выніку вынеслі ёй папярэджанне, а ў адказ пачулі ад Валерыі запэўніванні, што яна выправіцца, наладзіць сваё жыццё. Хочацца спадзявацца, што так яно і будзе.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>