Лепельшчына багатая на лясы. А лясныя дарункі запатрабаваныя ў насельніцтва

Лепельшчына багатая на лясы. А лясныя дарункі запатрабаваныя ў насельніцтва. Многія няблага зарабляюць на іх рэалізацыі дзяржаве і прыватнікам. На свае вочы пераканаўся, колькі закупшчыкаў было сёлета! Жаўтабокія лісічкі і зараз здаюць нарыхтоўшчыкам. Гэта добра. Непакоіць іншае.

Некаторыя грамадзяне ідуць у лес і… знікаюць. Проста заблукалі і не ведаюць, як выйсці з гушчару. Як выратаваць небараку? Пра гэта і гутарым з першым намеснікам начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнікам міліцыі Алегам Глушчанкам.
— Сапраўды, праблема актуальная для нашага ляснога краю. Тым больш, што ўжо зараз шукаем трох чалавек, якія пайшлі па грыбы-ягады і зніклі без вестак. Гора для родных і блізкіх…
— Нагадаю яшчэ адзін выпадак, пра які ведаю асабіста. Надоечы адна састарэлая кабета знікла з дому. Хворая жанчына некуды падалася і нікому нічога не сказала. Добра, што не ў лес падалася. Яна наведала вёску свайго басаногага дзяцінства. Чатыры дні ніхто не ведаў аб яе месцазнаходжанні. Дзякуй Богу, знайшлася б. А калі б у лясных нетрах заблукала… Алег Мікалаевіч, як пазбегнуць непрыемнасцей пры вандроўцы ў лес?
— Перад тым, як выправіцца ў лес, варта абмеркаваць з роднымі маршрут і час вяртання. Ратавальнікі рэкамендуюць перад паходам ўзяць свісток і папоўніць баланс свайго мабільнага тэлефона, а таксама праверыць зарад батарэі. Вазьміце з сабой компас, запалкі, нож, невялікі запас вады і прадуктаў. Плашч-дажджавік таксама не зашкодзіць.
— А хворым людзям што параіце?
— Тым, хто стала карыстаецца лекамі, а гэта перш за ўсё тычыцца пажылых людзей, трэба мець пры сабе медыкаменты.
— Само сабой зразумела…
— Не лішнімі будуць і такія рэкамендацыі. Апранацца трэба ярка, у камуфляжы чалавека могуць не знайсці. Трэба старацца запамінаць па шляху як мага больш прадметаў і прыкмет. Тады будзе прасцей вяртацца назад да зыходнай пазіцыі.
— Ведаю, калі чалавек заблукаў, то пачынае панікаваць, у роспачы кідацца ў розныя бакі, гукаць — і канчаткова губляе арыенціры…
— Калі вы ўсё ж такі заблукалі, не панікуйце, спыніцеся і падумайце: адкуль прыйшлі, ці не чуваць крыкаў, шуму машын, цягніка, брэху сабак. Па меры магчымасці залезьце на высокае дрэва і агледзьцеся па баках. Пры ўпэўненасці, што будуць шукаць, заставайцеся на месцы, раскладзіце вогнішча — па дыме знайсці чалавека значна прасцей.
— Якім чынам паводзіць сябе чалавеку, які пачынае сам шукаць выйсце?
— У такім выпадку варта не віхляць, арыентавацца па сонцы. Пашанцавала выйсці да лініі электраперадач, чыгункі, газаправода, ракі, прасекі — ідзіце ўздоўж гэтых аб’ектаў, заўсёды выйдзеце да людзей. Пакідайце па дарозе «засечкі». Надломленая галінка, страла, выкладзеная з камянёў, прывязаны да куста лапік тканіны саслужаць службу і вам, і тым, хто захоча вам дапамагчы.
— Найбольш палохае грыбнікоў і ягаднікаў ноч у лесе…
— У такім разе трэба падабраць зручнае для начлегу месца. Рухацца ў цемры не рэкамендуецца, можна атрымаць траўму. Месца для начлегу трэба выбіраць высокае і сухое, пажадана побач з вялікім дрэвам. Неабходна нарыхтаваць галлё для вогнішча, зрабіць подсціл з лапніка. Атабарыцца лепш за ўсё спіной да дрэва, перад сабой пажадана распаліць вогнішча і падтрымліваць яго ўсю ноч.
— Чалавек трапіў у экстрэмальную сітуацыю, заблукаў. Што рабіць тады родным і блізкім?
— Калі чалавек не вярнуўся ў вызначаны час, блізкім неабходна хутка паведаміць аб знікненні ў міліцыю. У такой сітуацыі дарагая кожная хвіліна. Пры неабходнасці будуць выкліканы ратавальнікі, кінолагі, арганізаваны пошук з прыцягненнем тэхнікі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>