Каб ля школ быў парадак

IMG_0455Аўтар гэтых гадкоў разам са старшым інспектарам АДАІ РАУС маёрам міліцыі Валерыем Лешчанком аб’ехалі шэраг школ з мэтай агледзець, наколькі дарожнае становішча ля іх з’яўляецца бяспечным.

Першым пунктам стаў корпус старэйшых класаў сярэдняй школы №1 горада Лепеля. Забягаючы наперад, зазначу, што ўчастак вуліцы Савецкай перад гэтай школай адзін з самых праблемных. У першую чаргу звяртае на сябе ўвагу стан асфальтавага пакрыцця — увесь асфальт у ямінах, расколінах. Асобныя выбоіны маюць глыбіню да дзесяці сантыметраў і глыбей. Асфальт на прылеглым тратуары значна лепшы, але і на ім ёсць некалькі ямак, якія варта было б залатаць.
Асобна стаіць праблема высадкі дзяцей з аўтатранспарту. Зараз многія бацькі прывозяць школьнікаў на сваіх аўтамабілях. Аднак акуратна прыпыніцца, высадзіць дзяцей, каб яны спакойна прайшлі ў школу, праблематычна, бо вуліца нешырокая. Шкада, што ў дадзеным выпадку нічога зрабіць нельга — вуліца ўжо забудаваная, і месца для паркоўкі выбраць нельга.
Перад участкам, які прымыкае да школы, стаяць адпаведныя дарожныя знакі. Надпісы на асфальце, якія іх дубліруюць, за некалькі месяцаў сцерліся, іх у бліжэйшы час варта абнавіць.
Корпус малодшых класаў СШ №1 знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Лабанка і Данукалава. Брама для ўваходу маецца на апошняй, туды ж і пад’язджаюць бацькі раніцай, каб адправіць дзяцей на вучобу, і ўвечары, каб забраць іх дахаты. Там быў адзначаны здавальняючы агульны стан, у наяўнасці былі дарожныя знакі. “Ляжачага паліцэйскага” варта было б пафарбаваць, як і астатнія папераджальныя надпісы на асфальце.
Асобна агледзелі ўчастак вуліцы Савецкай перад корпусамі былой СШ№4, дзе зараз размяшчаецца раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Увечары, пасля вучобы сюды спяшаюцца дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, каб займацца ў аб’яднаннях па інтарэсах. Там дарожная сітуацыя не выклікае значнай занепакоенасці, галоўнае — каб усе ўдзельнікі дарожнага руху няўхільна выконвалі правілы.
Вельмі добры стан вуліц перад сярэдняй школай №3 і гімназіяй імя І.Ерашова. Перад навучальнымі ўстановамі знаходзяцца адпаведныя дарожныя знакі. Тратуары па лініі бардзюраў адгароджаны ад праезнай часткі металічнымі парэнчамі, што засцерагае ад нечаканага выбягання дзяцей. Насупраць навучальных устаноў размяшчаюцца аўтамабільныя паркоўкі, што дае магчымасць бацькам-аўтамабілістам спакойна заехаць, высадзіць школьнікаў, а тым — па пешаходных пераходах зайсці ў навучальныя ўстановы. Застаецца хіба толькі паднавіць папераджальныя надпісы на асфальце.
Наступным пунктам аб’езду стала Стайская сярэдняя школа. Будынак размешчаны на шырокай вуліцы, але стан асфальту на ёй зусім незадавальняючы. Тэрыторыя навучальнай установы абгароджана, прыцягвае позірк свежай фарбай. Дарожныя знакі загадзя папярэджваюць аб набліжэнні да яе. Варта было б зрабіць два паляпшэнні. У першую чаргу, абуладкаваць невялікую паркоўку перад школай. Па-другое, зрабіць пешаходны пераход непасрэдна насупраць школьнай брамы, каб дзеці маглі спакойна перайсці на процілеглы бок вуліцы і па пешаходнай дарожцы ісці дахаты.
Вуліца перад Поўсвіжскай сярэдняй школай нараканняў не выклікае: добрае асфальтавае пакрыццё, шырокая і зручная паркоўка, дзе можа прыпыніцца і высадзіць дзяцей школьны аўтобус, абгароджаная школьная тэрыторыя з асобнымі брамамі для ўваходу дзяцей і заезду транспарту. Застаецца хіба толькі паднавіць папераджальныя надпісы на асфальце ды павесіць знакі на пад’ездзе з боку вёскі Малы Поўсвіж.
Па выніках аб’езду маёр міліцыі Валерый Лешчанок выпісаў рэкамендацыі для паляпшэння ўмоў руху перад школамі і павышэння ўзроўню бяспекі для дзяцей.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: тэрыторыя Стайскай сярэдняй школы.
Фота аўтара.

2 комментариев для “Каб ля школ быў парадак

  • 18.08.2016 в 11:02 пп
    Permalink

    Правда ли, что Пышнянская СШ закрыта и переведена в Стайскую школу?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -1-1

  • 19.01.2017 в 9:25 дп
    Permalink

    Паважаны Анатоль!
    Як і ва ўсёй краіне ў нашым рэгіёне працягваецца аптымізацыя школьнай сеткі. Не перспектыўныя навучальныя ўстановы закрываюцца, а вучні дастаўляюцца , як і робіцца зараз, школьнымі спецыяльнымі аўтобусамі ў буйныя школы, дзе ёсць магчымасць весці навучанне на сучасным узроўні з выкарыстаннем найноўшых сродкаў і тэхналогій.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>