Антонаўскія “антонаўкі”

І засмажылі на радасцях гуся… Думаеце, вось і казка ўся? Ды не, гэта прыказка. Казка ўся наперадзе. А галоўныя яе героі — праграміст малочнакансервавага камбіната і сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ на камбінаце Вольга Кавалёва, яе муж Дзіма, а таксама Улад і Алена Мядзведзевы, Алена Казак і Аляксандр Каратаеўскі — усяго пяць маладых сем’яў. Уяўляеце, яны, усе гараджане, да жыцця вясковага непрыстасаваныя, добраахвотна адправіліся на тры дні і дзве начы не за

трыдзевяць земляў, не ў трыдзясятае царства, але ў далёкую і амаль пустую вёску Антонаўка, на Пышняншчыну, дзе сярод апусцелых, пакінутых хат жыццём поўнілася толькі адна “хатка на курыных лапках”. Жыла ў ёй адзінокая дачніца, хадзілі ў яе на падворку куры ды гусі, расла на градках агародніна, а ў садзе наліваліся сокам крамяныя яблычкі, балазе прыйшоў час ім паспяваць — лета пераваліла на другую палову.

Так пачалася Антонаўская казка, а па сучаснаму — мясцовае рэаліці-шоу, арганізаванае па ініцыятыве раённых аддзелаў культуры і моладзі, пры актыўнай падтрымцы рэспубліканскіх тэлебачання і прэсы. Аўтар праекта — Марына Колас.
Пяць маладых пар прыехалі ў Антонаўку, каб не проста выжыць у экстрэмальных умовах пакінутай вёскі, але і навесці ў ёй парадак. А ўмовы былі пастаўлены і сапраўды спартанскія — нічога з сабою не браць: ні ежы, ні іншых прадметаў “цывілізацыі”. Есці дазвалялася толькі тое, што заробяць у вёсцы за гэтыя дні ўласнаручна, і для суцяшэння — садавіну. Рассялілі іх па закінутых хатах: у дзвюх — па дзве сям’і і адну сям’ю асобна. І сталі яны суседзямі адзі¬нокай дачніцы ды “братамі па няшчасці”. Жылі дружна, хоць і спаборнічалі. Выдалі ім вілы і граблі. Венікаў жа і мётлаў нарабілі самі, ды такіх спрытных, што на другі дзень, у суботу, перад тым, як у лазню адправіцца, наладзілі конкурс венікаў. Ну, ды гэта ў суботу. Але хутка казка кажацца, ды не хутка справа робіцца. Спачатку была пятніца. Трэба было зарабляць грошы — “антонаўкі” і “ранеткі”, бо за грошы можна было сёе-тое набыць у “лаўцы” — невялічкай крамцы-вагончыку на ўскрайку вёскі, які адкрылі адмыслова для гарадскіх прышэльцаў. Тут былі, напрыклад, “дэфіцытныя” цукар ды соль, яйкі, хлеб, сухары, нават каўбаска. Праўда, апошнюю ніхто не купляў — “валюты” не ставала. Грошы зарабіць трэба. Як? Ды вельмі проста — рукамі. Прыбіралі ў хатах, дзе даўно ўжо заміж людзей гаспадарылі краты, касілі траву, хадзілі палоць маладыя садовыя парасткі ў гадавальнік па суседстве. Дапамагалі палоць грады і гаспадыні Антонаўкі. За гэта, мабыць, тая расшчодрылася, падарыла кожнай сям’і па гусаку.
Зноў бяда — гусака забіць трэба, апрацаваць, засмажыць. Ніхто не ведаў гэткіх “кулінарных сакрэтаў”. Ды голад не цётка. І забілі, і абскублі, і абсмалілі на вогнішчы, праўда так, што скурку ўрэшце давялося злупіць увогуле, і засмажылі. Напэўна, нічога смачнейшага ў жыцці яны ніколі не каштавалі!
* * *
Ды не падумайце, што ўсе думкі ў маладзёнаў былі толькі пра ежу. Яно і есці не было часу, як, зрэшты, і адпачываць, бо кожныя дзве гадзіны іх падпільноў¬валі ўсё новыя конкурсныя выпрабаванні. У пятніцу кашулю шылі, затым фальклорны гурт сустракалі і разам вучылі беларускія народныя танцы. А яшчэ ж трэба было скласці легенду пра хату, у якой жыць пасялі¬ліся. На золаку падняліся ў суботу. Хлопцы падаліся здабываць ежу з вудачкай на суседняе возера, а дзяўчаты — у лес у чарніцы. І там і тут не проста рыбу лавілі ды ягады збіралі, а і, зноў жа, спаборнічалі. Ежу гатавалі на вогнішчы, бо печкі ў Антонаўцы даўно ўжо для гэтай справы не прыдатныя. Ды і хто ж улетку ў печы паліць! Гатавалі і елі ўсе ў адным месцы, каб было бачна, хто што зарабіў і хто на што здатны. Калектывізм тут не прызнавалі, бо, як кажуць, дружба дружбай, а тытунь (дакладней, папяровыя “антонаўкі” і “ранеткі”) паасобку. Не ў казцы жывём! Праўда, цуды ўсё ж калі-нікалі здараліся, як у сапраўднай казцы. Скажам, калі пайшлі ўсе шукаць скарб і знайшлі… кавалак адмысловай мясной выразкі для шашлыкоў, на¬дзейна схаванай у капсуле. У іх становішчы гэта быў сапраўдны скарб. І таму ноч пасля лазні абяцала быць шчодрай на шашлыкі. У нядзелю доўга не маглі прачнуцца, соладка спалі на свежай саломе, насцеленай у хаце прама на падлогу.
А затым падводзілі вынікі. Сям’я Кавалёвых аказалася самай прыстасаванай да жыцця ў Антонаўцы. Яны і атрымалі супер-прыз — мікрахвалевую печ. Срэбныя і бронзавыя маладыя пары былі адзначаны сервізамі. Вось і казцы канец, а хто слухаў, той павінен ведаць, што сёлета ў Антонаўцы быў толькі першы этап вясковага рэаліці-шоу, налета гэта казка-быль мае быць прадоўжана.
* * *
Распавяла мне пра ўсё сама пераможца Вольга Кавалёва, якая на МКК “пярвічку” БРСМ узначальвае. На камбінаце сярод больш як ста маладых працаўнікоў членаў БРСМ не так багата, усяго пятая частка. Але ім цікава. Штогод ездзяць на возера Люсеніца на турзлёт. Праўда, не шанцуе займаць прызавыя месцы, ды не бяда, галоўнае быць неабыякавым. Затое ў інтэлектуальных гульнях “рэванш трымаюць”. Вось і нядаўна раённы “Брэйн-рынг” выйгралі. Павел Міснік, Ігар Самахвалаў, Дзмітрый Івашкевіч ды іншыя, усяго шэсць ¬удзельнікаў каманды, якая напалову складалася з БРСМаўцаў, перамаглі сярод сямнаццаці іншых каманд. У Віцебску ўдзельнічалі ў абласным конкурсе “Уладар вёскі”, дзе трэба было паказаць сапраўдную мужыцкую навуку — і каня запрэгчы, і агарод узараць. А яшчэ паказалі спрыт на раённым водна-спартыўным свяце і сталі першымі. Не забываюць ветэранаў, віншуюць са святамі, дапамагаюць ім.
Наперадзе ў БРСМаўцаў з МКК шмат можа і яшчэ цікавейшых спраў, але іх лідару Вользе Кавалёвай дагэтуль успамінаюцца тыя чароўныя папяровыя “антонаўкі” і “ранеткі” з далёкай вёскі на Пышняншчыне.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: “казка жыцця” ў Антонаўцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>